×

Натхнёныя Скарынам

05.09.2019 12:04,

Маладзёжны форум “Скарынаўскія дні ў Полацку” шосты раз сабраў сяброў з Беларусі і замежжа. Старажытны Полацк — цудоўны горад-музей, які стагоддзямі беражліва захоўвае сведчанні значных гістарычных падзей і вялікіх здзяйсненняў продкаў, спрадвеку аб’ядноўвае многія гарады, краіны, народы. Сучасны Полацк напоўнены энергіяй творчасці і маладосці.

У Полацку нарадзілася багата ініцыятыў і праектаў, якія з часам сталі рэспублікан­скімі і міжнароднымі. Менавіта ў Полацку мы ўпершыню адзначылі Дзень беларускага пісьменства. Праз некалькі гадоў тут былі арганізаваны першыя Скарынаўскія дні. З ідэяй правядзення Скарынаўскіх дзён выступілі ўпраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама і Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі; ініцыятыву падтрымалі раённы выканаўчы камітэт, Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Пасля набыцця Полацкам статусу “Горад, дружалюбны да дзяцей” да арганізатараў далучыўся Нацыя­нальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а кола ўдзельнікаў папоўнілі прадстаўнікі гарадоў нашай краіны, аб’яднаных глабальнай ініцыятывай ЮНІСЕФ.

— Мы цесна супрацоўнічаем з установамі адукацыі Полаччыны ад дашкольнага да ўніверсітэцкага ўзроўню, яны актыўна ўдзельнічаюць у творчых, сацыяльных, адукацыйных рэспубліканскіх праектах, — адзна­чыла намеснік дырэктара НЦМТДіМ Кацярына Кузьменка. — Але з усіх праектаў, што рэалізоўвае рэгіён, Скарынаўскія дні, як мне здаецца, самыя яркія. Полацку ёсць чым ганарыцца. Найперш сваёй гісторыяй. Тут на кожным кроку адчуваецца: яна жывая. Тым, што, зберагаючы традыцыі, горад імкнецца ў будучыню. Полацк — культурная і маладзёжная сталіца: каму, як не яму, насіць гэтыя ганаровыя званні. Разам з тым горад не спыняецца на дасягнутым, пастаянна развіваецца. На працягу некалькіх гадоў у рамках праекта “Скарынаўскія дні” праходзіць форум з удзелам лідараў дзіцячых і маладзёжных арганізацый, навучэнскага самакіравання, маладзёжных парламентаў. Прыкметна расце папулярнасць конкурсаў і спаборніцтваў. Я пачала з таго, што ёсць чым ганарыцца, а працягваю тым, што гораду ёсць чым падзяліцца: сяброўствам, гасціннасцю, працалюбствам, прафесіяналізмам педагогаў, творчасцю юных, крэатыўнасцю студэнцкай моладзі і мудрасцю кіраўніцтва, якія разам памнажаюць слаўныя полацкія традыцыі.

 Гэты раз Полацк прыняў больш за 500 удзель­нікаў Скарынаўскіх дзён з 60 гарадоў Беларусі, а таксама Латвіі, Польшчы і Германіі. Па традыцыі, форум праводзіўся напярэдадні Дня беларускага пісьменства; асноўныя яго падзеі разгарнуліся ў рамках святкавання Дня горада. Латвійскія дэлегацыі прыехалі са сваімі арыгінальнымі праектамі, знаёмства з якімі адбывалася на творчых пляцоўках. Пачатак мерапрыемствам быў дадзены ў сярэдняй школе № 18 імя Ефрасінні Полацкай, дзе тэатральны калектыў “Ёрык” з Рэзэкнэ прадставіў спектакль па матывах твора А.С.Пушкіна “Залаты пеўнік”. Кіраўнікі каманд і дэлегацый абмяняліся вопытам падчас круглага стала “Дыялог у фармаце 3С: супрацоўніцтва, садружнасць, сутворчасць”; вечар сустрэчы сяброў “У саюзе” на базе аддзела турызму і актыўнага адпачынку Полацкага раённага Цэнтра дзяцей і моладзі дазволіў навучэнцам пазнаёміцца, пагутарыць і выдатна адпачыць перад конкурснымі выпрабаваннямі.

— Рыхтуемся прадэманстраваць у Полацку перасоўную выставу пра гасцінную і прыгожую Лудзу, што за 40 кіламетраў ад мяжы з Расіяй, — самы старажытны горад Латвіі, — паведаміў куратар выстаў і экспазіцый Лудзанскага краязнаўчага музея Валерый Дзэвалтоўскі. — Лудза вылучаецца многанацыянальнай культурай, у багатай мазаіцы якой прысутнічаюць і беларускія матывы. Мы хочам расказаць беларусам, што часцінка іх культуры жыве ў Латвіі, і, зразумела, запрасіць да сябе ў госці.

Афіцыйнае адкрыццё Скарынаўскіх дзён — 2019 адбылося ў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. Тут жа, у вучэбных класах, пачалася Скарынаўская алімпіяда, прысвечаная Году малой радзімы. Спаборніцт­ва ўключала два тыпы конкурсных выпрабаванняў: прадметны — комплексную работу па гісторыі Бе­ларусі (эпоха Адра­джэння), гісторыі Полацка, кнігі і кнігадрукавання, біяграфіі Францыска Скарыны, а таксама творчы — мастацкае чытанне на рускай або беларускай мове вершаванага ці празаічнага літаратурнага твора (урыўка), прысвечанага Францыску Скарыну, Полацку, Белару­сі, і рытарычны экспромт (грунтаваўся на прынцыпе “рэаліі жыцця: за і супраць”; прапаноўваліся тэмы, аб’яднаныя паняццямі “маральнасць”, “духоўнасць”, “чалавек” і “свет”).


Спецыяльны прыз Скарынаўскай алімпіяды (планшэт) навучэнцы сярэдняй школы № 21 Оршы Марыне Плышэўскай уручае намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Кузьменка.

— Хочацца павіншаваць пераможцаў і ўсіх удзельнікаў з вялікім святам, якое нас аб’яднала, — падвяла вынікі спаборніцтва метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Рыма Бабашка. — Хто ён для нас, Францыск Скарына? Першадрукар, перакладчык? Той, хто ўпершыню па­спрабаваў не толькі данесці да беларусаў кнігу, друкаванае слова, але і спачатку пераклаў, каб гэтае слова дайшло, кранула, пачало жыць. Лекар, батанік, астраном? Шмат пытанняў. Сёння нашы канкурсанты па­спрабавалі знайсці некаторыя адказы — і ў іх атрымалася. Нам, нашчадкам Скарыны, сапраўды, трэба яшчэ многа разгадаць загадак, таямніц жыцця і дзейнасці нашага славутага земляка. Для гэтага неабходна не проста працаваць, а шчыраваць аддана на сваёй роднай беларускай зямлі.

Традыцыйна спецыяльны прыз Полацкага райвыканкама ўручаецца ўдзельніку Скарынаўскай алімпіяды, які набраў найбольшую колькасць балаў на адным з конкурсаў. Сёлета ўзнагарода адправілася ў Оршу. Пакуль у гімназіі № 1 ішла алімпіяда, у сярэдняй школе № 18 імя Ефрасінні Полацкай разумнікі і разумніцы сабраліся на адкрыты турнір па інтэлектуальных гульнях “Скарынаўскія гульні” сярод навучэнцаў 8—11 класаў. Прадстаўнікі 23 каманд з 10 рэгіёнаў Беларусі і двух гарадоў Латвіі пераканаўча пацвердзілі ўменне прымяняць уласны інтэлект на практыцы. Таксама традыцыйна турнір складаўся з дзвюх гульняў: аўтарскага “Скарынаўскага скрутка” і “Што? Дзе? Калі?”. Тым часам парламентарыяў-пачаткоўцаў запрасілі ў актавую залу раённага Цэнтра дзяцей і моладзі на гульнявую сесію па мадэляванні парламента “У лёсе малой радзімы — наш лёс”.

— Для мяне асабіста і для развіцця маладзёжнага парламентарызму ў Беларусі Полацк і Скарынаўскія дні маюць асаблівае значэнне: менавіта тут тры гады назад мы выбралі Рэспубліканскі каардынацыйны савет маладзёжных парламентаў першага склікання, — падзялілася ўражаннямі сакратар Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў Дар’я Хрушчова. — За гэты час мы распрацавалі і зацвердзілі свае палажэнне і эмблему, рэалізавалі многа праектаў, ініцыятыў. Сёння для нас Офісам прасоўвання ініцыя­тыў быў праведзены трэнінг, дзе кожны змог атрымаць карысны вопыт, знайсці новых сяброў, абмяняцца думкамі, каб прывезці ў свой горад штосьці новае, што потым можа быць рэалізавана на практыцы.

Яркай старонкай Скарынаўскіх дзён — 2019 стаў прымеркаваны да Года малой ра­дзімы творчы конкурс “Дарогамі Францыска Скарыны” ў рамках ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Свае работы на разгляд журы прадаставілі 63 удзельнікі ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў з 45 устаноў адукацыі Віцебскай, Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. Не менш запамінальнымі, прадстаўнічымі і шчодрымі на ўражанні атры­маліся краязнаўчы квест “КОД “7 ключоў” (за перамогу змагалася 21 каманда), конкурсы відэаролікаў “Спадчына праз стагоддзі” і калажаў “Мая любімая Беларусь”. Усіх даўніх і новых сяброў гаспадары свята паклікалі на экскурсійна-адукацыйную праграму “Сяброўства без меж” і ў творчыя гістарычныя майстэрні пад адкрытым небам “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” у рамках раённага гісторыка-адукацыйнага праекта “Стужка часу”. Ён, безумоўна, заслугоўвае асобнай публікацыі. Забягаючы наперад, адзна­чу, што “Стужка…” на Скарынаўскіх днях прывабіла найвялікшую колькасць удзельнікаў і наведвальнікаў: толькі юных палачан было каля 7 тысяч, а поруч са сваімі навучэнцамі шчыравалі педагогі, масава цікавіліся гістарычным інтэрактывам і дарослыя жыхары, і шматлікія госці горада. З улікам трохгадовага папярэдняга вопыту ёсць падстава сцвярджаць: падобна на тое, што прэзентацыя новай мясцовай ініцыятывы падчас Скарынаўскіх дзён становіцца традыцыйнай.

— Галоўная мэта такіх праектаў — не столькі выстава ці відовішчны кульмінацыйны паказ, колькі сам факт работы над тэмай, — падкрэсліла начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Таму што перад тым, як стварыць рэканструкцыю, трэба неаднойчы наведаць музеі, прааналізаваць мноства першакрыніц, фотаматэрыялаў і друкаваных выданняў — практычна правесці даследчую работу. Фарміраванне цікавасці да яе, развіццё даследчыцкіх кампетэнцый навучэнцаў — найважнейшыя задачы. Канечне, неад’емны складнік — выхаванне грама­дзянскасці і патрыятызму, любові да роднай зямлі. Адпаведна, другі момант, і на ім нельга не спыніць увагу, — гістарычныя майстэрні, у якіх прымалі ўдзел практычна ўсе нашы дзеці школьнага ўзросту. З вялікай цікавасцю навучэнцы штораз прысвячаюць першыя пасля летніх канікул заняткі роднаму гораду. Немагчыма жыць на Полаччыне і не выкарыстоўваць яе велізарны краязнаўчы, культурны і гістарычны матэрыял. І немагчыма ў Полацку праводзіць першыя заняткі выключна ў сценах устаноў адукацыі. Калі нашы плошчы і вуліцы ператвараюцца ў вучэбныя класы, гэтае наймацнейшае адзінства з гісторыяй і сучаснасцю не выказаць словамі, у дадзеным выпадку мы вітаем адкрыты фармат. А Скарынаўскія дні, спадзяюся, на пэўным этапе стануць усебеларускім святам.

Фактычна гістарычныя майстэрні пад адкрытым небам далі ў Полацку старт новаму навучальнаму году (нездарма ж іх скразная тэма супала з тэмай першага ўрока ў беларускіх школах)  і Тыдню дадатковай адукацыі.

— Скарынаўскія дні — значная падзея для жыхароў не толькі Полаччыны, але і Віцеб­шчыны, усёй Беларусі, — выказала меркаванне начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Дарожка. — Прыемна, што прырастае знакамітае “Палатно сяброўства”, што сярод удзельнікаў форуму — навучэнцы не толькі з Беларусі, але і з блізкага, нават далёкага замежжа. Гістарычны, духоўны, асветніцкі патэнцыял Полацка ўнікальны. Палачане даюць усёй краіне прыклад, як эфектыўна задзейнічаць яго ў адукацыі і выхаванні. Творчая амасфера свята натхняе на новыя здзяйсненні і перамогі — упэўнена, яны не прымусяць сябе чакаць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.