×

Нестандартны падыход

23.01.2020 12:26,

Урачыстую сустрэчу пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі арганізавалі ў сярэдняй школе № 22 Віцебска.

Яркі танцавальна-спартыўны флэшмоб, расцяжкі з прывітальнымі плакатамі, усмешкі, рознакаляровыя паветраныя шарыкі ў руках сустракаючых і чырвоныя шары з уласнаручна напісанымі пажаданнямі, дружныя апладысменты ад усіх навучэнцаў, добрыя словы і падзячныя лісты ад дырэктара і салодкія падарункі ад кандытарскай фабрыкі “Віцьба” — для Арцёма Касачова, яго маці Таццяны і настаўніка Максіма Мухіна-Градніцкага дзень пачаўся з цэлага калейдаскопа прыемных сюрпрызаў! Ідэя мерапрыемства належыць дырэктару школы Алене Новік. 

— Работа з высокаматываванымі навучэнцамі, развіццё здольнасцей і талентаў дзяцей — адзін з прыярытэтных вектараў дзейнасці нашых педагогаў, — пракаменціравала Алена Віктараўна. — Пэўныя вынікі відавочныя: гэта і павелічэнне колькасці дыпломаў раённага, гарадскога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, і, несумненна, знакавая для школы падзея — поспех на абласным этапе і выхад на рэспубліканскі. У сувязі з гэтым хочацца адзначыць маладога педагога Максіма Мухіна-Градніцкага. Ён у нас трэці год, прычым прыйшоў сюды яшчэ студэнтам выпускнога курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Сёлета на рахунку вучняў Максіма Андрэевіча дзве перамогі на гарадскім этапе алімпіяды па грамадазнаўстве і адна — па гісторыі, якая потым вырасла ў “абласную” перамогу. Безумоўна, у аснове кожнага такога дасягнення — супрацоўніцтва навучэнца, яго сям’і і настаўніка. Мы ўдзячны ўсім удзельнікам гэтага ўдалага трыа. І, канечне, нельга пераацаніць ролю падтрымкі калектыву для настаўнікаў і асабліва навучэнцаў: яны павінны ведаць, што перамогі важныя не толькі для іх асабіста, але і для ўсёй школы. І што пераможцаў у нас сустракаюць вось так — усмешкамі і авацыямі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.