×

Новае пакаленне дэманструе

23.04.2019 11:53,

Лепшых дыджэяў і МС вызначылі на Абласным фестывалі танцавальна-забаўляльных праграм “Пакаленне-2019” у Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.

“Пакаленне” — фестываль унікальны і вельмі папулярны сярод мола­дзі. Згодна з правіламі, удзел у ім бя­руць творчыя групы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, арганізатары і вядучыя танцавальна-забаўляльных праграм. У скла­дзе каманд дапускаецца да васьмі навучэнцаў ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў. Агульная праграма складаецца з конкурсных выступленняў, майстар-класаў для вядучых дыска-праграм і забаўляльнай праграмы. На разгляд журы прадстаўляецца па адной праграме працягласцю да 15 хвілін ад кожнага рэгіёна, апрабаванай ва ўмовах устаноў адукацыі і прысвечанай Году малой радзімы, Сусветнаму дню мола­дзі, алімпійскаму руху і спорту, Сусветнаму дню здароўя. Арганізатарамі фестывалю традыцыйна выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.

— Нашы галоўныя мэты — выяўленне і распаўсюджванне лепшага вопыту і ўкараненне ў практыку правядзення танцавальна-забаўляльных праграм сучасных тэхнічных сродкаў і інфармацыйных рэсурсаў, развіццё творчых і арганізатарскіх здольнасцей навучэнцаў, фарміраванне агульнай культуры вольнага часу падлеткаў і стварэнне ўмоў для іх сацыяльнай адаптацыі, — патлумачыла загадчык сектара культурна-масавай работы абласнога палаца дзяцей і моладзі Вольга Бельчанкова. — Гульні і конкурсы павінны адпавядаць тэматыцы праграмы, адрознівацца арыгінальнасцю ідэі і навізной. Выканаўцы павінны ўмець выкарыстоўваць сцэнічную прастору і рэквізіт, мастацкае, музычнае, тэхнічнае афармленне. Абавязковая ўмова для рэквізіту і касцюмаў — адпаведнасць задуме праграмы і эстэтычным патрабаванням. У астатнім — поўная прастора для творчасці. Пры ацэнцы ўлічваюцца кампазіцыйная будова праграмы, паўната раскрыцця тэмы, разнастайнасць інфармацыйнага і музычнага матэрыялу, эстэтыка яго падачы і наяў­насць гульнявых момантаў, выступленні танцавальных калектываў, індывідуальных выканаўцаў, музыкантаў, адпаведнасць зместу праграмы ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў, стыль вядзення праграмы, касцюміраванне і наяўнасць рэквізіту. Удзельнікі, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджваюцца дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.

Сёлета ўдзел у спаборніцтве прынялі 17 каманд, якія вытрымалі складаныя адборачныя туры. Кожны калектыў, у склад якога ўваходзілі дыджэі (DJ і вядучыя, MC), прадставіў увазе гледачоў і журы сваю арыгінальную праграму. Журы адзначыла шырокі спектр яркіх, самабытных ідэй і сучасных форм арганізацыі актыўнага вольнага часу навучэнцаў. У намінацыі “Лепшая танцавальна-забаўляльная праграма” перамаглі каманды Loud Crowd (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі) — 1-е месца, “МЫ” (гімназія імя І.М.Ерашова Лепеля) і “Палачанка” (Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) — яны падзялілі 2-е месца, TWIX (сярэдняя школа № 14 Наваполацка) — 3-е месца. Лепшым вядучым (МС) танцавальна-забаўляльных праграм прызнаны Іван Шабанаў, лепшым дыджэем (DJ танцавальна-забаўляльных праграм) — Валерыя Малахоўская (абое — прадстаўнікі каманды Loud Crowd).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.