×

Па жыцці з піянерскім запалам!

11.02.2020 13:17,

Полацкі раённы Савет ГА “БРПА” — адзін з лепшых сярод тэрытарыяльных саветаў у краіне. У гэтым — вялікая заслуга яго старшыні Веры Мікалаеўны Лісовіч, метадыста вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі аддзела маладзёжнага лідарства і прасоўвання ініцыятыў Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Ужо больш за 30 гадоў яна нястомна і плённа працуе з дзіцячым і маладзёжным актывам.

Дзяцінства Веры прайшло ў вёсцы Забор’е Расонскага раёна. Яе маці працавала загадчыкам сельскай бібліятэкі. Увесь вольны час дзяўчынка праводзіла за чытаннем кніг. Любоў да кніг яна захавала на ўсё жыццё. Вера Лісовіч скончыла Заборскую сярэднюю школу. У 6 класе актыўную, дапытлівую, з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі навучэнку выбралі старшынёй піянерскай дружыны школы. Успамінаючы той час, Вера Мікалаеўна адзначае: “Гэта было яркае піянерскае дзяцінства, калі ў школьнікаў выхоўвалася адказнасць і ўзаема­дапамога, калі сумесная праца на карысць і росквіт Радзімы давала вынікі, пра якія не сорамна ўспомніць і сёння”. Невыпадкова далейшае сваё жыццё яна вырашыла звязаць з любімай справай: паступіла на факультэт тэорыі і методыкі выхаваўчай работы педагагічнага інстытута імя М.Горкага.

— Мы вывучалі на прафесійнай аснове тэорыю і методыку піянерскага і камсамольскага руху, гісторыю міжнароднага маладзёжнага і дзіцячага руху, — успамінае студэнцкія гады Вера Лісовіч. — Атрыманыя веды вельмі спатрэбіліся ў прафесійнай дзейнасці.

У 1986 годзе яна прыйшла метадыстам у раённы Дом піянераў у гарадскім пасёлку Ветрына Полацкага раёна і ўжо 33 гады застаецца вернай сваёй прафесіі. Нязменнай засталася пасада, якую займае Вера Мікалаеўна — чалавек, надзелены выдатнымі якасцямі: эрудыцыяй, адкрытасцю, патрабавальнасцю ў адносінах да сябе і даручанай справы. Як метадыст піянерскай работы, дзiцячых рухаў яна рэалізуе арганізацыйную і інфармацыйна-метадычную падтрымку дзейнасці намеснікаў дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце, педагогаў-арганізатараў, класных кіраўнікоў. У якасці старшыні раённага Савета ГА “БРПА” праграмуе дзейнасць раённай піянерскай арганізацыі з улікам прыярытэтных напрамкаў выхавання і рэгіянальных асаблівасцей. Апрабавала і ўкараніла ў практыку работы піянерскіх дружын Полаччыны метад сацыяльнага праектавання; распрацавала сістэму рознага ўзроўню навучання старшых піянерскіх важатых і педагогаў-арганізатараў. Пад кіраўніцтвам Веры Мікалаеўны Полацкі раённы Савет ГА “БРПА” на працягу двух гадоў уваходзіць у тройку лепшых сярод тэрытарыяльных саветаў Віцебскай абласной піянерскай арганізацыі. У рабоце з дзіцячым актывам Вера Лісовіч актыўна выкарыстоўвае комплекс інавацыйных, інтэрактыўных і традыцыйных форм вучэбнай дзейнасці, займаецца эксперыментальнай работай па арганізацыі дзейнасці раённага піянерскага штаба на базе піянерскіх дружын.

Высокія працоўныя дасягненні Веры Мікалаеўны пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя за час работы, у тым ліку Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме дадатковай адукацыі, падзяка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення і развіццё піянерскага руху, Ганаровая грамата Полацкага раённага выканаўчага камітэта, грамата ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама за перамогу ў абласным конкурсе адукацыйных праграм (праграма “Клуба піянерскіх навук”); грамата Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі за творчасць і пошук у рэалізацыі Канцэпцыі развіцця дзіцячага руху ў Рэспубліцы Беларусь; Ганаровая грамата Рэспубліканскага Савета ГА “БРПА” за высокае прафесійнае майстэрства, актыўную сацыяльную пазіцыю і вялікі ўклад у развіццё піянерскага руху краіны. Яе вопыт і прафесіяналізм высока цэняц­ь калегі. Вера Мікалаеўна знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку новых метадычных ідэй, апрабацыі інавацыйных і эксперыментальных методык, шмат часу надае павышэнню кваліфікацыі. Лічыць, што сучасны педагог павінен быць крэатыўным, талерантным, рашучым, настойлівым, арганізаваным, інтэлектуальна і інфармацыйна падкаваным і цікавым для навучэнцаў — менавіта такой яна і імкнецца быць.

Марыя ПЯТРОЎСКАЯ,
загадчык аддзела маладзёжнага лідарства Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Фота аўтара.