×

Падарожжа вакол свету

07.09.2019 15:11,

Сучаснаму дзіцяці патрэбна шмат рухомай дзейнасці. Гэтую неабходнасць са сваімі выхаванцамі ясляў-сада № 21 Полацка вырашаю ў розных напрамках. Адзін з іх — дадатковая адукацыйная паслуга “Дзіцячы фітнес”. Выхаванцам падабаюцца гульнявыя практыкаванні з рознымі атрыбутамі: стэпы, султанчыкі, фітболы і г.д. У якасці вынікаў маёй працы праходзяць мерапрыемствы для дзяцей садка, іх сем’яў, а таксама маіх калег. На метадычным аб’яднанні кіраўнікоў фізічнага выхавання быў арганізаваны адкрыты паказ заняткаў па дзіцячым фітнесе.

Заняткі прайшлі як займальнае падарожжа вакол свету ў пошуках незвычайнага скарбу — крышталю здароўя. За кожнае выпрабаванне, якое сустрэнецца на іх шляху, дзеці атрымлівалі кавалачак крышталю. Падарожнічалі на розных відах транспарту. Пачалося падарожжа з размінкі, дзе дзеці выконвалі розныя віды хадзь­бы і бегу. Каб раза­грэць мышцы разам з дзецьмі, выканалі комплекс агульна­развіццёвых практыкаванняў з султанчыкамі. Першым транспартам, на якім дзеці адправіліся ў падарожжа, стаў паветраны шар, дзе ўсе прысутныя змаглі ўбачыць спартыўны танец “На вялікім паветраным шары” з мячом-фітболам. Потым выхаванцы пераселі на цягнік. У ходзе танца “Паровоз Букашка” дзеці прадэманстравалі свае ўменні валодання стэп-платформай. На цягніку выхаванцы прыехалі на палянку, дзе змаглі пагуляць у рухавую гульню: “Хто хутчэй зойме месца”. У ходзе гульні дзеці былі спрытныя, хуткія, смелыя. Затым на іх шляху разлілася рака, якую трэба было пераадолець на “лодках-байдарках”. Выхаванцы ўзялі гімнастычныя дыванкі і выканалі элементы ёгі, для таго каб адпачыць і расслабіць арганізм. Яны ў гульнявой форме паказалі, каго можна сустрэць вакол ракі: ператвараліся і ў прыгожыя дрэвы; і ў слана, які важна прагульваецца паміж дрэў, ківае хобатам; і ў лёгкага матылька ў небе; і ў цара звяроў ільва, які выйшаў на паляванне; і ў змяю, якая грэецца на каменні на сонцы. Пераадолеўшы раку мы разам з выхаванцамі вярнуліся ў дзіцячы сад.

Я  звярнула ўвагу дзяцей на тое, што крышталь здароўя ўвесь сабраны.

У канцы заняткаў дзеці паклалі маленькі каменьчык-крышталік у скрыначку з вясёлым тварам, гэта азначала, што заняткі ім спадабаліся. Дзеці атрымалі падарункі — незвычайныя фітнес-бранзалеты. Таксама мы разам з дзецьмі падарылі ўсім прысутным крышталь здароўя і пажадалі, каб яны заўсёды былі здаровыя.

Такім чынам, выхаванцы і госці даведаліся, што захапленне фітнесам — гэта цікава і карысна.

Спорт і фізкультура —

Выдатная фігура.

Гімнастыка, загартоўка —

З фітнесам надоўга!

 

Ірына ПОЛАЗАВА,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 21 Полацка.