×

Пагуляем на ўроку ці павучымся ў вольны час?

02.11.2019 15:06,

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі як сродак развіцця пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў на занятках па навучанні пісьменнасці

“Мама мыла раму”. Памятаеце, як у дзяцінст­ве мы старанна вадзілі пальчыкам па старонцы буквара? Часцей вучоба была ў радасць, але камусьці даводзілася і аблівацца слязамі, беспаспяхова змагаючыся з непаслухмянымі літарамі. Час бяжыць, мяняецца многае, аднак уменне чытаць нязменна застаецца неабходным навыкам для любога чалавека. Па-ранейшаму дзеці засвойваюць алфавіт, у тым ліку, на жаль, і па-старому — з прымусу ды са скандалам. Але ў наш час існуе вялікая колькасць спосабаў наву­чыць дзяцей чытаць ахвотна, у гульнявой форме. Такія вучэбныя пра­грамы можна сустрэць паўсюль: у дзіцячых часопісах, тэлеперадачах і, зразумела, у камп’ютарных гульнях. Не сакрэт, што ў наш час многім хлопчыкам і дзяўчынкам яны больш падабаюцца, чым работа з кнігай. Улічваючы гэта, я паспрабавала стварыць каталог камп’ютарных гульнявых практыкаванняў па навучанні пісьменнасці з мэтай сумясціць прыемнае з карысным і пераключыць дзяцей з папулярных “стралялак”, дзе пану­юць віртуальныя забойствы і знішчэнні, на рэалізацыю здольнасцей і магчымасцей навучэнцаў. Трэба адзначыць, што ў інтэрнэце, на мой погляд, яшчэ вельмі мала развіццёвага матэрыялу, а па фарміраванні практычных навыкаў першакласнікаў (умення чытаць, пісаць) — і таго менш. Апошнім часам усё больш і больш бацькоў і педагогаў аддаюць перавагу серыі вучэбных гульняў “Баба Яга” кампаніі “МедыяХаус”. Серыя ўключае гульні, накіраваныя на навучанне дзіцяці пісьму і чытанню, яго знаём­ства з навакольным светам.

 Гульня “Баба Яга вучыцца чы­таць”

Гэтая гульня для навучання чытанню даволі эфектыўная і дае добрыя вынікі. У яе аснове ляжыць методыка апера­джальнага навучання з улікам асаблівасцей псіхалогіі дзяцей 5—7 гадоў. Гуляць можна, выконваючы заданні ў любой паслядоўнасці: каб прайсці ў наступны этап, дзіцяці не трэба ў абавязковым парадку заканчваць папярэдні, таму да­дзеная гульня падыходзіць дзецям з розным узроўнем падрыхтоўкі. Для тых, хто слаба разбіраецца ў літарах, прапаноўваецца дапаможны “Букварик”, дзе можна праслухаць вершы пра кожную літару алфавіта і замацаваць іх зрокавыя выявы, а таксама “Слогарик”, у якім можна папрактыкавацца ў складаўтварэнні. Запусціўшы гульню, вы адразу ж трапіце ў казачную атмасферу з лёгкім адценнем дэтэктыва: Баба Яга выкрадае значную частку літар, і ваша задача — знайсці іх. На шляху за літарамі вас падпільноў­ваюць розныя выпрабаванні, задачы. Толькі рашыўшы іх, вы атрымаеце літару. Праграма змяшчае 10 прывабна і прадумана аформленых казачных гульняў з развіццёвымі і вучэбнымі элементамі, размешчаных па ступені ўскладнення. “Мурашка” — гульня на супастаўленне гукаў і літар. Трэба вызначыць, на якую літару пачынаецца назва прадмета на малюнку, каб дапамагчы мурашцы выбрацца з лабірынта. У “Крумкачы-трубачы” падчас ігры на трубе трэніруецца навык правільнага напісання літар (злева направа). Гульня “Жабы-рагатушкі” прывучае ўважліва слухаць фразу і разумець яе сэнс. Псіхолагі ўжо даўно пацвердзілі, што інфармацыя, пададзеная дзіцяці ў вершаванай форме, засвойваецца на 40% лепш, чым любая іншая. Дарэчы, вершаваная форма ляжыць у аснове ўсёй гульні “Баба Яга вучыцца чытаць”. Калі ваша дзіця будзе вучыцца чытаць пад прымусам, наўрад ці ў будучыні любоў да чытання стане яго адметнай рысай. Навучанне ж у працэсе гульні не выклікае ніякага адарвання ад чытання. Таксама дапаможа выкарыстанне іншых камп’ютарных гульняў.

 

“Баба Яга. Ідзі туды, не ведаю куды”

Гэта займальны працяг папярэдняй гульні. Тут заданні значна складанейшыя і цікавейшыя. Разам з Катом, якога пакарала Яга за тое, што ён употай ва­дзіў у яе куратнік хітрую Лісу, юным следапытам трэба адправіцца ў чароўны лес, каб знайсці “тое, не ведаю што”. Мінусы: праграма прызначана для дзіцяці, якое ведае літары ці ўмее чытаць: немагчыма адключыць музычны фон (пры выкананні некаторых заданняў гэта вельмі перашкаджае, бо не чуваць слоў, якія трэба складаць). 

Гульня “Машачка. Вясёлая азбука” (фанетычны разбор слова)

Працяг папулярнай серыі вучэбных і развіццёвых гульняў з удзелам абаяльнай дзяўчынкі Машы і іншых пацешных персанажаў. Гульня дапаможа дзіцяці вывучыць літары, склады і адпраца­ваць атрыманыя веды. Яе асаблівасці: 5 асноўных заданняў, кожнае з якіх складаецца з некалькіх этапаў; паступовае ўскладненне заданняў па меры паспяховага праходжання; неацэнная дапамога ў навучанні дзяцей правільнаму рускаму маўленню ў гульнявой форме; якасная мультыплікацыйная графіка і прафесійнае агучванне. Недахопы, на мой погляд, наступныя: на этапе чытання літар пра­грама прамаўляе іх, як у алфавіце (“бэ”, “эм”); перайсці на наступны этап, абмінуўшы папярэдні, немагчыма; практыкаванні, прапанаваныя ў канцы узроўняў, — без вынаходстваў, нагадваюць школьны буквар. Хацелася б больш заданняў на вывучэнне літар і фанетыкі.

Развіццёвая гульня “Чароўны буквар”

Праграма прызначана для дзяцей ва ўзросце ад 5 да 8 гадоў. Тут выкарыстана канцэпцыя чытання праз пісьмо. Гульня дапамагае дзіцяці навучыцца чытаць і пісаць. Асноўная ідэя — зрабіць чытанне і пісьмо займальнай гульнёй, з жывымі, гаваркімі літарамі. Дзіця апынаецца ў казцы, дзе камп’ютарныя тролі да­юць яму тлумачэнні і заданні, за правільна напісанае слова паказваюць маляўнічыя карцінкі з гэтым словам і прапану­юць розныя гульні. Прадугледжаны два рэжымы — навучання і свабодны. У рэжыме навучання дзіцяці трэба выканаць заданні на некалькіх узроўнях, якія дапамогуць навучыцца чытаць. Самы просты ўзровень — знаёмства з алфавітам, на наступных узроўнях — словы з усё больш складаным правапісам. У свабодным рэжыме дзіця можа пісаць любыя словы і літары, якія яму захочацца. Несвабодны варыянт мне не спадабаўся. З некалькіх літар троль просіць выбраць адну. Пры гэтым вымаўляе назву літары, а не гук, які ёй адпавядае. Правільна выбраную літару трэба абвесці мышкай. Заўважу, што нават у мяне, дарослага чалавека з вялікім вопытам работы за камп’ютарам, гэта не заўсёды бездакорна атрымліваецца з першай спробы, а дзіця можа і зусім разгубіцца, бо пакуль не абвядзеш, далей гульню працягваць не зможаш. Лічу мінусам гульні і тое, што нельга набраць слова больш, чым з шасці літар. Не на ўсе словы, якія закладзены ў памяць машыны і правільна чытаюцца, ёсць карцінкі. І нарэшце, адразу пасля слоў праграма аўтаматычна пераходзіць да гульняў з гэтым словам або з іншым, калі набранае слова не закладзена ў памяць машыны. Адначасова гучыць музыка і паўтараецца кожны раз адна і тая ж фраза: “А зараз пагуляй у розныя гульні са словам”. У прынцыпе, праграма выйграе ў параўнанні з папярэдняй менавіта за кошт сваёй гнуткасці. Выбіраць можна гульню на любы густ з 9 прапанаваных, але зноў ёсць недахоп — літары называюцца ў гульнях па іх назвах, мала ўвагі ўдзя­ляецца складам.

“Чараўнік Ізумруднага горада: азбука з Элі” (вывучэнне правапісу ненаціскных галосных)

Гэта новая гульня па матывах твораў Аляксандра Волкава, у ёй вывучаюцца асновы рускай мовы. Праграма разлічана на дзяцей 6—8-гадовага ўзросту. Падарожнічаючы па казачнай краіне, яны будуць гуляць, вучыць пацешныя вершыкі і засвойваць правілы рускай мовы. Арыгінальныя міні-гульні дапамага­юць замацаваць атрыманыя веды. Варта адзначыць прадуманы змест, цудоўную анімацыю і агучку персанажаў.

Серыя вучэбных гульняў “Пагуляйка. Чытаем па складах з дамавянём Бу”

Разам з дамавянём Бу і Кратом дзеці пазнаёмяцца са складамі, навучацца чытаць, утвараць словы са складоў, ставіць націск і нават змогуць напісаць сваё першае апавяданне. У аснове гульні ляжыць прынцып навучання чытанню па складах: 8 конкурсаў арыентаваны на знаёмства і запамінанне складоў, 4 — трэніруюць чытанне слоў, 7 — ву­чаць напісанню слоў. У гульні прадстаўлены тры слоўнікі. Рэжым “Нашы вынікі” дазваляе прасачыць дынаміку поспехаў дзіцяці. Гульня добра спрыяе развіццю маўлення.

“Пагуляйка. Развіццё маўлення. Дамавяня Бу ў свеце слоў” (падрыхтоўка да алімпіяды)

Дзіцяці прапануецца выпусціць уласны часопіс. Адно праходжанне гульні фарміруе адзін нумар часопіса: такім чынам, ёсць магчымасць ствараць цэлую серыю. Прычым кожны нумар часопіса можна раздрукаваць, каб пачытаць і выканаць заданні. Асаблівасці гульні: дзіця з яе дапамогай вывучыць скорагаворкі і прыказкі; даведаецца значэнне фразеалагізмаў; падбярэ аднакаранёвыя словы; успомніць фразы этыкету; навучыцца складаць крыжаванкі; азнаёміцца з правіламі словаўтварэння; пагуляе ў рыфмы; даведаецца пра паняцці “сінонім” і “антонім”.

У сваёй працы я актыўна выкары­стоўваю электронныя сродкі навучання, але лічу, што любая, нават самая дасканалая, камп’ютарная праграма не можа даць столькі, колькі здольны даць высокакваліфікаваны спецыяліст, настаўнік. ІТ — не самамэта. Гэта эфектыўны сродак, але ён толькі сродак, дапаможны інструмент адукацыйнага працэсу.

Іна ТАЛКАЧОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 12 Віцебска.