×

Памяці герояў

12.11.2019 14:50,

Урачыстае адкрыццё музейнага пакоя “Марская слава Беларусі” прайшло ў сярэдняй школе № 8 Віцебска.

Спачатку тэматычную школьную музейную экспазіцыю складалі кнігі, рэчы, дакументы і фотаздымкі, звязаныя з жыццём і подзвігам Анатоля Іспянкова. Потым яе папоўнілі экспанаты, якія расказваюць пра ўраджэнцаў і жыхароў Віцебшчыны — абаронцаў водных рубяжоў Радзімы ў дарэвалюцыйны час і савецкі перыяд. Сярод іх — герой руска-шведскай вайны віцэ-адмірал Іларыён Павалішын, якому імператрыца Кацярына II падарыла маёнтак у Полацкім павеце, і герой руска-турэцкай вайны камандзір легендарнага брыга “Меркурый” Аляксандр Казарскі, які нарадзіўся на Дубровеншчыне. Такія асобы, як і Героі Савецкага Саюза Самуіл Багарад і Ягор Томка, — гэта наша агульная з суседняй Расіяй слава, памяць і гонар. Як патлумачыла дырэктар школы Алена Каралёва, менавіта таму адкрыццё музейнага пакоя прымеркавалі да дня заснавання Пятром І рэгулярнага рускага ваеннага флоту — 30 кастрычніка.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел сястра Анатоля Іспянкова Зінаіда Вінаградава, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюза ваенных маракоў капітан першага рангу Анатоль Кавалёў, які асабіста быў знаёмы з многімі членамі экіпажа падводнай лодкі “Камсамолец”, што загінула ў Нарвежскім моры. Ён зачытаў перад школьнікамі, педагогамі і ганаровымі гасцямі прывітанне ветэранаў-падводнікаў 6-й дывізіі атамных падлодак Паўночнага флоту, дзе служыў Анатоль Іспянкоў. 

Па словах Алены Каралёвай, установу адукацыі звязвае даўняе сяброўства з Беларускім саюзам ваенных маракоў. Імя капітана трэцяга рангу Анатоля Іспянкова школа носіць з 2016 года. У памяць пра гераічнага выпускніка на школьным будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка, а цяпер з’явіўся новы магутны цэнтр патрыятычнага выхавання.

Таццяна БОНДАРАВА.