×

Партнёрства — умова эфектыўнасці

04.06.2019 14:12,

На пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абвыканкама разгледжана выкананне пагаднення паміж галоўным упраўленнем і Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады і падпісана пагадненне на 2019—2022 гады.

Арганізацыя галіновага прафсаюза аб’ядноўвае 54 прафсаюзныя органы, у тым ліку 24 раённыя і Наваполацкі гарадскі камітэты, па 3 прафкамы работнікаў і студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, па 8 прафкамаў устаноў ССА, 3 — ліцэяў і 4 — розных устаноў. У вобласці дзейнічаюць 28 пагадненняў (абласное, 3 гарад­скія, 24 раённыя) і 887 калектыўных дагавораў. Склад арганізацыі перавышае 74 тысячы чалавек, з іх — больш за 48 тысяч работнікаў, амаль 14 тысяч студэнтаў і навучэнцаў, звыш 12 тысяч непрацуючых пенсіянераў. Гэта адзіны галіновы прафсаюз, які мае настолькі моцны рэсурс ветэранаў. Як паведаміў старшыня абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерый Кунашка, зыходзячы з фінансавых магчымасцей абкама і аргструктур прафсаюзнай арганізацыі за 3 гады было выдаткавана на дзіцячае аздараўленне амаль 39 тысяч рублёў, па акцыі “Прафсаюзы — дзецям” — 897,6 тысячы рублёў і да 1 верасня — амаль 54 тысячы рублёў, на спорт, аздараўленне, культурна-масавыя мерапрыемствы — 2526,3 тысячы, на матэрыяльную дапамогу членам прафсаюза — 568 тысяч рублёў. У перыяд дзеяння пагаднення дзейнасць арганізацыі была накіравана на далейшае ўдасканаленне сацыяльнага партнёрства, ­узмацненне ролі калектыўных дагавораў і пагадненняў, павышэнне статусу педагагічных работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, забеспячэнне поўнай занятасці і стварэнне эфектыўнай сістэмы прававой і эканамічнай абароны работнікаў. Прымаліся вычарпальныя меры па рэалізацыі норм пагаднення, асаблівая ўвага ўдзялялася выкананню прынятых дамоўленасцей у сферы нарміравання і аплаты працы работнікаў, прававому забеспячэнню працоўных адносін, выкананню льгот і гарантый. Па ініцыятыве абкама ў абласное пагадненне былі ўключаны больш высокія нормы і гарантыі для работнікаў, пераведзеных на кантрактную форму найму, у тым ліку па прадастаўленні дадатковых заахвочвальных водпускаў, тэрмінах заключэння кантрактаў.

— Наша абласное пагадненне — гэта сістэма калектыўна-дагаворных адносін, накіраваная на захаванне рабочых месцаў і працоўных калектываў, сацыяльных гарантый і ўзроўню дабрабыту работнікаў, — адзначыў прафсаюзны лідар. — Больш за 100 артыкулаў Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь маюць спасылкі на калектыўныя дагаворы, без іх немагчымы як паўнавартасная і дзейсная абарона правоў і інтарэсаў работнікаў, так і нармальнае функцыянаванне ўстаноў адукацыі. Як сацыяльныя партнёры мы разам з наймальнікамі прымаем і разумеем, што калектыўны дагавор — гэта не проста частка сацыяльнага пакета, а ў першую чаргу сацыяльная адказнасць перад працоўным калектывам. Трэба захаваць усе дасягнутыя пазіцыі ў сувязі з кантрактнай сістэмай найму і своечасова ўносіць неабходныя карэктывы, дапаўненні. У абкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі склаліся дзелавыя канструктыўныя і ў той жа час добразычлівыя адносіны з галоўным упраўленнем па адукацыі, што, безумоўна, станоўча сказваецца на мясцовай рабоце. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць за дапамогу па ўсіх напрамках дзейнасці і запэўніць у тым, што абкам прыкладзе ўсе намаганні, каб работнікам сістэмы адукацыі былі створаны ўсе ўмовы для плённай працы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.