×

Педсавет, які накіроўвае і натхняе

05.02.2020 11:33,

Для ажыццяўлення ў школе калегіяльнага кіраўніцтва вялікае значэнне мае дзейнасць педагагiчнага савета, які ствараецца для разгляду асноўных пытанняў вучэбна-выхаваўчай работы з навучэнцамі. Пытанні ўтрымання і арганізацыі адукацыйнага працэсу ў школе — галоўнае ў рабоце педагагічнага савета. Палажэнне аб педагагічным савеце ўстановы адукацыі так вызначае гэтыя задачы: “Аб’яднанне намаганняў педагагiчнага калектыву школы на павышэнне ўзроўню вучэбна-выхаваўчай работы, укараненне ў практыку дасягненняў педагагічнай навукі і перадавога педагагічнага вопыту”. Педсавет спрыяе развіццю дзелавых якасцяў педагагічных работнікаў, росту іх прафесійнай кампетэнцыі, творчай актыўнасці.

Як зрабіць, каб кожны педагог адчуваў сябе не фармальным удзельнікам педсавета, а яго актыўным, зацікаўленым членам? Як ажыццяўляць сумесную творчую дзейнасць педагогаў, навучыць іх прымаць адказнасць за сябе і за каманду, каб педсавет прыносіў радасць і задавальненне, упэўненасць і натхненне, акрыляў, а не душыў ініцыятыву настаўніка? Менавіта пра такі педсавет хацелася б расказаць. Ён прайшоў у сярэдняй школе № 2 г. Оршы напярэдадні Новага года і быў прысвечаны рабоце педагагічнага калектыву па стварэнні ўмоў для прафілактыкі перагрузкі навучэнцаў. Галоўную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні педсавета ўзяў на сябе дырэктар школы Іван Ільіч Макавецкі — дасведчаны педагог, умелы арганізатар, які мае велізарны стаж педагагічнай дзейнасці і выхаваў не адно пакаленне настаўнікаў, дырэктараў і завучаў горада.

Работа па падрыхтоўцы да педсавета пачалася задоўга да яго правядзення. Была створана праблемная група з дасведчаных настаўнікаў і кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў, якая вывучала пастаўленыя пытанні. У рамках падрыхтоўкі да педсавета была праведзена метадычная дэкада, настаўнікі маглі наведаць адкрытыя ўрокі сваіх калег у 1—11 класах. Была распрацавана схема аналізу ўрока з пазіцый здароўезберажэння, па якой педагогі аналізавалі заняткі. Пытанні здароўезберажэння разглядаліся на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў.

Незвычайным, святочна-дзелавым было афармленне залы, дзе праходзіў педсавет. У зале стаяла 5 столікаў, на кожным з якіх красаваліся маленькія ёлачкі чырвонага, жоўтага, зялёнага, сіняга і белага колеру. Каля ўвахода ў залу — ваза з цукеркамі: трэба было выбраць адну з іх і ў адпаведнасці з колерам абгорткі заняць месца за пэўным столікам.

Старшыня педсавета дырэктар школы выдатнік адукацыі І.І.Макавецкі павіншаваў калег з надыходзячым Новым годам, абвясціў парадак дня і нацэліў калектыў на сур’ёзную і плённую працу. Пасяджэнне пачалося са справаздачы аб выкананні рашэнняў папярэдніх педсаветаў, затым з асноўным дакладам “Фарміраванне культуры здароўя навучэнцаў” выступілі намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Г.М.Давідзенка і Т.М.Ісмагілава. Выступленне суправаджалася прэзентацыяй. Інфармацыяй аб рабоце педкалектыву па стварэнні ўмоў для прафілактыкі перагрузкі навучэнцаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі выступіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н.М.Логвінава. Педагог-псіхолаг Л.А.Антохіна прывяла аналіз анкетавання навучэнцаў “Стамляльнасць і працаздольнасць. Вучэбная перагрузка”. Фельчар А.П.Туравец распавяла пра вынікі пульсаметрыі на ўроках фізічнай культуры і здароўя.

Па пытанні “Роля харчавання ў здароўезберажэнні навучэнцаў” выступіла настаўнік англійскай мовы Ж.А.Пянькоўская. Настаўніца пачатковых класаў Г.А.Іскра падзялілася вопытам арганізацыі актыўнага адпачынку навучэнцаў на перапынку.

У заключэнне педсавета быў праведзены практыкум. Кожны столік атрымаў сваё, звязанае з тэмай педсавета, заданне, якое трэба было выканаць за пэўны тэрмін і прадставіць калектыву ў адвольнай форме. Прывяду прыклад заданняў для “аранжавай” і “чырвонай” груп: 1. “Кантралюй, але захоўвай здароўе!”. Сёння ў класе ў вас запланаваны ўрок кантролю ведаў. Усе дзеці вельмі хвалююцца за вынікі, асабліва гіперадказныя выдатнікі і навучэнцы з невысокай вучэбнай паспяховасцю. Увага! Заданне: прапануйце прыёмы, якія вы можаце выкарыстоўваць на розных этапах урока (перад выкананнем работы, у час выканання і пасля яе завяршэння), каб пазбегнуць стамлення навучэнцаў і спрыяць іх здароўезберажэнню. 2. “Жадаю, каб вы ўсе былі здаровыя!”. Калі настаўнік бадзёры, вясёлы і спакойны, то працуе з задавальненнем, уважлівы да навучэнцаў, іх самаадчування. Значыць, існуе ўзаемасувязь паміж станам настаўніка і станам навучэнцаў. Увага! Заданне: стварыце памятку для педагогаў “На здароўе!!!”. Не забывайце аб тым, што гаворка ідзе не толькі пра фізічнае здароўе.

Эксперты, якія знаходзіліся за столікам з белай ёлачкай, зрабілі аналіз выступленняў груп і вызначылі пераможцу. Імі былі прызнаныя “чырвоныя”: менавіта яны найбольш творча падышлі да выканання задання і склалі нават гумарыстычную памятку.

Старшыня педсавета падвёў вынікі. Каб заставацца цікавым для сваіх навучэнцаў, настаўнік павінен пастаянна ўдасканальвацца, знаходзіцца ў творчым і прафесійным пошуку. Калі настаўнік адчувае радасць ад навучання, то гэта перадаецца і яго вучням.

Рыхтуючыся да педсавета, настаўнікі не толькі павысілі сваю кампетэнтнасць у пытаннях прафілактыкі перагрузкі, але і выявілі праблемы, якія ўзнікаюць у працэсе педагагічнай дзейнасці, прапанавалі шляхі іх пераадолення. А галоўнае — ішлі з педсавета акрыленыя, упэўненыя ў сабе.

Валянціна ДЗМІТРЫЕВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Оршы”.