×

Пераемнасць пры пераходзе навучэнцаў з пачатковай школы ў сярэдняе звяно

11.01.2020 14:41,

Пераход навучэнцаў з пачатковага ў сярэдняе звяно школы — адна з найбольш складаных педагагічых праблем, а перыяд адаптацыі ў 5 класе — адзін з найважнейшых перыядаў школьнага навучання. Далёка не кожнае дзіця з лёгкасцю адаптуецца на якасна новай прыступцы навучання. Кожны пяцікласнік перажывае пераход па-рознаму: для кагосьці ён праходзіць беспраблемна, хтосьці раскрывае ў сабе таленты, якія не выявіліся пры навучанні ў пачатковай школе, але бываюць і тыя, хто можа зачыніцца ў сабе, “страціцца” на фоне больш актыўных аднакласнікаў. Таму асаблівае значэнне набывае правільная арганізацыя падрыхтоўкі навучэнцаў да будучых змен у школьным жыцці.

У маёй прафесійнай дзейнасці мінулагодні выпуск стаў першым, таму я вучылася разам са сваімі вучнямі. Вучылася размаў­ляць з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту і іх баць­камі, метадычна правільна праводзіць урокі. Як класнаму кіраўніку мне было важна, каб для навучэнцаў працэс адаптацыі да новых умоў навучання прайшоў максімальна камфортна. Для сябе я вызначыла такія напрамкі дзейнасці, як фарміраванне класнага калектыву, супрацоўніцтва з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў па павышэнні вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў і работа ў пары “настаўнік пачатковых класаў — будучы класны кіраўнік”. Вельмі важна навучыць дзяцей вучыцца самастойна, умець плана­ваць свой вольны час, праяў­ляць самастой­насць у яго правя­дзенні. Таксама ім трэба ўмець лічыцца з іншымі людзьмі, адэкватна рэага­ваць на іх паводзіны і ўчынкі, мець сваё меркаванне і фарміраваць яго з улікам іншых поглядаў, сябраваць і з хлопчыкамі, і з дзяўчынкамі, быць самастойнымі ў побыце, мець і выкон­ваць свае абавязкі. Я старалася данесці да дзяцей, што, нягледзячы ні на што, яны заўсёды могуць атрымаць дапамогу дарослых. Каб прыйсці да вышэйпералічанага, запрасіла да супрацоўніцтва школьнага педагога-псіхолага, які право­дзіў анкетаванне, дыягностыку, гутаркі і трэнінгі з навучэнцамі з мэтай выяўлення ўжо на гэтым этапе магчымых будучых цяжкасцей. Калі я працавала з навучэнцамі, асабліва ў 4 класе, імкнулася ста ць для дзяцей не толькі настаўнікам і выхавальнікам, але і таварышам, аднадумцам ва ўсіх пачынаннях, заўсёды трымаць слова, да­дзенае дзецям, быць стрыманай, разважлівай, добразычлівай, цярплівай. У любой сітуацыі трэба ўмець ставіць сябе на месца дзіцяці, давяраць дзецям, жыць іх інтарэсамі.

Немалаважным аспектам паспяховай адаптацыі навучэнцаў, на мой погляд, з’яўляецца стварэнне спрыяльнай псіхалагічнай атмасферы ў класным калектыве. Псіхалагічны камфорт мы пастараліся стварыць сумесна з дзецьмі ужо з парога класнага кабінета. Калектыўна выбралі дэкор для вазонаў з кветкамі, аформілі іх сваімі рукамі. Быў створаны стэнд з фотаздымкамі з самымі яркімі момантамі жыцця падчас навучання ў пачатковай школе, “дрэва пажаданняў” для будучых пяцікласнікаў і іх настаўнікаў. Я старалася данесці да кожнага свайго вучня, што не варта баяцца пераходу ў 5 клас, бо гэта новы адказны і цікавы этап іх жыцця. Наколькі яны бу­дуць да яго гатовы, настолькі іх мары і пажаданні ўвасобяцца ў рэальнасць.

Да чацвёртага года навучання ў маім класе сфарміраваўся дружны калектыў. Боль­шасць бацькоў адзначалі: дзеці з радасцю ідуць у школу, у класе ў іх шмат сяброў, яны дзеляцца з бацькамі сваімі ўражаннямі, ахвотна расказваюць пра школьныя падзеі і навіны. Гэта добры паказчык, які характарызуе эмацыянальную далучанасць да працэсу навучання і школьнага жыцця, дэманструе ў цэлым спрыяльную атмасферу ў класе. Значную ролю адыгрывае і супрацоўніцтва класнага кіраўніка з баць­камі і бацькоўскім камітэтам. Пачынаючы з першых сустрэч, я планамерна і мэтанакіравана знаёміла бацькоў з нюансамі адукацыйнага працэсу на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, з адрозненнямі ў кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка пачатковых класаў і настаўнікаў-прадметнікаў. На адзін з класных сходаў быў запрошаны педагог-псіхолаг, які азнаёміў бацькоў з найбольш тыповымі праблемамі адаптацыі пяцікласнікаў да новых умоў навучання і прапанаваў да разгляду задачы з просьбай выказаць свае варыянты вырашэння праблем. На заканчэнне сустрэчы законным прадстаўнікам навучэнцаў былі ўручаны памяткі з рэкамендацыямі. Таксама перад калектывам бацькоў выступіла школьная медыцынская сястра, якая акцэнтавала ўвагу на тым, што ў дзяцей 10—11 гадоў пачынаецца фізіялагічная перабудова арганізма, у сувязі з чым у асобных навучэнцаў могуць быць праблемы з фізічным і псіхалагічным здароўем. Было адзначана, што пры пераходзе на новую ступень навучання неабходна ўнесці карэктывы ў рэжым дня дзіцяці і больш уважліва ставіцца да ўсіх яго скаргаў. На апошнім бацькоўскім сходзе я пазнаёміла бацькоў з будучым класным кіраўніком, якая сцісла расказала пра сябе і сваіх выпускнікоў. Акрамя традыцыйных бацькоўскіх сходаў і індывідуальнай работы з асобнымі бацькамі, праводзілася “ўнутраная” работа. Для бацькоў я паспрабавала вылу­чыць пэўныя правілы, якімі яны маглі б кіравацца, каб дапамагчы сваім дзецям:

1. Улічвайце тэмперамент, характар, індывідуальныя здольнасці дзіцяці, не параўноўвайце яго ні з кім, не рабіце пры дзецях негатыўных заўваг ні пра настаўнікаў, ні пра прадметы.

2. Заахвочвайце дзіця не толькі за вучобу; трэба пахваліць яго, калі яно займаецца з малодшымі, гуляе з сабакам, з’яўляецца добрым сябрам, у яго атрымалася прабегчы два кіламетры, забіць гол і г.д.

3. Спрабуйце абмяркоўваць з дзіцем складаныя сітуацыі і праблемы, разам шукайце выхад з канфліктаў — у дзіцяці можа быць сваё бачанне сітуацыі і арыгінальнае рашэнне.

 4. Калі дзіця прывыкла да штодзённага кантролю з вашага боку, то прывучайце яго да самастойнасці паступова.

5. Калі вас нешта непакоіць у паводзінах або вучэбнай дзейнасці дзіцяці, паспрабуйце сустрэцца з класным кіраўніком: ён ваш першы памочнік зараз, і яго парады дапамогуць вам разабрацца ў сітуацыі.

Вядома, прыярытэтнай мэтай маёй педагагічнай дзейнасці стала павышэнне вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. З улікам таго, што мой клас пераходзіў на якасна новы ўзровень навучання, я ўзяла за аснову павелічэнне долі самастойнай работы на ўроку. Падчас работы над любым матэрыялам мы развівалі агульнавучэбныя навыкі — гэта тычылася найперш чытання і вылічальных навыкаў. На ўроках мы вучыліся працаваць з кнігай: знаходзіць адказы на пытанні, вылучаць галоўнае,складаць план. Таксама я выкарыстоўвала на занятках унутры- і міжпрадметныя сувязі, старалася памяншаць час на кантроль ведаў праз выкарыстанне тэстаў, рознаўзроўневых картак, прыёмаў сама- і ўзаемаправеркі. Кожны ўрок па ўсіх вучэбных прадметах праводзіла актуалізацыю ведаў. Работа па павышэнні якасці вучэбнай дзейнасці працягвалася па-за ўрокамі праз эфектыўнае выкарыстанне гадзін факультатыўных, стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў. Для павышэння пазнавальнай цікавасці да прадмета дыферэнцыравала дамашнія заданні шляхам выкарыстання такіх відаў работ, як паведамленне, рэферат, складанне казак і апавяданняў.

Пасля таго як кіраўніцтва школы вызначыла педагогаў, якія прымуць у наступным навучальным годзе пяцікласнікаў, работа актывізавалася. Наш будучы класны кіраўнік наведвала ўрокі і гадзіны арганізацыйна-выхаваўчай работы, часта прыходзiла ў клас і сталовую падчас перапынкаў. Такім чынам, мякка, у ненадакучлівай форме адбывалася першае знаёмства вучняў з іх будучым класным кіраўніком. У сваю чаргу, у асабістых размовах я знаёміла калегу з класам у цэлым і кожным навучэнцам паасобку, расказвала пра сямейна-бытавыя ўмовы пражывання дзіцяці, дзялілася вопытам работы з сем’ямі, якія патрабуюць асаблівай увагі. Хочацца адзначыць, што падчас падрыхтоўкі навучэнцаў да пераходу ў сярэдняе звяно ў першую чаргу настаўнік пачатковых класаў павінен прайсці праз самаасэнсаванне. Для сябе трэба вызначыць, што ты хочаш атрымаць на выхадзе, якія словы пачуць у будучыні ад калег, вучняў і бацькоў. Толькі адказаўшы на гэтыя пытанні, можна з упэўненасцю глядзець у заўтра.

Настасся НІКІЦІНА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 42 Віцебска.