×

Працоўнае “Летняе падарожжа”

17.07.2019 15:50,

Школьныя канікулы — гэта не толькі час для адпачынку, але і час для працы. Так лічаць вучні сярэдняй школы № 28 Віцебска. Многія з іх прыйшлі ў прышкольны аздараўленчы лагер працы і адпачынку “Летняе падарожжа”. Задачай педагогаў А.У.Марковіч, А.Л.Насонавай, В.І.Ляонавай, М.С.Талкачовай было зрабіць адпачынак дзяцей займальным, насычаным і карысным для іх фізічнага і духоўнага здароўя.

Лагер працы і адпачынку “Летняе падарожжа” дапамог выкарыстаць перыяд летняга адпачынку вучняў, якія засталіся ў горадзе, для ўмацавання іх здароўя, развіцця фізічных сіл, узбагачэння ведамі і новымі ўражаннямі. Дзеці прымалі актыўны ўдзел у працоўным дэсанце па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі школы: займаліся праполкай, рыхленнем, санітарнай абрэзкай раслін на кветкавых клумбах, бардзюрах, упрыгожваннем фасада школы, развядзеннем пакаёвых раслін для афармлення кабінетаў у новым навучальным годзе.

У рамках Года малой радзімы ў лагеры быў арганізаваны тэматычны прагляд відэафільмаў пра наш горад і Беларусь “Люблю цябе, мая Радзіма!”. Заўсёды цікава было дзецям наведваць школьны музей народных рамёстваў, які ўвесь час папаўняецца новымі экспанатамі.

Арганізацыя работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў лагеры праводзілася ў рамках святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Для ветэранаў вайны былі выраблены віншавальныя паштоўкі.

Была арганізавана творчая майстэрня па выпуску тэматычнай газеты “Бяспечнае лета”, прайшлі пасяджэнні круглага стала “Курыльныя сумесі — крок да прорвы”, “Праўда пра наркотыкі”, дыскусія “Чаму людзі кураць і ўжываюць алкаголь?”.

Выхаванцы лагера сустрэліся з сацыяльным педагогам школы Наталляй Георгіеўнай Шкуратавай на трэнінгу “Умей сказаць “Не!”, дзе вучыліся супрацьстаяць чужому ціску, выказваць адмову аптымальнымі спосабамі, адстойваць сваю пазіцыю, адпрацоўвалі мадэлі ўпэўненых паводзін у розных жыццёвых сітуацыях у мэтах сваёй бяспекі.

А ўсе спартыўныя мерапрыемствы праводзіліся не толькі ў спартыўнай зале, але і на школьным стадыёне і добра абсталяваным варкаўце.

Прафарыентацыйная праца ў лагеры ўключала ў сябе наведванне музея Ветэрынарнай акадэміі, ВДМУ, сустрэчы з работнікамі ДАІ і супрацоўнікамі УУС. Шмат новага для сябе дзеці даведаліся аб універсітэце МІТСО, наведалі мерапрыемствы ў бібліятэцы імя У.Караткевіча і кінатэатры “Мір”.

У лагеры падлеткі былі занятыя карыснай дзейнасцю, змаглі набыць новыя сацыяльныя ўменні і навыкі, новы пазітыўны жыццёвы вопыт, мабілізавалі сваю творчую актыўнасць. І, вядома ж, час лагернай змены пакінуў незабыўныя ўражанні ад зносін!

Алена АРЦЮХОВА,
намеснік начальніка лагеры працы і адпачынку “Летняе падарожжа” сярэдняй школы № 28 Віцебска.