×

Праз веды — да поспеху

28.05.2019 16:52,

Прафесія настаўніка лічыцца самай ганаровай, але ў той жа час і самай цяжкай. Уменне перадаць свае веды юным, якія толькі пачынаюць уваходзіць у самастойнае жыццё, — гэта талент. Кожны настаўнік хоча, каб яго вучань дасягаў поспехаў. І, безумоўна, кожнаму настаўніку прыемна, калі так і адбываецца.


А.В.Пусташыла.

У сярэдняй школе № 6 Полацка працуюць таленавітыя, адданыя сваёй працы настаўнікі пачатковых класаў Алена Віктараўна Пусташыла і Таццяна Валянцінаўна Чапялова, якія з першага класа ствараюць умовы для выяўлення, суправаджэння і развіцця адораных дзяцей. Вучні гэтых педагогаў вынікова выступаюць на раённых алімпіядах па вучэбных прадметах і з’яўляюцца пераможцамі інтэ­лектуальных конкурсаў раённага і абласнога ўзроўню.

Алена Віктараўна і Таццяна Валянцінаўна ўмела строяць даверлівыя, добразычлівыя адносіны з бацькамі сваіх навучэнцаў, разумеючы, што поспех у набыцці ведаў дзецьмі магчымы толькі пры падтрымцы іх бацькоў.

Самі настаўніцы — аптымісткі, не баяц­ца эксперыментаў, заўсёды знаходзяць у даўно вядомым нешта новае і выкарыстоўваюць гэта ў сваёй працы. Яны імкнуцца да поспехаў і вядуць за сабой сваіх вучняў.

 “Трэніроўкі. Толькі яны даюць вынік. Каб перамагаць зімой, я пачынаю трэніравацца ўлетку. Скажаце: дачасна?! Спартыўны сезон — гэта заўсёды выпрабаванне, выклік, таму я павінна быць падрыхтаванай. Ты клапоцішся пра будучыню сёння, а выходзіш пераможцам… заўсёды”. Часта гэтыя словы тытулаванай беларускай спартсменкі Д.Домрачавай сваім вучням паўтарае Алена Віктараўна Пусташыла, паколькі лічыць, што, каб дасягнуць поспехаў у вучэбнай дзейнасці, неабходна мець высокую працаздольнасць, фарміраваць станоўчую матывацыю да засваення ведаў, выхоўваць самастойнасць і, безумоўна, шмат працаваць.

Сістэма работы са здольнымі дзецьмі, якую стварыла Алена Віктараўна, дае вынікі: вучні настаўніцы неаднаразова станавіліся пераможцамі раённай алімпіяды па вучэбных прадметах (матэматыка, руская мова). Не з’яўляецца выключэннем 2018/2019 навучальны год, у якім усе чатыры вучні, якіх падрыхтавала Алена Віктараўна, сталі пераможцамі згаданых спаборніцтваў.

Т.В.Чапялова.

“Талент, патрабавальнасць, душэўная цеплыня, знешняя прыгажосць, розум, чуласць, цярплівасць і невычэрпная энергія”, — так адгукаюцца пра любімую настаўніцу яе вучні.

Алена Віктараўна Пусташыла — педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, працуе настаўніцай  пачатковых класаў у школе ўжо больш за 27 гадоў. Яна заўсёды ахвотна дзеліцца з калегамі ў школе і раёне вопытам паспяховай дзейнасці, з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, прымае актыўны ўдзел у навукова-даследчых, педагагічных канферэнцыях і іншых мерапрыемствах раённага і абласнога маштабу.             

За шматгадовую добрасумленную працу Алена Віктараўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама і раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама.

 “Няпроста ўкласці ў галовы дзяцей мудрасць навук. Найбольш цяжка навучыць іх вучыцца, убіраць веды з ахвотай, дапытліва здабываць іх з кніг і з жыцця. Адкрываючы дзіцяці свет, я павінна навучыць яго жыць у гэтым свеце, наву­чыць быць паспяховым!” — кажа Таццяна Валянцінаўна Чапялова, якая цалкам валодае сакрэтам свайго майстэрства.

Таццяна Валянцінаўна ўмее ўдыхнуць прагу ведаў у сваіх навучэнцаў, сфарміра­ваць схільнасць да поспеху. Педагог вылучаецца высокай працаздольнасцю, прафесіяналізмам, а самае галоўнае, імкненнем заваёўваць новыя вяршыні.

У гэтым навучальным годзе Таццяна Валянцінаўна падрыхтавала да раённай алімпіяды па рускай мове трох вучняў 4 класа. Сістэматычная мэтанакіраваная праца дала свае вынікі: усе гэтыя вучні заваявалі дыпломы І і ІІ ступені.

Прытрымліваючыся дэвізу “Быць лепшым сярод роўных!”, педагог стараецца ­ўзнімаць планку ведаў сваіх вучняў, абу­джаць у іх упэўненасць у сваіх магчымасцях. Навучэнцы Т.В.Чапяловай не толькі перамагаюць у алімпіядах, але і з’яўляюцца ўдзельнікамі і неаднаразовымі пераможцамі розных інтэлектуальных і творчых конкурсаў.

Каб заставацца прафесіяналам, Т.В.Чапялова пастаянна абнаўляе і ўзбагачае свой прафесійны патэнцыял: праз удзел з дакладамі на раённых метадычных аб’яднаннях, педагагагічных саветах. На рахунку педагога — мноства перамог у раённых і абласных педагагічных конкурсах. Свае сілы яна спрабавала і ў Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года — 2017”, дзе на раённым этапе атрымала дыплом
І ступені і прайшла на абласны этап.

Таццяна Валянцінаўна мае актыўную грамадскую пазіцыю: з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў, а з гэтага года ўзначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю ў школе.

За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі ў 2017 годзе Т.В.Чапялова ўзнагароджана граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама.

Школа ганарыцца сваімі педагогамі!

Жадаем вам, паважаныя настаўніцы, не спыняцца на дасягнутым, гэтак жа плённа працаваць і з кожным разам дасягаць сваёй перамогі яшчэ хутчэй і больш упэўнена. Поспехаў, упартасці і настойлівасці! Няхай заўсёды сіл дабаўляе падтрымка і любоў блізкіх!

Алёна РАМАНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 6 Полацка.