×

Прыгожыя і таленавітыя

24.11.2019 14:27,

У чароўны восеньскі вечар навучэнцы гімназіі № 3 Віцебска сабраліся, каб паглядзець шоу-праграму “Міс Восень — 2019”, адчуць цудоўныя імгненні і зарадзіцца радасным пазітыўным настроем. Аўтарам ідэі, распрацоўшчыкам праекта і заснавальнікам традыцыі правядзення конкурсу “Міс Восень” з’яўляецца педагог-арганізатар Уладзіслаў Уладзіміравіч Маёраў.

На свяце прыгажосці, грацыі і інтэлекту галоўнымі гераінямі вечара сталі 7 дзяўчат — навучэнак 7—8 класаў: Вольга Агеенка, Карына Бяззубава, Ксенія Грыцай, Ксенія Івасюк, Карына Нікалаенка, Ксенія Янулевіч, Аліна Яблонская. Ацэньвалі творчасць і артыстызм прэтэндэнтак на перамогу члены журы: дырэктар гімназіі Людміла Васільеўна Сомава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Сяргееўна Зуева, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Іванаўна Галава, настаўніца харэаграфіі Валянціна Афанасьеўна Вішнеўская, кіраўнік аркестравай групы ўзорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Перапёлачка” Яўген Аляксеевіч Арцем’еў, пераможца конкурсу “Міс Восень — 2018” навучэнка 9 “В” класа Аляксандра Шапурова.

Шоу-праграму адкрыў першы этап конкурсу пад назвай “Восеньскае ўбранне”. На другім этапе конкурсу “Візітная картка” ўдзельніцы расказалі пра сябе цікава, неардынарна. На трэцім этапе конкурсу “Міс інтэлект” дзяўчатам былі прапанаваны творчыя заданні (рэбусы, загадкі, арыгінальныя пытанні). Акрамя прыгажосці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей, дзяўчаты прадэманстравалі кулінарныя таленты. Кожная ўдзельніца падрыхтавала восеньскую страву і прадставіла журы і гледачам.

Ва ўрачыстай атмасферы пераможца конкурсу мінулага года Аляксандра Шапурова перадала карону пераможцы “Міс восень — 2019” вучаніцы  8 “А” Ксеніі Грыцай. Першай віцэ-міс стала навучэнка  8 “Б” класа Карына Бяззубава, другой віцэ-міс — вучаніца 7 “В” класа Аліна Яблонская. “Міс Восеньскае зачараванне” стала навучэнка 7 “А” класа Ксенія Янулевіч.

Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі прызы ад Кастрычніцкай раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.