×

Прыходзь і працуй

14.08.2019 12:16,

Ужо восьмы год на базе сярэдняй школы № 3 Оршы дзейнічае летні лагер працы і адпачынку “МКП” (“Моладзь. Культура. Праца”). Многія падлеткі хацелі б летам самастойна зарабіць грошы, але далёка не ўсе ведаюць, як гэта арганізаваць. А ў лагеры працы і адпачынку ўсе пытанні вырашаны: прыходзь і працуй.

Асноўнай мэтай прыцягнення непаўнагадовых у летні працоўны лагер з’яўляецца прывучэнне падлеткаў да працы. На працягу ўсяго часу падлеткі працуюць на палях РУП “Віцебскэнерга” філіяла “Цяплічны”, выконваючы праполку агароднінных культур. У бягучым годзе ў лагеры працы і адпачынку занятыя 40 навучэнцаў з розных школ горада.

Лагер працы і адпачынку спалучае два асноўныя віды дзейнасці: працоўную і аздараўленчую. Так, да абеду дзеці працуюць не больш ычм 4 гадзіны, а пасля абеду адпачываюць.

Для падлеткаў у лагеры арганізавана трохразовае харчаванне, а таксама прадугледжана праграма мерапрыемстваў, накіраваная на ўмацаванне здароўя, развіццё фізічных сіл, узбагачэнне ведамі і новымі ўражаннямі. Дружалюбны мікраклімат, створаны калектывам лагеры працы і адпачынку, спрыяе творчаму развіццю адпачывальнікаў, іх удасканаленню і адкрыццю новых талентаў і здольнасцяў.

Занятасць у лагеры працы і адпачынку дазваляе не толькі самастойна зарабіць грошы (чым дзеці вельмі ганарацца), але і набыць новых сяброў, атрымаць незабыўныя ўражанні.

Бацькі дзяцей, якія адпачываюць у нашым лагеры працы і адпачынку, заўсёды спакойныя за сваіх сыноў і дачок, таму што яны ў надзейных руках прафесійных работнікаў.

Сумяшчаць працу і адпачынак — гэта вельмі цікава і карысна!

Алена КАНАНОВІЧ,
начальнік лагера працы і адпачынку.