×

Прызванне быць дырэктарам

26.03.2020 11:53,
Лепшых кіраўнікоў устаноў адукацыі вобласці ўшанавалі ў Віцебску

Удзельнікамі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Кіраўнік года — 2019” сталі паспяховыя дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі са стажам работы на пасадзе кіраўніка не менш за тры гады.

— Конкурс праводзіцца ў рэгіёне другі раз, — адзначыла начальнік цэнтра кіруючых кадраў, спецыялістаў адукацыі і інавацыйнай дзейнасці Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Арэхава. — Гэта комплекс мерапрыемстваў па выяўленні, абагульненні і распаўсюджванні вопыту творча працуючых кіраўнікоў, якія дасягнулі значных прафесійных вынікаў. Дырэктар — асоба афіцыйная, якая ператварае ў жыццё пастаўленыя перад ім дзяржаўныя задачы, будуе сваю работу ў рамках прававога поля і асноўных пра­грамных дакументаў, распрацаваных на рэспубліканскім, абласным і рэгіянальным узроўні. Перад кіраўніком стаіць ня­простая задача: наладзіць адукацыйны працэс так, каб кожны навучэнец і педагог былі ўцягнуты ў актыўную дзейнасць у зоне яго найбліжэйшага развіцця і адчувалі сябе ва ўстанове адукацыі камфортна.

Лідараў вызначалі ў трох конкурсных намінацыях. Першая, пад назвай “Лепшае эсэ пра сябе”, — гэта конкурс эсэ па сістэмным забеспячэнні якасці адукацыі, дзе дырэктарам неабходна было расказаць пра сваю кіраўніцкую дзейнасць, даць разгорнутае апісанне прынятых рашэнняў, прааналізаваць цяжкасці, якія ўзнікалі ў працэсе іх рэалізацыі, і пра поспехі ў павышэнні эфектыўнасці работы ўстановы адукацыі.

У другой намінацыі, “Лепшы педагагічны савет”, удзельнікі прадстаўлялі матэрыялы тэматычнага педсавета, праведзенага ў сваёй установе адукацыі, з лагічным структураваннем зместу ў адпаведнасці з этапамі яго правядзення, адлюстраваннем новых ідэй і сучасных тэхналогій у яго арганізацыі і правядзенні, канкрэтнымі высно­вамі і выпрацаванымі рэкамендацыямі.

Трэцяя намінацыя, “Стабільна высокія вынікі ўзначаленай установы па якасці адукацыі”, уяўляла сабой конкурс аналітычных матэрыялаў “Крытэрыі і паказчыкі дзейнасці ўстановы адукацыі” ў форме табліцы-дадатку да загада міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2018 года № 909, дзе адлюстраваны вынікі за апошнія 2 гады, што папярэднічалі конкурсу.

Па меркаванні журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, абласнога інстытута развіцця адукацыі, абласнога вучэбна-метадычнага цэнт­ра прафесійнай адукацыі і і абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, работы ўсіх удзельнікаў характарызаваліся наяўнасцю асабістай прафесійнай пазіцыі, навуковасцю, крытычнасцю мыслення, эмацыянальнасцю, мастацкім стылем выкладання, дакладнасцю, сістэмным бачаннем адукацыйнага працэсу і кіравання ім. Многія канкурсанты з’яўляюцца дыпламаванымі менеджарамі ў сферы адукацыі, удала спалучаюць у рабоце традыцыйныя і інавацыйныя методыкі і падыходы.

Узнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу адбылося ў абласным інстытуце развіцця адукацыі ў рамках пася­джэння калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Абсалютным пераможцам конкурсу прафесійнага май­стэрства “Кіраўнік года — 2019” з прысваеннем звання “Лепшы кіраўнік установы адукацыі — 2019” прызнаны дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў. Найлепшыя, па ацэнцы журы, эсэ прадставілі дырэктары сярэдняй школы № 3 Оршы Ала Сіняўская, Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Віктар Жук і Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай Шумілінскага раёна Іна Чарнічэнка.

У намінацыі “Лепшы педагагічны савет” у тройку пераможцаў увайшлі дырэктары гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна Людміла Сомава, Забалоцкай сярэдняй школы Талачынскага раёна Рыма Кітаева і сярэдняй школы № 1 Дуброўны Іна Мартыненка, у намінацыі “Стабільна высокія вынікі ўзначаленай установы па якасці адукацыі” — дырэктары гімназіі № 2 Наваполацка Таццяна Лубінская, сярэдняй школы № 6 Полацка Людміла Гавяза і сярэдняй школы № 31 Віцебска Людміла Дзямідчык.

Рашэннем аргкамітэта конкурсу была ўведзена дадатковая намінацыя “За стварэнне эфектыўнай сістэмы па падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”. Заслужаную перамогу ў ёй атрымала дырэктар Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Ганна Бурэнь.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.