×

Размаўляй, гуляй, вучыся

10.03.2020 14:19,

Апошнія дні каляндарнай зімы былі вельмі насычаныя для вучняў і настаўнікаў Маласітнянскага дзіцячага сада — базавай школы Полацкага раёна, бо ўсе актыўна прымалі ўдзел у правядзенні традыцыйнага тыдня беларускай мовы і літаратуры.

Распачаў тыдзень конкурс ілюстрацый “У свеце амонімаў”. Параўноўваючы амонімы, чытаючы тлумачэнні да іх, вучні з захапленнем малявалі, напрыклад, бор, не толькі як стары сасновы лес, але і як адзін з элементаў перыядычнай сістэмы  Д.І.Мендзялеева.

У наступныя дні вучні з настаўнікамі ўдзельнічалі ў марафоне па-беларуску “Размаўляй, гуляй, вучыся”.“Ці ведаеце вы, як будзе гучаць гэтае слова па-беларуску?” — з такім пытаннем звярталіся юныя карэспандэнты на перапынках да класных кіраўнікоў, настаўнікаў-прадметнікаў, адміністрацыі. З вычарпальнымі адказамі вучні часта атрымлівалі сустрэчныя пытанні. Вельмі прыемна было чуць дакладныя словы-адказы на роднай мове. З пяшчотай гучалі такія словы, як ажына, анёл, каханне, канюшына, журавіны і іншыя.

Прымаючы ўдзел у віктарыне-эстафеце “Аматары роднага слова”, вучні 3—9 класаў мелі магчымасць праявіць і ўзбагаціць веды па беларускай мове і літаратуры. Дзеці з цікавасцю шукалі адказы ў слоўніках і падручніках, звярталіся па дапамогу да класных кіраўнікоў.

Завяршыў тыдзень беларускай мовы і літаратуры відэаконкурс чытальнікаў “Гучыць беларуская мова”. Вучні прадстаўлялі відэа, у якім з захапленнем і замілаваннем чыталі на памяць вершы Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Якуба Коласа, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна і іншых выдатных беларускіх паэтаў.

Вольга ВАРАНКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Маласітнянскага дзіцячага сада — базавай школы Полацкага раёна.