×

Развівацца і працаваць на апераджэнне

05.02.2020 11:44,

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава ўзначаліла доктар эканамічных навук прафесар Валянціна Багатырова. У панядзелак новага рэктара прадставіў калектыву міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка.

Валянціна Багатырова — выпускніца сярэдняй школы № 10 Полацка і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі засталася выкладаць у альма-матар і паступіла ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Адметным у біяграфіі маладога вучонага выдаўся 2001 год, калі яна абараніла кандыдацкую дысертацыю і ў 25-гадовым узросце стала загадчыкам кафедры фінансаў у ПДУ. У 38 гадоў — доктар эканамічных навук, прафесар. Валянціна Васільеўна — аўтар больш чым 150 навуковых і вучэбна-метадычных работ (тры з дзесяці манаграфій выдадзены за мяжой), пераможца рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2017” у намінацыі “Жанчына ў навуцы”. З 2017 года яна працуе прарэктарам, з 2018 года і да нядаўняга часу — першым прарэктарам ВДУ імя П.М.Машэрава; 30 студзеня кіраўнік дзяржавы ўзгадніў кандыдатуру Валянціны Багатыровай на пасаду рэктара. Яе папярэднік Аляксей Ягораў абраны намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.  

Ігар Карпенка павіншаваў першую за гісторыю адной з найстарэйшых айчынных УВА жанчыну-кіраўніка з прызначэннем, пажадаў поспехаў у дзейнасці на карысць сістэмы адукацыі краіны і ўручыў падзяку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксею Ягораву.

— Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава ўяўляе сабой унікальнае спалучэнне векавых традыцый і інавацый у вышэйшай адукацыі, — адзначыў міністр. — Сёння гэта шматпрофільны цэнтр, які дае маладым людзям магчымасць атрымаць добрую адукацыю па самых сучасных, прэстыжных і запатрабаваных спецыяльнасцях. Упэўнены, што ён будзе і далей развівацца.

Па словах Валянціны Багатыровай, асноўнай задачай універсітэта ў адпаведнасці з распрацаванай стратэгіяй з’яўляецца развіццё пяці сфер адукацыйнай дзейнасці: навуковая работа, міжнароднае супрацоўніцтва (па названым напрамку ВДУ уваходзіць у лік лідараў на айчыннай адукацыйнай прасторы), выхаваўчая і ідэалагічная работа, якой заўсёды надаецца важнае значэнне, развіццё кадравага патэнцыялу.

— За тыя тры гады, што мы працуем разам, зроблена было многа, —звярнулася да калектыву Валянціна Васільеўна. — Захоўваючы традыцыі, будзем ісці наперад. Спадзяюся на падтрымку кожнага з вас: толькі разам мы зможам дасягнуць пастаўленых мэт.

У ходзе азнаямлення з матэрыяльна-тэхнічнай базай універсітэта Ігар Карпенка асобна звярнуў увагу: сёння для ўстановы вышэйшай адукацыі быць рэтранслятарам ведаў — вельмі звужаная функцыя, універсітэт будучыні павінен выступаць цэнтрам сацыяльнага і культурнага жыцця рэгіёна. У гэтым плане ВДУ ўжо зрабіў сур’ёзны зачын, цяпер важна не страціць існуючыя магчымасці і перспектывы. Галоўнай тэмай абмеркавання падчас сустрэчы міністра з прафесарса-выкладчыцкім складам і студэнтамі сталі новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, якая зараз праходзіць экспертную ацэнку, і рэалізацыя мадэлі “Універсітэт 3.0”.  

— Не толькі рыхтаваць кадры пад патрэбы эканамічнага і сацыяльнага сектараў, але і працаваць на апераджэнне, — задаў арыенцір Ігар Карпенка. — Сістэма вышэйшай адукацыі мадэрнізуецца, таму што неабходна ўлічваць запыты эканомікі, новыя, перспектыўныя напрамкі і інвестыцыйную палітыку дзяржавы. Зыходзячы з пералічаных фактараў, Міністэрства эканомікі будзе вызначаць патрэбнасць у кадрах, а Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — прагназаваць дэмаграфічныя змяненні і дынаміку рынку працы. На наступным этапе сумеснай работы міністэрстваў будуць створаны прафесійныя стандарты, заснаваныя на патрэбах рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. У сваю чаргу ўстанова вышэйшай адукацыі, выступаючы ў ролі падрадчыка па патрыхтоўцы кадраў, распрацуе адукацыйныя стандарты, вучэбныя планы і праграмы, па якіх будуць рыхтавацца будучыя спецыялісты.

Як паведаміў міністр, для павышэння канкурэнтаздольнасці выпускнікоў новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі прадугледжвае адыход ад тыпавых вучэбных планаў: УВА будзе дадзена права самастойна вызначаць да 50 працэнтаў вучэбных дысцыплін, каб аператыўна рэагаваць на змяненні ў пажаданнях наймальнікаў і запытах рынку працы. Адпаведна вучэбныя праграмы павінны быць комплекснымі і ўяўляць сабой завершаныя блокі, пры гэтым неабходна выключыць дубліраванне матэрыялу школьнага курсу. Дзве ступені падрыхтоўкі на ўзроўні вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят і магістратура) прапанавана захаваць. Прыярытэтнае значэнне набывае падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях інавацыйнай, вынаходніцкай і прадпрымальніцкай накіраванасці. Удасканалена метадалогія адукацыйнага працэсу, выкарыстоўваюцца інавацыйныя тэхналогіі навучання, уведзены новыя дысцыпліны. У ліку прыярытэтаў — камерцыялізацыя вынікаў навуковай і навукова-даследчай дзейнасці. Перайначылася і роля выкладчыка як галоўнага носьбіта ведаў: ён цяпер у першую чаргу выступае правадніком па свеце даступнай інфармацыі.

У размове закраналіся пытанні развіцця сеткавай адукацыі, перспектывы стварэння ІТ-універсітэта, перавагі і “падводныя камяні” сацыяльных сетак, рамонт стадыёна ў ВДУ (які, запэўніў міністр, сёлета завершыцца). Таксама Ігар Карпенка расказаў пра сумесную ініцыятыву Міністэрства адукацыі па ўзаемадзеянні са спецыялістамі Сусветнага банка, інвестыцыйны праект “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь” і яго мерапрыемствы, накіраваныя на мадэрнізацыю інфраструктуры 18 УВА, стварэнне сучасных вучэбна-лабараторных падраздзяленняў, павышэнне інтэграванасці і канкурэнтаздольнасці сістэмы вышэйшай адукацыі ў міжнароднай адукацыйнай прасторы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Наталлі Тарарышкінай.