×

Рэспубліканскі апошні званок празвінеў у Оршы

01.06.2019 15:55,

Маладзёжная сталіца 30 мая вітала самых таленавітых і паспяховых у вучобе, спорце і творчасці выпускнікоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Цудоўнае свята ў знакамітай аршанскай Лядовай арэне стала шыкоўным падарункам для амаль 1,7 тысячы юнакоў і дзяўчат. Падзяліць з імі радасць уступлення ў самастойнае жыццё прыбылі прадстаўнікі ўрада, кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама і Аршанскага гарвыканкама, бацькі і педагогі.

На ўрачыстай лінейцы міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка агучыў прывітанне кіраўніка дзяржавы навучэнцам 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. “Апошні школьны званок азначае пачатак новага дарослага жыцця, адчыняе дзверы ў свет вялікіх магчымасцей, адказных рашэнняў, амбіцыйных планаў, — звяртаецца да моладзі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. — Сёння вы развітваецеся з дзівосным часам, напоўненым рамантыкай школьных дзён, развітваецеся з настаўнікамі і аднакласнікамі, дорыце цёплыя словы ўдзячнасці педагогам за салідны багаж ведаў, сябрам — за дапамогу і падтрымку, бацькам — за тое, што былі побач і мудра накіроўвалі на гэтым шляху. Вам давядзецца зрабіць першы самастойны выбар прафесіі, інвесціраваць усе свае веды і набыты вопыт у стварэнне ўласнай паспяховай будучыні. Перакананы, што вамі рухаюць высакародныя памкненні і вы гатовы накіраваць энергію маладосці, розум, талент на рэалізацыю высокіх мэт у імя міру і росквіту нашай роднай Беларусі. Жадаю вам моцнага здароўя, творчага натхнення і шчаслівага яркага жыцця!”

Ігар Карпенка ўручыў узнагароды выдатнікам вучобы і пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў у намінацыях “Інтэлект-2019” і “Чэмпіён-2019”. Падзякай міністра адукацыі за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у выхаванне навучэнскай мола­дзі, актыўную грамадзянскую пазіцыю і каштоўнымі падарункамі адзначаны класныя кіраўнікі — настаўнік фізічнай культуры і здароўя Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №2 Сяргей Камінскі, настаўніца гісторыі гімназіі № 51 Гомеля Ірына Кротава, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці Наталля Сідор і гімназіі Дзяржынска Мін­­скай вобласці Аксана Хацкевіч, настаўнікі рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №13 Оршы Віцебскай вобласці Галіна Шалашэнь, гімназіі №13 Мінска Наталля Угарэнка і Кальчунскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці Ала Урбан. У намінацыі “Талент-2019” узнагароды лепшым выпускнікам уручыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, у намінацыі “Лідар-2019” — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін.

Удзельнікі і госці ўрачыстасці ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны і ­ўсклалі кветкі да Кургана Славы.

— Сімвалічна, што ў гэтым годзе, аб’яўленым Годам малой радзімы, і напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рэспубліканскае свята “Апошні званок” адбываецца ў Оршы — маладзёжнай сталіцы Беларусі, — адзначыў Ігар Карпенка. — Аршанская зямля з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны апынулася ў зоне ваенных дзеянняў. Пад Оршай упершыню быў зроблены залп легендарнай рэактыўнай устаноўкі “Кацюша”. Праславіўся горад і тым, што тут дзейнічала вядомая падпольная арганізацыя Канстанціна Заслонава. Кожны трэці беларус загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Каб не паўтараць памылак мінулага і шана­ваць сучаснасць, трэба памятаць, якой дарагой цаной дастаўся нам мір. Не забывайце, што вы, сённяшнія выпускнікі, — будучыня краіны. Якімі вы станеце — такім і будзе жыццё на нашай зямлі. Памятайце ўсе тыя важныя веды, што вам далі настаўнікі, з удзячнасцю шануйце працу, якую яны ў вас уклалі. Тады ў вас абавязкова ўсё атрымаецца, вы зможаце пераадолець усе цяжкасці і ўпэўнена пойдзеце наперад па жыцці. Жадаю вам поспехаў, каб свае веды, вопыт, уменні, асабістыя якасці, а потым прафесійныя веды вы прыклалі на карысць Радзімы і нашага народа.

Увечары выпускнікоў чакалі грандыёзны канцэрт у Лядовай арэне з удзелам папулярнага мала­дзёжнага выканаўцы Івана Вабішчэвіча, груп Naviband і “Без Білета” (хэдлайнерам выступіў Аляксей Вараб’ёў), запальная дыскатэка і святочны феерверк. Шэраг мерапрыемстваў у рамках святочнай праграмы прайшоў у Оршы 31 мая.

Як паведаміў Ігар Карпенка ў гутарцы з журналістамі, сёлета апошні званок празвінеў у 3035 установах агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі. Парог даросласці пера­ступілі каля 56 тысяч выпускнікоў 11-х класаў. Наперадзе ў іх выпускныя экзамены, цэнт­ралізаванае тэсціраванне, уступная кампанія. Паводле слоў міністра адукацыі, у Оршы нарадзілася ідэя далей право­дзіць рэспубліканскі “Апошні званок” у розных рэгіёнах: штогод — у новай маладзёжнай сталіцы рэспублікі, зрабіўшы гэта добрай традыцыяй.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.