×

Родам з Сярковіц

10.03.2020 11:48,

Саракавыя гады ХХ стагоддзя ў гісторыі цяперашняга аграгарадка Сярковіцы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці адзначаны крывавымі бітвамі. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны недалёка ад вёскі ў лесе дзейнічала адно з самых вялікіх у раёне партызанскіх злучэнняў — атрад Гудкова. Вядомы Сярковіцы і сваімі выхадцамі, якія ўнеслі вялікі ўклад у агульную перамогу савецкага народа над фашызмам. Марыя Барысаўна Осіпава ўдзельнічала ў складзе партызанскай групоўкі ў аперацыі “Адплата” па ліквідацыі гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Адвага і кемлівасць жанчыны дазволілі атраду паспяхова справіцца з пастаўленай задачай. За гэты поспех ураджэнка Сярковіц была ўдастоена найвышэйшай узнагароды — звання Героя Савецкага Саюза.

Шмат хто з жыхароў гэтай вёскі не вярнуўся з вайны... Але былі і тыя, хто прывёз у душы з фронту бязмерную радасць Вялікай Перамогі. Васіль Ермаловіч і Пётр Кавалеўскі не толькі прайшлі вайну да канца, але і паў­дзельнічалі ў пасляваенным адраджэнні малой радзімы. Гады забралі жыцці ветэранаў, аднак подзвіг землякоў тут не забыты! Штогод напярэдадні Дня Перамогі навучэнцы Кастрычніцкай базавай школы ўскла­даюць вянкі і кветкі да магілы невядомага салдата ў самым цэнтры аграгарадка. Агульнымі намаганнямі жыхароў Сярковіц у мясцовай школе створаны музей. Некалі звычайнае дапаможнае памяшканне ператварылася ў храм памяці аб доблесці аднавяскоўцаў.

Першапачаткова школьны музей складаўся з атрыбутаў беларускага рамесніцтва. Але з часам сярод экспанатаў з’явіліся вайсковы рыштунак і абмундзіраванне, ордэны і медалі ветэранаў. Тут захоўваецца партабак, падпісаны ў дар баявому сябру, аўтограф героя — Марыі Осіпавай, а таксама савецкія газеты і літаратура ваеннага перыяду. Ад Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі ў Сярковіцах доўгі час функцыянаваў гурток краязнаўства, дзе ў рамках заняткаў навучэнцы мясцовай школы вывучалі мінулае малой радзімы, рабілі свой пасільны ўклад ва ўвекавечанне яе гісторыі. І па гэты дзень школьнікі рэгулярна наведваюць партызанскія зямлянкі, даглядаюць магілы ветэранаў, ускладаюць да іх кветкі.

Жыхары Сярковіц шануюць сваіх продкаў і з павагай ставяцца да гістарычнага мінулага малой радзімы. Вялікая заслуга ў гэтым педагогаў Кастрычніцкай базавай школы Талачынскага раёна. Ва ўстанове адукацыі рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы, якія фарміруюць у моладзі правільныя жыццёвыя прынцыпы: сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, ветэранамі Узброеных Сіл, праф­арыентацыйныя і ваенна-патрыятычныя акцыі. Многія з выпускнікоў школы вырашылі звязаць сваю кар’еру з сілавымі структурамі. Выпускнікі, у якіх не было медыцынскіх супрацьпаказанняў, прайшлі тэрміновую ваенную службу, многія засталіся па кантракце і па гэты дзень з гонарам выконваюць задачы па абароне нашай краіны. Сярод іх — і сяржанты, і прапаршчыкі, і афіцэры. І не толькі прадстаўнікі моцнага полу, але і некаторыя дзяўчаты прымералі на сябе пагоны. Яны — частыя госці ў школе: сустракаюцца з цяперашнімі навучэнцамі і расказваюць аб сваім жыццёвым шляху, выбары прафесіі і тым, як са звычайных сельскіх дзяцей яны ператварыліся ва ўзорных абаронцаў Айчыны.

У канцы мінулага года шэрагі вайскоўцаў тэрміновай службы папоўніў наш выпуск­нік Уладзіслаў Караткевіч. Служыць ён у адным з падраздзяленняў 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Яшчэ ў школьныя гады Уладзіслаў праяўляў цікавасць да вайсковай службы. Падчас заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы быў асабліва цікаўным і ўважлівым, жадаючы паглыблена пранікнуцца ваенным укладам жыцця. Удзельнічаў у спаборніцтвах, што праводзяцца з мэтай праверкі ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі дапрызыўнікоў да вайсковай службы.

— Я ўпэўнены, што армія на самай справе школа, якая ператварае хлопцаў у сапраўдных мужчын, — падзяліўся Уладзіслаў Караткевіч. — Мой бацька — воін-інтэрнацыяналіст, брат працаваў у МНС. А я выбраў армію. У Сярковіцах не знойдзецца чалавека, які б засумняваўся ў важнасці свяшчэннага абавязку па абароне Айчыны. Так нас выхавалі бацькі, дзяды, педагогі ў школе. Таму для мяне вайсковая служба — гэта велізарная адказнасць і гонар.

Яшчэ нядаўна Кастрычніцкая школа была сярэдняй. На жаль, з кожным годам коль­касць вучняў скарачаецца. Аднак з памяншэннем колькасці нязменнай застаецца высокая якасць ведаў выпускнікоў установы адукацыі. Наша школа — своеасаблівы знак якасці, доказ гэтага — шматлікія заслугі нашых выпускнікоў у разнастайных напрамках дзейнасці — ад узорнай працы да высокіх спартыўных дасягненняў.

Ашот ГРЫГАРАН,
выкладчык фізічнай культуры і здароўя Кастрычніцкай базавай школы Талачынскага раёна.
Фота Таццяны ГРЫГАРАН.