×

Сэлфі ў школьнай бібліятэцы

11.05.2019 15:32,

Важнасць візуальнай прывабнасці сучаснай школьнай бібліятэкі сёння разумеюць многія. У наш час бібліятэчная прастора не столькі месца знаходжання кніг і іншых носьбітаў інфармацыі, колькі прастора для карыстальніка. Неабходна стварыць такую абстаноўку і псіхалагічную атмасферу, якая выкліча прыхільнасць дзяцей, ды і дарослых, да чытання, зносін і творчасці, ператворыць наведванне бібліятэкі ў яркую падзею. У гэтым могуць дапамагчы фотазоны — тэматычна аформленыя цэласныя кампазіцыі, зробленыя з выкарыстаннем розных матэрыялаў і прадметаў спецыяльна для фатаграфавання.

З 1 лютага па 30 красавіка на Віцебшчыне праходзіў абласны конкурс фотазон, прысвечаны Году малой радзімы. Конкурс быў накіраваны на папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю, павышэнне цікавасці да сучаснай бібліятэкі, прэстыжу чытання сярод дзяцей і моладзі. Конкурс быў арганізаваны галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. На разгляд журы паступіла 212 работ (199 — ад устаноў агульнай сярэдняй і 13 — ад устаноў сярэдняй спецыяльнай i прафесiйна-тэхнічнай адукацыі) па пяці намінацыях: “Славутасці роднага краю” (22 работы), “Гонар роднага краю” (68), “Традыцыі роднага краю” (26), “Культурная спадчына роднага краю” (67) і “Прыроднае багацце роднага краю” (29). Пасля папярэдняга адбору журы было прынята рашэнне выбраць з намінацыі “Гонар роднага краю” фотазоны, прысвечаныя 75-годдзю Вялікай Перамогі (11 работ), а з намінацыі “Культурная спадчына роднага краю” — фотазоны, якія адлюстроўваюць сельскі побыт беларусаў, — “Наперад у мінулае” (12 работ). Многія прадстаўленыя работы адрозніваліся арыгінальнасцю і эстэтыкай кампазіцыйнага рашэння, глыбінёй раскрыцця тэмы, творчым падыходам, унікальнасцю ідэі, дызайнерскімі знаходкамі, гарманічным спалучэннем колераў. Фотазоны былі размешчаны як у бібліятэках, так і ў рэкрэацыях, фае школ, музейных пакоях, кабінетах.

У залежнасці ад заяўленай тэматыкі бібліятэкары выкарыстоўвалі для афармлення фотазон бібліятэчныя інсталяцыі, фотавыявы рознага памеру, тантамарэскі, драпіроўкі тканінай, разнастайныя аксесуары (спартыўны інвентар, элементы касцюма, парыкі), фотарэквізіт (маскі, рамкі; хэштэгі, надпісы), арыгінальныя прадметы, якія дапамагаюць стварыц­ь задуманую атмасферу, дэкарацыі. І вядома, у кожнай фотазоне галоўным атрыбутам з’яўлялася кніга.

Усе ўдзельнікі падышлі да работ адказна, захоплена і з любоўю да сваіх чытачоў. Конкурс паказаў, што фотазона надае бібліятэчнай прасторы асаблівы каларыт, прыцягвае карыстальнікаў, робіць бібліятэку папулярнай, прадстаўляе яе ў новым абліччы.

Алена БАБІЧ,
метадыст аддзела інфармацыйнага забеспячэння Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.