×

Сэрцам адданая роднай зямлі

06.07.2019 15:00,

У кожнага чалавека ёсць свая радзіма, і кожны па-свойму любіць яе. Любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Любіць родную прыроду і свой народ. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 21 Віцебска Ніна Барысаўна Цімошчанка — сапраўдны патрыёт сваёй краіны.

Асноўнымі мэтамі работы ў школе яна лічыць выхаванне любові да роднай мовы, развіццё цікавасці да ўрокаў беларускай мовы і літаратуры, пазнавальнай і творчай актыўнасці навучэнцаў школы. На працягу ўсяго свайго прафесійнага шляху — больш за 30 гадоў — Ніна Барысаўна ажыццяўляе пошук эфектыўных метадаў i сродкаў для павышэння матывацыі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Яна праяўляе сябе як высокакваліфікаваны спецыяліст, які імкнецца развіваць у навучэнцаў цікавасць да вывучэння роднай мовы.

Вялікае значэнне ў папулярызацыі беларускай мовы і культуры Ніна Барысаўна надае пазакласнай дзейнасці. Яе вучням падабаецца прымаць удзел у такіх мерапрыемствах, як літаратурныя гасцёўні і паэтычныя вечары, прысвечаныя творчасці беларускіх празаікаў і паэтаў, урокі дабрыні, гульні КВЗ, інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя славутым імёнам Беларусі. Пад кіраўніцтвам Ніны Барысаўны навучэнцы школы ўдзельні­чаюць у конкурсах і канферэнцыях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроў­ню і перамагаюць.

У снежні 2018 года вучаніца 10 класа Стафанія Пальчэх атрымала дыплом I ступені на міжрэгіянальных чытаннях “Яна мне дадзена адзіная, на ўсё жыццё, на цэлы век”, прысвечаных Году малой радзімы (Орша). Таксама Стафанія з’яўляецца пераможцай IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Дыялог моў і культур XXI стагоддзя”, якая прайшла ў гімназіі № 2 Віцебска ў красавіку 2019 года.

Штогод 21 лютага Ніна Барысаўна са сваімі навучэнцамі праводзіць акцыю, прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы: настаўніца і вучні размаўляюць з жыхарамі Віцебска пра ролю беларускай мовы ў іх жыцці. Добрай традыцыяй у школе стала правя­дзенне тыдняў, прысвечаных роднай і любімай мове, пад назвай “Жыве беларуская мова!”. Тыдні беларускай мовы заўсёды насычаны мноствам мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел вучні 1—11 класаў. Асабліва падабаюцца ім віктарыны і конкурсы знаўцаў роднай мовы, арганізаваныя Нінай Барысаўнай.

А яшчэ Н.Б.Цімошчанка захапляецца паэзіяй і сваю любоў да яе прывівае дзецям. Штогод пад кіраўніцтвам Ніны Барысаўны вучні паспяхова ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе юных чытальнікаў “Жывая класіка”. У вольны час настаўніца стараецца пісаць новыя радкі пра родны край і любоў да Беларусі. І вось што выйшла з-пад яе пяра нядаўна.

Мая зямля

На бледным ружаватым небасхіле

Самотны месяц першы

крок зрабіў,

Сваім святлом празрыстым

 непахільна

Усё навокал ён пасерабрыў.

Праз хмары ярка зорка

мільганула,

Затым другая, трэцяя… І зноў

У маёй душы як штосьці

ўскалыхнула —

Пяшчота, захапленне і любоў.

Мне падабаецца

на зоркі любавацца

І слухаць, як спявае салавей.

Люблю тваёй прыродай

любавацца,

Люблю цябе мацней, усё мацней.

Мая зямля, цябе не прамяняю

На райскі покліч,

смак чужых зямель!

Жыцця я без цябе не ўяўляю,

Ты напаўняеш сэнсам

кожны дзень.

Зямля мая — бацькоўская зямля,

Пашчасціла і мне тут нарадзіцца.

Ад першага світання да цямна

Табой, любімая,

я буду ганарыцца.

Мой голас і сэрца спяваюць

пра гэта,

Жывуць тут мае карані.

І мудрых продкаў вечная мэта —

Радзіму і мову любі.

 

Іван АТРАХІМОВІЧ,
настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы  № 21 Віцебска.
Фота Ганны ГАЛУШКІ.