×

Школа выбірае здароўе

05.02.2020 13:56,

У сярэдняй школе № 8 Оршы ёсць добрая традыцыя — штогод праводзіць конкурс фітнес-зарадкі “Я выбіраю здароўе”. Нядаўна адбылося чарговае мерапрыемства.

Гэты конкурс нікога не пакідае абыякавым. Усе класы рыхтуюцца да гэтага дня: падбіраюць музыку і касцюмы, сцэнарый выступлення. Неацэнную дапамогу аказвае навучэнцам настаўніца танцаў К.А.Шымко. Чакаюць гэтага дня самі дзеці, чакаюць бацькі, якія прыходзяць падтрымаць і акунуцца ў атмасферу свята.

У суботу з самай раніцы ўсе месцы ў глядзельнай зале былі занятыя. Адкрыла свята агітбрыгада 10 класа разам з класным кіраўніком А.У.Загарэльскай. Навучэнцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што здаровы лад жыцця шанавала кожнае пакаленне: здароўе — гэта дар, які трэба зберагчы кожнаму.

Журы чакала нялёгкая задача — выбраць найлепшых. Гэта аказалася складана, бо ўсе нумары былі яркія і крэатыўныя, многія класы выходзілі на сцэну ўсім складам, дэманструючы пры гэтым зладжанасць і высокую падрыхтоўку.

Конкурс завяршыўся пад бурныя авацыі гледачоў, але галоўнае, што засвоілі абсалютна ўсе прысутныя: здароўе — перш за ўсё рухальная актыўнасць і добры настрой, якімі трэба заражаць усіх навакольных. Наша школа выбірае здароўе!

Вольга ШКУРДЗЮК,
настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 8 Оршы.
Фота Наталлі БОХАН.