×

Шляхам творчага пазнання і натхнення

05.10.2019 15:56,

Жамчужына Віцебшчыны, альма-матар соцень слынных мастакоў, педагогаў, мастацтвазнаўцаў і дызайнераў, мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава адсвяткаваў 60-годдзе. МГФ на працягу свайго існавання фарміруе мастацкую і адукацыйную культуру не толькі абласнога цэнтра, але і рэгіёна, краіны ў цэлым.


Аляксей Ягораў уручае грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Юліі Бежанар.

Па словах рэктара ВДУ Аляксея Ягорава, ва ўніверсітэце факультэт знаходзіцца на асаблівым рахунку. Гэта адно з вядучых структурных падраздзяленняў УВА з сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай і багатым вопытам міжнароднай дзейнасці, а галоўная яго задача — падрыхтоўка выкладчыкаў, педагогаў-мастакоў для ўстаноў адукацыі і культуры, мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайнераў. Павіншаваць факультэт са знамянальнай датай з’ехаліся выпускнікі, вучоныя, мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі і многіх краін свету, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання.

— Кожны, хто ўязджае ў Віцебск па Маскоўскім праспекце, мае магчымасць пабачыць слоган з простымі словамі: “Віцебск — горад мастакоў”, — падзяліўся думкамі намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. — Гэтая аксіёма не выклікае сумненняў. Мы святкуем юбілей мастацка-графічнага факультэта і разумеем: як феномен культурна-адукацыйнай прасторы ён паказаў сябе свету значна раней — з 1918 года існуючы ў фармаце вучылішча, мастацкіх майстэрань, інстытута, тэхнікума, зноў вучылішча, пакуль у 1959 годзе здарылася тое, што даўно павінна было здарыцца. Як і многія прысутныя на ўрачыстасцях, я таксама выпускнік ВДУ. Вучыліся мы на розных факультэтах, але, напэўна, кожны пагодзіцца: менавіта МГФ прыцягваў агульную ўвагу. Яго студэнты на хіт-парадах збіралі поўныя залы, бо выступленні раскрывалі ўнікальны погляд на свет. Ён знаходзіў увасабленне на сцэне, але найперш — у мастацкіх работах, якія сёння ўпрыгожваюць экспазіцыі музеяў, мастацкіх галерэй Беларусі і замежжа. Думаю, мы можам сказаць, што мастацка-графічны факультэт — душа ўніверсітэта.

Віцебск адзначыў юбілей ярка і запамінальна. 100 сваіх работ падарыў МГФ мастак Фелікс Гумен — першы за ўсю гісторыю мастацкай адукацыі ў Савецкім Саюзе выпускнік установы вышэйшай адукацыі, хто напісаў і абараніў дыпломную работу па жывапісе ў тэхніцы акварэлі, цудоўны майстар, які выхаваў не адно пакаленне вядомых мастакоў. У выставачнай зале мастацка-графічнага факультэта з поспехам прайшла лекцыя-прэзентацыя “Прафесійная творчасць мастака-акварэліста Ф.Ф.Гумена”. У Віцебскім мастацкім музеі адкрылася выстава “У гонар роднай альма-матар”, дзе ўпершыню на адной арт-прасторы суст­рэліся некалькі пакаленняў выкладчыкаў і выпускнікоў факультэта. Экспазіцыю склалі больш за 100 работ з фондаў музея — па адной скульптурнай, графічнай ці жывапіснай кампазіцыі кожнага аўтара. Прэзентацыя работ выпускнікоў МГФ — як падаючых надзеі пачаткоўцаў, так і знакамітых майстроў розных напрамкаў і жанраў — сабрала сяброў у зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. Асноўнымі крытэрыямі адбору работ для выставачнага праекта сталі адметны творчы почырк і актыўная творчая дзейнасць; пераважная большасць удзельнікаў выставы — члены Беларускага саюза мастакоў, многія выкладаюць у мастацкіх школах і ўстановах вышэйшай адукацыі. У ВДУ адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыі “Нацыя­нальныя традыцыі ў сучасным мастацтве і мастацкай адукацыі”.

Вучоныя, мастацтвазнаўцы, педагогі з 7 краін свету абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў, якія закраналі традыцыі ў сучасным мастацтве і дызайне, праблемы педагогікі, методыкі і практыкі выкладання мастацкіх і графічных дысцыплін, пераемнасці ў фарміраванні і развіцці нацыя­нальных мастацкіх школ, перспектывы арт-педагогікі і арт-тэрапіі, тэхналогіі менеджменту і маркетынгу ў мастацтве, дызайне і мастацкай адукацыі. Праграма святочных мерапрыемстваў уключала таксама пасяджэнне вучонага савета ўніверсітэта і выставу дасягненняў ВДУ імя П.М.Машэрава ў галіне адукацыі, навукі і культуры “Галерэя жывых карцін”. Кульмінацыйнай падзеяй чатырохдзённых урачыстасцей стаў святочны канцэрт “Альманах “Вытокі. Асвета. Творчасць” — маштабная прэзентацыя мастацка-графічнага факультэта.

Ад імя кіраўніцтва вобласці і асабіста найлепшыя пажаданні юбіляру выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Ён агучыў віншавальны адрас і перадаў Аляксею Ягораву Ганаровую грамату абласнога выканаўчага камітэта, якой калектыў ВДУ ўзнагароджаны за падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў і навуковых работнікаў, умацаванне інавацыйных і адукацыйных праграм, навуковых праектаў у эканоміку вобласці. Ганаровай граматай аблвыканкама адзначаны дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Сяргей Сотнікаў, падзякай аблвыканкама — дэкан мастацка-графічнага факультэта Галіна Бабровіч. Узнагародамі, у ліку якіх ганаровыя граматы і падзякі ВДУ імя П.М.Машэрава, адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска, Віцебскага гарвыканкама, галоўнага ўпраўлення па адукацыі і ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, адзначаны прадстаўнікі працоўнага калектыву ўніверсітэта. За шматгадовую і добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і ў сувязі з 60-гадовым юбілеем мастацка-графічнага факультэта нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджана загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Ірына Сысоева; ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны загадчык кафедры дызайну, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Валерый Кулянёнак, дацэнт кафедры дызайну кандыдат педагагічных навук Уладзімір Каваленка і дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва кандыдат педагагічных навук Дзмітрый Сянько; граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва кандыдат мастацтвазнаўства Міхаіл Цыбульскі, загадчык кафедры выяўленчага мастацтва кандыдат педагагічных навук Алена Сакалова, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Алег Кастагрыз і прарэктар ВДУ па выхаваўчай рабоце, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Юлія Бежанар. Пастановай савета ўніверсітэта званне “Ганаровы прафесар ВДУ імя П.М.Машэрава” прысуджана доктару педагагічных навук прафесару Віктару Вінаградаву, генеральнаму дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдату мастацтвазнаўства, заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Пракапцову і доктару педагагічных навук, прафесару, старшыні Аб’яднання педагогаў-мастакоў Даўгаўпілса Аляксандры Шляхавай.

— Прыемна і хвалююча стаць ганаровым прафесарам у альма-матар, для мяне гэта вельмі знакавая і пачэсная ўзнагарода, — адзначыў Уладзімір Пракапцоў. — Я ўдзячны лёсу, што паступіў на мастацка-графічны факультэт у Віцебску. Выпускнікі факультэта сёння дастойна працуюць у самых розных сферах, развіваюць мастацкія традыцыі ва ўстановах адукацыі, культуры і нават паспяхова ствараюць канкурэнцыю выпускнікам нашай Беларускай акадэміі мастацтваў. Вялікі дзякуй і нізкі паклон педагогам, якія не толькі выхоўвалі і вучылі нас як мастакоў, настаўнікаў, але і прынялі ў сваю дружную сям’ю, далі бясцэнныя ўрокі жыцця.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.