×

Штуршок да руху наперад

05.03.2020 14:28,

Рэгіянальны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 адбыўся на Віцебшчыне.

Кожны конкурсны дзень — новая яркая ста­ронка, дэманстрацыя майстэрства, засяроджаная праца і віраванне эмоцый! У ВДУ імя П.М.Машэрава ўдзельнікі па кампетэнцыі “Графічны дызайн” распрацоўвалі лагатып і постар для маладзёжнага кафэ. У Індус­трыяльна-педагагічным каледжы ВДТУ і Віцебскім дзяржаўным політэхнічным прафесійным ліцэі маладыя прафесіяналы спаборнічалі па самых смачных кампетэнцыях — “Хлебапячэнне” і “Кандытарскае мастацтва”. У першай з кампетэнцый ім трэба было на працягу пяці гадзін працы без перапынкаў пад пастаянным наглядам экспертаў спячы па 5 прэтцаляў (нямецкі абаранак), 2 багеты, 5 здобных булачных вырабаў з начынкай на аснове морквы, 2 складаныя плеценыя вырабы — пераканаўчае практычнае пацвяр­джэнне не толькі валодання сучаснымі тэхналогіямі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне хлебапячэння, творчых уменняў, але і  стрэсаўстойлівасці, цярпення і вытрымкі. Канкурсанты па кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” на працягу двух дзён выконвалі кампазіцыю з карамелі, гатавалі бісквітны торт і корпусныя цукеркі ручной работы з начынкай — гэта ўжо высокае мастацтва, якое патрабуе ведання найноўшых тэхналогій і пастаян­нага самаразвіцця.

Не менш захапляльнымі і падзейнымі былі і спаборніцтвы ў іншых кампетэнцыях. Падчас конкурсу “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын” на базе рэсурснага цэнтра Гарадоцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа ўстанову адукацыі наведалі дэлегацыі з Расіі і Эстоніі. Сярод расійскіх гасцей былі дырэктары Яраслаўскага аўтамеханічнага і Любімскага аграрна-політэхнічнага каледжаў, Яраслаўскага політэхнічнага каледжа № 24, прадстаўнікі сельскагаспадарчага прад­прыемства “Вашчажнікава” ААТ “Аграфірма Земляроб”.

 — Мы зацікаўлены ў працягу і пашырэнні супрацоўніцтва, — паведаміў дырэктар Любімскага аграрна-політэхнічнага каледжа Аляксей Дзміт­рыеў. — У лістападзе мінулага года нашы беларускія партнёры прынялі запрашэнне на рэгіянальны этап WorldSkills Russia. Мы з калегамі абмяняліся вопытам, а навучэнец з Гарадка Віталь Мароз удала выступіў па кампетэнцыі “Сельскагаспадарчыя машыны”: па балах па-за конкурсам ён выйшаў на 2-е месца. Сёння мы знахо­дзімся тут з візітам у адказ, наш навучэнец і пераможца ў названай кампетэнцыі Аляксандр Фіраў удзель­нічае ў спаборніцтве. Яшчэ адна мэта сустрэчы — падпісанне трохбаковага пагаднення аб падрыхтоўцы кадраў у галіне сельскай гаспадаркі, паводле якога ў тым ліку плануем гэтай вясной пачаць абмен навучэнцамі для праходжання вытворчай практыкі на сельгаспрадпрыемствах. Нам ёсць чаму павучыцца ў гарадаччан у плане ўдасканальвання матэрыяльна-тэхнічнай базы і вучэбна-метадычнага забеспячэння. З другога боку, як мне бачыцца, у нас лепш наладжана супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў, арганізацыя вытворчай практыкі і працаўладкаванне выпускнікоў.

Спаборніцтвы ў фармаце WorldSkills па трох модулях (тэхнічнае абслугоўванне газаразмеркавальнага механізма і рэгуляванне паліўнай апаратуры рухавіка Д-260; падрыхтоўка да камплектавання ворыўнага машынна-трактарнага агрэгата ў складзе трактара МТЗ-1221.2 і плуга ППА-(4 + 1)-40КЗ; камплектаванне машынна-трактарнага агрэгата ў складзе трактара МТЗ-1523В і машыны для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў МТТ-9) у Гарадку прайшлі ўпершыню. Удзельнікі і эксперты адзначылі як іх добрую арганізацыю, так і гасціннасць гаспадароў, культурную праграму з канцэртамі, сама­дзейным шоу “Містар каледж — 2020”, экскурсіяй па райцэнтры і наваколлі. Пераможцам стаў Віталь Мароз, які набраў 98 балаў са 100 магчымых. На 2-е месцы апынуўся Данііл Бельскі з Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, 3-е падзялілі Раман Салавей з Лепельскага дзяржаўнага аграрнага каледжа і Аляксандр Фіраў (Расія, па-за конкурсам).

Іх сапернікі выявілі моцную падрыхтоўку і склалі лідарам дастойную канкурэнцыю: напрыклад, уладальніка 4-га месца Мікалая Валейку з Полацкага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці аддзяліла ад прызавой тройкі ўсяго палова бала. Калі гутарыла з будучымі механізатарамі пра шлях у прафесію і далейшыя планы, была ўражана іх сур’ёзнай матываванасцю, гатоўнасцю многа і старанна працаваць на вынік і… падабенствам у біяграфіях, светаўспрыманні. Так, пераможцы беларускага і расійскага рэгіянальных этапаў WorldSkills абодва з вёскі, з дзяцінства захапляліся тэхнікай, любоў да якой прывілі таты-механізатары, сябруюць са спортам, абодва свядома выбралі прафесію і месца вучобы — каледж сельскагаспадарчага профілю, пасля заканчэння якога маюць намер адслужыць у арміі і працаваць у сельскай гаспадарцы. Абодва імкнуцца дасягнуць высокага прафесійнага майстэрства і поспеху ў рабоце, а пасля ўдзелу ў WorldSkills задумаліся над варыянтамі працягу прафесійнай адукацыі. 

— У Расіі расце доля прыватнага капіталу ў аграрным сектары, — адзна­чыў дырэктар Гарадоцкага аграрнага каледжа Уладзімір Шыцько. — Там таксама востры дэфіцыт кадраў, што падштурхоўвае работадаўцаў ісці на блізкае ўзаемадзеянне з профільнымі ўстановамі прафадукацыі. У хо­дзе практыкі пасля кароткай стажыроўкі навучэнцы працуюць нароўні з работнікамі сельгаспрадпрыемства на сучаснай тэхніцы (трактарны парк поўнасцю абноўлены), ім выплачваюць заробленыя грошы (каля 30—35 тысяч расійскіх рублёў у месяц), бясплатна прадастаўляюць месца для пражывання ў камфартабельным інтэрнаце і забяспечваюць бясплатным трохразовым харчаваннем. Менавіта да такога наймальніка мы плануем накіраваць на практыку нашых навучэнцаў, каб яны паглядзелі, як арганізавана гаспадарка. Магчыма, кагосьці гэта падштурхне да дзеяння, і ён пасля каледжа вырашыць паспрабаваць ста ць фермерам у Беларусі. У галоўным нашы падыходы супадаюць: мы павінны даць кожнаму навучэнцу рэалізаваць сябе на практыцы, каб ён мог асвойваць найноўшую тэхніку, дастойна зарабляць і адчуваў сваю запатрабаванасць на сельгасвытворчасці.

Акрамя абмену вопытам у арганізацыі спаборніцтваў прафесійнага майстэрства, дырэктары абмеркавалі і развіццё культурных сувязей, арганізацыю сумесных спартыўных мерапрыемстваў. У канцы сакавіка ў Гарадку намечана правесці міжнародны турнір па валейболе сярод каманд каледжаў, удзел пацвердзілі Расія, Літва, Латвія і Эстонія. Дарэчы, дырэктар Любімскага каледжа расказваў: калі паведамілі аб паездцы на турнір, нават навучэнцы з не лепшай паспяховасцю пастараліся “падцягнуцца”, каб трапіць у каманду.

— Мы ўзаемна падчас візітаў бачым новыя ідэі, што дазваляе крыху па-новаму зірнуць на сябе, стымулюе развівацца, рухацца наперад, — падзяліўся меркаваннем дырэктар Олусцверскай школы абслугоўвання і сельскай эканомікі (Эстонія) Арнольд Пастак. — Я ў Беларусі другі раз, у каледжы мне падабаецца парадак і сістэмнасць у арганізацыі адукацыйнага працэсу, зацікаўленасць выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання сваёй справай. Колькасць абітурыентаў памяншаецца — гэта агульная тэндэнцыя, і адпаведна ў будучыні канкурэнцыю вытры­маюць тыя ўстановы прафесійнай адукацыі, якія найбольш эфектыўна і якасна рыхтуюць навучэнцаў. Спадзяюся, сярод іх будзе і Гарадоцкі дзяржаўны аграрны каледж. Мінулай восенню яго прадстаўнікі прымалі ў нас удзел у конкурсе аратых, у найбліжэйшыя тыдні мы чакаем групу выкладчыкаў з Гарадка на стажыроўку. Нашы навучэнцы і выкладчыкі, у сваю чаргу, рыхтуюцца неўзабаве прыехаць у Гарадок на турнір па валейболе.

У рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “IV Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus — 2020” Віцебская вобласць прыме ўдзел у 33 кампетэнцыях.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.