×

Сустрэча з героем

09.04.2019 10:52,

30 сакавіка, у суботні канікулярны дзень, у Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна было вельмі ажыўлена, святочна і хвалююча. З-за чаго ж панавала такая атмасфера? Ды ўсё таму, што настаўнікі і вучні чакалі сустрэчы з самым сапраўдным касманаўтам. І ён, сапраўды, прызямліўся ў нашай любімай школе. Хто ж гэты таямнічы герой? Гэта Алег Германовіч Арцем’еў — Герой Расійскай Федэрацыі, касманаўт-выпрабавальнік, ганаровы грамадзянін Байканура і Гагарына. Нягледзячы на свой шчыльны працоўны графік, расійскі касманаўт з беларускімі каранямі пастаянна наведвае бацькоў, якія пражываюць у Віцебску.

Алег Германовіч знайшоў час пагутарыць з навучэнцамі і педагогамі. І гэта былі не проста зносіны, а свята, бо ў гэты дзень ва ўстанове адукацыі адкрыўся трэці ў рэспубліцы і першы ў Віцебскай вобласці “Музей космасу”. І першую экскурсію вучні правялі для ганаровага госця і яго сям’і. Элемент рухавіка касмічнага карабля і бартавы часопіс з аўтографам касманаўта — вось які касмічны падарунак атрымалі школьнікі ў наш музей. Алег Арцем’еў адзначыў, што адкрыццё нашага музея адбылося ў знамянальны год — 85-годдзе з дня нараджэння першага касманаўта Юрыя Аляксеевіча Гагарына. Свае пажаданні калектыву школы Алег Германавіч пакінуў у кнізе запісаў ганаровых гасцей.

Пасля адкрыцця музея — адкрыты дыялог з касманаўтам. Вучні, педагогі і жыхары аграгарадка Ноўка змаглі атрымаць адказы на ўсе пытанні з вуснаў чалавека, які пакарыў Космас. Сустрэча падыходзіла да канца, але ніхто не хацеў адпускаць героя. Здавалася, што не скончыцца чарга ўзяць аўтограф і сфатаграфавацца з касманаўтам. У памяць пра знамянальную падзею ў зімовым садзе Алег Арцем’еў разам з вучнем 10 класа Мікалаем Маркевічам пасадзілі “касмічнае” дрэва.

Людміла ПРЫХОДЗЬКА,
настаўніца пачатковых класаў Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.