×

Свяці ярчэй, “Зялёны агеньчык”!

29.08.2019 11:42,

Конкурс па бяспецы дарожнага руху “Зялёны агеньчык” праводзіцца на Чашніччыне па ініцыятыве аддзела па адукацыі райвыканкама. Адметнасць праекта ў тым, што паміж сабой спаборнічаюць дашкольныя ўстановы, а таксама педагогі і агітбрыгады выхаванцаў сярэдняга і старэйшага ўзросту.

— Ідэя нарадзілася ў 2017/2018 навучальным годзе, — расказала куратар праекта метадыст аддзела Юлія Кашпар. — Бяспека дзяцей для нас усіх заўсёды на першым месцы, і вялікае значэнне тут мае веданне правіл дарожнага руху. Мы маем грунтоўны вопыт арганізацыі конкурсаў школьных агітбрыгад ЮІР і вырашылі распаўсюдзіць яго на дашкольныя ўстановы. Праект падтрымалі нашы 10 гарадскіх устаноў, потым да іх далучыліся комплексы “школа-сад” з Красналук, Іванска, Цяпіна і Лукомля. Асноўную работу па падрыхтоўцы ўзялі на сябе кіраўнікі фізвыхавання, музычныя кіраўнікі, выхавальнікі груп. Безумоўна, галоўнай рухаючай сілай сталі дзеці, якім новы конкурс прыйшоўся вельмі да­спадобы, а ўслед і бацькі зацікавіліся, узяліся дапамагаць. Агульнымі сіламі атрымалася стварыць цудоўнае свята. Некаторыя ўдзельнікі нават спецыяльныя сцэнічныя касцюмы падрыхтавалі, хаця гэта не было зацверджана ў палажэнні аб конкурсе. Пра ўзровень падрыхтоўкі агітбрыгад скажу толькі наступнае: пасля прагляду начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Казючыц адразу запрасіў нас на абласны злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху. У выніку традыцыйнае школьнае спаборніцтва адкрывала выступленне нашых дзяцей.

Першы раённы конкурс прайшоў у трох намінацыях: “Лепшая дзіцячая агітбрыгада”,“Арганізацыя работы ўстановы па навучанні выхаванцаў правілам дарожнага руху” і “Лепшы выхавальнік установы дашкольнай адукацыі па навучанні выхаванцаў правілам дарожнага руху і іх прапагандзе сярод бацькоў”.

Агітбрыгады “Зялёнага агеньчыка” актыўна выступаюць у дашкольных установах, на бацькоўскіх сходах, у летніх аздараўленчых лагерах, на абласных мерапрыемствах і святах. Сёлета ў конкурс увялі новую намінацыю, і нечакана ў ходзе падрыхтоўкі яна настолькі зацікавіла ўдзельнікаў, што вырасла ў асобны праект — агляд макетаў “Мая дарога ў дзіцячы сад”. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам з выхавальнікамі і бацькамі выраблялі макеты бяспечнай дарогі ў сваю дашкольную ўстанову. На прадстаўленні макетаў высветлілася: дзеці дружна падрыхтаваліся да творчай абароны работ. Здаецца, змяненне фармату конкурсу па ініцыятыве ўдзельнікаў становіцца яго добрай традыцыяй.

Нямала цікавых задум маюць арганізатары. Падрыхтоўка да новага “Зялёнага агеньчыка” ў раёне ўжо ідзе. І ёсць усе падставы быць упэўненымі, што конкурс атрымаецца яшчэ больш яркім і цікавым.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі Чашніцкага райвыканкама.