×

Свята працаўнікоў вёскі памножылі поспехі іх дзяцей

19.10.2019 11:01,

Панараму дасягненняў, інавацый і вопыту прадставілі ўстановы адукацыі Віцебскага раёна на фестывалі-кірмашы “Дажынкі” ў аграгарадку Кіраўская.

Cярод ганаровых гасцей свята былі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Шчасны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Міраш, старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Вадзім Заранкін, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Міхаіл Прыдыбайла, лідар абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Вазьміцель, першы намеснік старшыні Віцеб­скага гарвыканкама Валянцін Цвяткоў, кіраўнікі мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый, дырэктары ўстаноў адукацыі і, канечне ж, лепшыя працаўнікі раёна.

Педагогі і навучэнцы сустрэлі гасцей музыкай, выставамі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, смачнымі пачастункамі і іншымі прыемнымі сюрпрызамі. Уздоўж адноўленай вуліцы аграгарадка размясціліся арт-аб’екты. Дзяжурны па вакзале ў якасці гіда, вулічныя музыканты ў шыкоўных касцюмах, прыгожыя дамы — усё стварала адчуванне падарожжа ў мінулае. Дзякуючы гістарычнай інсталяцыі, усе жадаючыя маглі пазнаёміцца або яшчэ раз пабачыць велікана Фёдара Махнова (рост якога складаў 285 см), брэнд Кіраўскай — паравоз (непадалёк аграгарадка праходзіць сучасная чыгунка, а ў 1863 годзе яна называлася Дынабург-Віцебская і звязвала Віцебск і Даўгаўпілс, гэта быў буйны праект Аляксандра II), будынак вакзала 1867 года Дынабург-Віцебскай чыгункі (па якой, верагодна, не раз праязджаў Фёдар Махноў), сядзібу Ільі Рэпіна “Здраўнёва”. Цудоўны танец, падораны ў завяршэнне экскурсіі навучэнцамі, дапамог усім вярнуцца з гісторыі ў сучаснасць. Яе творча ўвасобілі ўдзельнікі дзіцячых і мала­дзёжных аб’яднанняў і клубаў. Сваю падрыхтоўку паказалі юныя інспектары дарожнага руху і ратавальнікі-пажарныя — між іншым, сёлета абедзве раённыя каманды занялі другое месца ў абласных аглядах-конкурсах. Сваю работу прадставілі дзіцячыя грамадскія арганізацыі, якія таксама з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі розных абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У 2019 годзе на пасяджэнні абласной дзіцячай палаты БРПА быў абагульнены вопыт работы Віцебскай раённай піянерскай арганізацыі як адной з лепшых у вобласці. Спартыўныя дасягненні прэзентаваў турыстычны клуб “Вяршыня” — прызёр многіх рэспубліканскіх спаборніцтваў. Расказалі навучэнцы і пра свае поспехі ў вывучэнні гісторыі роднага краю, перасовачны музей на колах, распрацаваныя ва ўстановах адукацыі 16 гісторыка-краязнаўчых маршрутаў, квест-экскурсіі.

Яркімі кропкамі на маршруце сталі ўстановы адукацыі Кіраўскай — яслі-сад і  школа. Падарункам да свята для школы стаў новы аўтобус, сродкі на набыццё якога былі выдзелены з абласнога і раённага бюджэтаў. Да пачатку новага навучальнага года ва ўстанове адрамантаваны школьныя кабінеты, харчаблок, сталовая, санітарныя вузлы, інжынерныя камунікацыі, часткова заменены вокны і дзверы, набыты мультыборды, тэлевізары, камп’ютарная тэхніка, тэхналагічнае абсталяванне, спартыўны інвентар.

Госці азнаёміліся з выставай творчых работ навучэнцаў, педагогаў і бацькоў мастацкай раённай галерэі “Арт-птушка Прыдзвіння”, якая была адкрыта ў школе ў 2015 годзе. Пры арт-галерэі працуюць раённыя майстар-класы вядучых майстроў народнай творчасці па розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У раёне вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю талентаў навучэнцаў. У кожнай установе актыўна працуе даследчае таварыства, і вынікі высокія: дыпломы абласных канферэнцый “Эўрыка”, “Квант”, “Вернісаж”, “Я пазнаю свет”, конкурсаў “Энергамарафон”, “Пакажы шлях астролага”, “Юны скрэтчар — 2019”; рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і алімпіяд Hi-Tech, “Scrach алімпіяда—2019”, “Лабараторыя ведаў”, “Адукацыя. Навука. Прафесія”, “Навука ў руках маладых”. Што матывуе дзяцей да вучобы і як удаецца перамагаць, расказалі юныя аматары навукі і іх настаўнікі на інтэрактыўных пляцоўках “Робавіта”, “Фізіка навуковая” (Кастрычніцкая сярэдняя школа), “Хімія ў эксперыментах і доследах” (Старасельская сярэдняя школа), “Хімія інтэрактыўная” (Суражская сярэдняя школа), “Навукова-тэхнічная” (Ноўкінская сярэдняя школа). “Інфарматыку” прадставіў навучэнец 9 класа Кіраўскай сярэдняй школы Цімафей Скрабнёў, пераможца абласнога дыстанцыйнага конкурсу “Юны скрэтчар — 2019”, рэспубліканскага конкурсу “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”, Міжнароднай Scratch алімпіяды — 2019.

Свята аб’яднала мноства падзей і сустрэч, адкрыццяў і знаёмстваў. У аграгарадку ў рамках раённых “Дажынак” адкрыліся парк сямейнага адпачынку і дзіцячая гульнявая і спартыўная пляцоўкі.

Таццяна БОНДАРАВА.