×

Сябруе Віцебск з Узбекістанам

26.10.2019 14:53,

Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны з афіцыйным візітам наведалі 23 кастрычніка Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Насірджан Юсупаў і саветнік Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Даніяр Абідаў.

У сустрэчы прыняў удзел начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Самсановіч. Такая цікавасць да віцебскай установы адукацыі невыпадковая. Сельская гаспадарка — адна з найважнейшых галін для Узбекістана, на папярэдніх пасадах Насірджан Юсупаў працаваў міністрам сельскай гаспадаркі гэтай краіны, а нашы замежныя студэнты атрымліваюць добрую падрыхтоўку і становяцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Асноўнай мэтай візіту кіраўніка дыпламатычнага ведамства ў Віцебск стала азнаямленне з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, гісторыяй і структурнымі падраздзяленнямі акадэміі, сістэмай вышэйшай аграрнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, абмеркаванне пытанняў развіцця беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай аграрнай адукацыі. У ходзе сустрэчы абодва бакі выказалі імкненне і гатоўнасць да больш цеснага супрацоўніцтва, падкрэсліўшы важнасць абмену студэнтамі.

Рэктар ВДАВМ Мікалай Іванавіч Гаўрычэнка акцэнтаваў увагу ўзбекскага боку на тым, што найбольшае значэнне акадэмія надае павышэнню якасці падрыхтоўкі зааветэрынарных спецыялістаў, якая забяспечваецца ўкараненнем інавацыйных форм і тэхналогій навучання, удасканаленнем вучэбных планаў і праграм, павышэннем кваліфікацыі выкладчыкаў. Прарэктар па вучэбнай рабоце акадэміі Уладзімір Аляксандравіч Журба асобна спыніўся на практычных аспектах падрыхтоўкі будучых ветэрынарных і ветэрынарна-санітарных урачоў, правізараў і зааінжынераў. Прарэктар па навуковай рабоце акадэміі Аляксандр Аляксандравіч Бялко падкрэсліў, што супрацоўніцтва важнае для абе­дзвюх краін і акадэміі ў прыватнасці, і прапанаваў пашырыць узаемадзеянне ў сферы навукі, а таксама падрыхтоўкі аспірантаў.

У размове з Уладзімірам Аляксеевічам Самсановічам абмяркоўваліся перспектывы ўзаемадзеяння дзвюх краін у сферы аграрнай адукацыі. Для гасцей правялі экскурсію па акадэміі з наведваннем карпусоў і клінік, НДІ ПВМіБ, інтэрнатаў, арганізавалі сустрэчу са студэнтамі і магістрантамі з Узбекістана. Дэкан факультэта міжнародных сувязей, прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі акадэміі Дзмітрый Мікалаевіч Фядотаў азнаёміў з умовамі навучання і пражывання ўзбекскіх студэнтаў і магістрантаў, расказаў пра іх поспехі ў вучобе, удзел у грамадска-культурным жыцці акадэміі, праінфармаваў аб перспектывах павелічэння набору на вучобу ў акадэмію студэнтаў і магістрантаў з ліку грамадзян Узбекістана. На сёння ў акадэміі вучацца 16 узбек­скіх студэнтаў і магістрантаў (а таксама 29 студэнтаў на міжуніверсітэцкім факультэце ў Самаркандскім інстытуце ветэрынарнай медыцыны). У будучым навучальным годзе плануецца павелічэнне колькасці студэнтаў з Рэспублікі Узбекістан.

У завяршэнні сустрэчы рэктар ВДАВМ Мікалай Гаўрычэнка ўручыў гасцям памятныя сувеніры і падзякаваў за візіт. Насірджан Юсупаў выказаў падзяку за магчымасць навучання студэнтаў і падрыхтоўкі магістраў з Узбе­кістана ў акадэміі, а таксама спа­дзяванне на тое, што яшчэ больш узбекскіх студэнтаў змо­гуць атры­маць тут адукацыю. Пасол падкрэсліў жаданне ўмацоў­ваць сяброўскія і дзелавыя сувязі  паміж акадэміяй, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Рэспублікай Узбекістан.

Дзмітрый ФЯДОТАЎ,
дэкан факультэта міжнародных сувязей, прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ВДАВМ.