×

Творцам будучыні, інжынерам лічбавага свету

21.03.2020 14:13,
Рэгіянальны цэнтр педагагічнай STEM-адукацыі пачаў работу ў Віцебску, тры цэнтры інжынерна-тэхнічнай адукацыі — у Глыбоцкім раёне

Унікальная для Беларусі эксперыментальная адукацыйная пляцоўка створана пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій на базе Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці цэнтра з’яўляюцца сістэматызацыя, абагульненне і трансляцыя перадавога педагагічнага вопыту па ўкараненні STEM-тэхналогій і выпрацоўка новых падыходаў да іх выкарыстання з мэтай павышэння матывацыі навучэнцаў да вывучэння прадметаў, падрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў адукацыі да прымянення сучасных STEM-тэхналогій у адукацыйным працэсе, актывізацыя іх творчай актыўнасці і рост асабістай матывацыі. А таксама забеспячэнне сеткавага ўзаемадзеяння і арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне мерапрыемстваў згодна з зацверджаным каардынацыйным планам, выяўленне інтэлектуальна адораных і высокаматываваных навучэнцаў. Неабходныя для правядзення будаўнічых і рамонтных работ, набыцця абсталявання цэнтра фінансавыя рэсурсы былі выдаткаваны з абласнога бюджэту і ўласных сродкаў інстытута развіцця адукацыі. Вялікую дапамогу ў арганізацыі і абсталяванні цэнтра аказалі кампаніі — рэзідэнты ПВТ, асабліва значны ўклад унёс мабільны распрацоўшчык Easybrain.

— Мы адначасова запускаем адразу два праекты: ужо добра адпрацаваны ў нас фармат STEM-цэнтра ў сельскай школе і ўпершыню — цэнтр педагагічнай STEM-адукацыі, — адзначыў дырэктар кампаніі Easybrain Алег Грушэвіч. — З радасцю адзначаем энтузіязм і поспехі навучэнцаў і педагогаў, якім аказалі падтрымку раней. Безумоўна, без праактыўнай пазіцыі педагогаў мы не змаглі б дасягнуць такога выніку. Дзякуем усім, хто дапамагае кансалідаваць намаганні і выводзіць развіццё нашых дзяцей на новы ўзровень.

Ва ўрачыстым адкрыцці цэнтра прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, прадстаўнікі адміністрацыі і кампаній — рэзідэнтаў ПВТ, ВДУ імя П.М.Машэрава, педагагічнай грамадскасці.

— Падзея для нас знакавая, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Мы паставілі перад сабой даволі сур’ёзныя мэты, сярод якіх — стварыць такія ўмовы для дзяцей і педагогаў, каб кожны навучэнец яшчэ ў школьныя гады меў магчымасць раскрыць і развіць свае здольнасці, вызначыць прыярытэты і сарыентавацца ў далейшым выбары прафесіі. На гэта накіраваны, у прыватнасці, праект “Школы будучыні”. Працуем у цесным кантакце з установамі прафесійнай адукацыі, вышэйшай школай і, найперш, з нашым галоўным партнёрам па падрыхтоўцы педагагічных кадраў — ВДУ імя П.М.Машэрава, прадпрыемствамі-наймальнікамі. Прызнаным драйверам STEM-напрамку ў адукацыі сталі робататэхніка і праграмаванне. Аднак традыцыйнае паняцце STEM як сістэмы міжпрадметных ведаў для праектнай дзейнасці ў галіне навуковых і інжынерных тэхналогій сёння пашыраецца, яно ўключае практыка-арыентаваныя падыходы не толькі да вывучэння прыродазнаўча-матэматычных і тэхнічных дысцыплін, але і да творчасці, мастацтва, фарміравання навыкаў камунікацыі, каманднай работы, генерацыі ідэй, арганізацыі і кіравання праектамі. Развіццё інжынернай адукацыі застаецца ў ліку прыярытэтаў. Разам з тым не ставім задачу зрабіць усіх школьнікаў праграмістамі, а імкнёмся даць ім навыкі, якія будуць потым запатрабаваны ў любой выбранай імі прафесійнай сферы. У вобласці шэраг гарадоў і раёнаў вынікова працуюць у STEM-руху, і многія выказваюць жаданне да яго далучыцца. Цяпер мы зможам прапанаваць педагогам адпаведную падрыхтоўку.

У ходзе цырымоніі адкрыцця цэнтра адбыліся прэзентацыя адукацыйных праграм і лабараторый, створаных у STEM-лакацыі, кейс-сесія па пытаннях перспектыўнага развіцця ў галіне інжынернай школьнай адукацыі з выкарыстаннем STEM-падыходу, круглы стол з прадстаўнікамі Парка высокіх тэхналогій. Як паведаміла рэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская, актыўная работа па навучанні школьнікаў праграмаванню ў асяроддзі Scratch вядзецца на Віцебшчыне з 2009 года. Зараз самымі папулярнымі і запатрабаванымі рэгіянальнымі мерапрыемствамі ў гэтым напрамку з’яўляюцца Віцебская дыстанцыйная алімпіяда па інфарматыцы з выкарыстаннем асяроддзя Scratch для навучэнцаў 1—4 класаў, абласная алімпіяда па праграмаванні ў асяроддзі Scratch сярод навучэнцаў 5—6 класаў і абласны дыстанцыйны конкурс “Юны скрэтчар”. Акрамя таго, педагогі і навучэнцы паспяхова ўдзель­нічаюць у рэспубліканскіх конкурсах па праграмаванні, арганізаваных Паркам высокіх тэхналогій, і міжнародных конкурсах па крэатыўным праграмаванні ў асяроддзі Scratch.

Творчая лабараторыя “Scratch у пачатковай школе” дэманструе ўвесь спектр магчымасцей асяроддзя праграмавання пры яго выкарыстанні ў адукацыйнай дзейнасці. З 2019 года Паркам высокіх тэхналогій быў запушчаны пілотны праект “Scratch+Micro: bit”. Галоўная асаблівасць мікракантролера — наяўнасць Bluetooth, матрычнага дысплея з 25 святлодыёдаў, сэнсараў асветленасці і тэмпературы, акселерометра і магнітометра, што дазваляе пачаць навучанне без набыцця дадатковых модуляў. Падрыхтоўка педагогаў да работы з мікрабітамі і дэманстрацыя магчымасцей іх выкарыстання на ўроках па розных вучэбных прадметах — задача творчай лабараторыі “Праграмаванне мікракантролераў”.

Яшчэ адна абласная творчая лабараторыя — “Інфарматыка без разеткі”. З улікам распаўсюджвання штодзённага побытавага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій ідэя вывучэння важных паняццяў інфарматыкі без ІТ-гаджэтаў на сёння ўяўляецца вельмі актуальнай у засваенні асноў прадмета. Двухгадовы вопыт абласнога творчага праекта “Інфарматыка без разеткі” на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі Аршанскага раёна паказаў значную зацікаўле­насць у навучанні асновам інфарматыкі без камп’ютара з боку дзяцей, бацькоў, выхавальнікаў. У новым навучальным годзе пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій дашкольныя ўстановы Оршы, Полацка, Наваполацка прымуць удзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце па дадзенай тэматыцы, больш за 30 дашкольных устаноў — у абласным творчым праекце, прычым навучанне плануецца праводзіць з выкарыстаннем канструктараў айчыннай вытворчасці.

— Адкрытая STEM-лакацыя прызначана матываваць педагогаў да прымянення сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, спрыяць развіццю інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей і мола­дзі, — акцэнтавала ўвагу Вольга Лапацін­ская. — Сумеснымі намаганнямі мы плануем развіваць вызначаныя напрамкі работы цэнтра, праз якія да супрацоўніцтва з навучэнцамі і настаўнікамі далучацца метадысты і спецыялісты-практыкі, навуковыя работнікі, выкладчыкі, аспіранты, студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі. Актыўная эксперыментальна-інавацыйная дзейнасць нашых настаўнікаў фарміруе патрэбу ў ведах і павышаны попыт на навучанне сучасным адукацыйным тэхналогіям. Будзем распрацоўваць адукацыйныя праграмы, аказваць метадычную падтрымку, вучыць педагогаў сучасным праграмаванню, робататэхніцы, LEGO-канструяванню і 3D-мадэляванню, кіраванню беспілотнымі лятальнымі апаратамі, стварэнню медыякантэнту. Задачы пастаўлены цікавыя і амбіцыйныя, запрашаем калег да актыўнага ўдзелу ў нашых праектах.

Пры падтрымцы кампаній — рэзідэнтаў ПВТ цэнтры інжынерна-тэхнічнай адукацыі адкрыліся ў вёсцы Азярцы, аграгарадках Ломашы і Корабы-2 Глыбоцкага раёна. На сучасным абсталяванні пад кіраўніцтвам педагогаў сельскія школьнікі будуць вывучаць асновы інфарматыкі, праграмавання і робататэхнікі, працаваць над даследчымі і творчымі праектамі, практыкавацца ў вырашэнні інжынерна-тэхнічных задач і канструяванні лічбавых прылад на аснове мікракантролераў, рыхтавацца да спаборніцтваў і канферэнцый. У Корабаўскім дзіцячым са­дзе — сярэдняй школе Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна адкрыццё цэнтра пера­тварылася ў захапляючае падарожжа на касмічным караблі і па планеце СкрэтчКор, падчас якога навучэнцы разам з настаўніцай інфарматыкі Нінай Ляшонак азнаёмілі гасцей са сваімі дасягненнямі, перамогамі ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і алімпіядах.

— Развіццё інжынернай школьнай адукацыі з выкарыстаннем STEM-падыходу і стварэнне роўных магчымасцей для вывучэння сучасных інфармацыйных тэхналогій на ступені агульнай сярэдняй адукацыі незалежна ад месца пражывання навучэнцаў — адзін з прыярытэтаў нашай дзейнасці, — расказаў намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч. — У сваю чаргу сістэма адукацыі Віцебскай вобласці з’яўляецца для нас свое­асаблівым палігонам для адпрацоўкі новых адукацыйных пілотных праектаў. Тут мы су­стрэлі надзейных партнёраў: захопленых творчасцю энтузіястаў-наватараў, але адначасова і прагматыкаў — лю­дзей дасведчаных і адказных, якія калі штосьці паабяца­юць, то абавязкова гэта робяць своечасова і, самае галоўнае, якасна. На Віцебшчыне мы разам далі старт некалькім вялікім праектам, паспяхова пратэсціравалі іх, а вопыт маштабіравалі на ўсю рэспубліку. Першы з іх, звязаны з праграмаваннем у асяроддзі Scratch, потым у пэўнай ступені трансфармаваўся ў адпаведнасці з запытамі часу. Сёння ў ім працуе 40 тысяч чалавек (кожны трэці з іх — з Віцебскай вобласці), і што­дня далучаецца ў сярэднім 35 новых удзель­нікаў. Да рэспубліканскага вырас арыентаваны на дашкольную адукацыю адкрыты абласны праект “Інфарматыка без разеткі”. Тое, што менавіта на Віцебшчыне адкрыты першы рэгіянальны цэнтр педагагічнай STEM-адукацыі, таксама невыпадкова. Тэатр, як вядома, пачынаецца з вешалкі, а школьная інжынерная адукацыя — з педагога. Вельмі прадукцыйнай бачыцца ў сувязі з гэтым мадэль супрацоўніцтва, калі інстытут прадастаўляе сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, а мы— сучасную зместавую базу. І ў выніку выйграюць усе. На цяперашнім этапе мы пачалі пілатаваць больш тэхналагічныя ініцыятывы. Са студзеня 12 школ вобласці ажыццяўляюць новы адукацыйны праект па навучанні навыкам праграмавання мікракантролераў. І, дарэчы, у Глыбоцкім раёне дзеці ўжо прадэманстравалі нам створаныя імі на аснове мікрабіта інжынерныя канструкцыі. На мой погляд, вопыт удалы. Праз 5—6 гадоў жыццё кардынальна зменіцца, бо сыходзяць у мінулае ўсе прафесіі, звязаныя з выкананнем механічных аперацый. Яскравы прыклад: калі школьнік марыць с­таць ва­дзіцелем, то гэта з далейшым развіццём беспілотнага аўтатран­спарту, хутчэй за ўсё, так і застанецца марай. Адпаведна ролю прафарыентацыі цяжка пераацаніць. Як і нашу ўдзячнасць педагогам, якія рупліва і творча штодня займаюцца высакароднай справай: рыхтуюць змену сённяшнім прафесіяналам у ІТ-сферы, інжынераў лічбавага свету, творцаў эканомікі будучыні і новых тэхналагічных укладаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.