×

Творцы ўстойлівага заўтра

01.02.2020 11:25,

Пераможцаў абласнога конкурсу праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” вызначылі ў Віцебску.

Менавіта ў Віцебскай вобласці ў 2007 годзе нарадзілася ідэя правядзення конкурсу. Сёння “Энергамарафон” — гэта маштабны сумесны праект Міністэрства адукацыі і Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, мэтай якога з’яўляецца фарміраванне актыўнай сацыяльнай пазіцыі ў адносінах да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, павышэнне культуры абыходжання з энергарэсурсамі, выяўленне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту ўстаноў адукацыі па арганізацыі энергазберажэння. Асаблівая ўвага пры правядзенні конкурсу ўдзяляецца дэманстрацыі Мэт устойлівага развіцця, у прыватнасці мэты “Танная і чыстая энергія”.

Рэспубліканскі конкурс “Энергамарафон” уключаны ў План Савета па ўстой­лівым развіцці на 2019—2020 гады, зацверджаны намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР Марыянай Шчоткінай. Заснавальнікі конкурсу на Віцебшчыне — галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў. На разгляд абласнога журы “Энергамарафону” было прадстаўлена 619 работ з 25 раёнаў і Наваполацка.

— Вельмі прыемна адзначаць, што з году ў год наш конкурс набірае абароты, — выказаў меркаванне начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Удзельнікі конкурсу наглядна пераконваюць: займацца энергазберажэннем цікава і карысна. Праектаў заўсёды многа, і гэта правільна, бо вучыць эканоміі, беражлівасці неабходна з ранняга дзяцінства. Каб навакольны свет радаваў і падтрымліваў нас, наступныя пакаленні, трэба кожнага чалавека далучыць да праграмы энергазберажэння, ашчадна і рацыянальна выкарыстоўваць да­дзеныя прыродай рэсурсы. Ва ўстановах адукацыі ў гэтым напрамку вядзецца вялікая работа. Мы комплексна падыходзім да энергазберажэння — ад устаноўкі эканомных свяцільняў да ўцяплення сцен, за год эканомія рэсурсаў у школах дасягае 30 працэнтаў; штогод сістэма адукацыі вобласці эканоміць каля 4—5 тысяч тон умоўнага паліва. Глабальная мэта, агульная для ўсіх, — зберагчы нашу планету. Але вялікае складваецца са штодзённай і пастаяннай адказнасці, беражлівасці. Для ўстаноў адукацыі значны практычны інтарэс, эканомія сродкаў, каб накіроў­ваць іх на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Ці магчыма ператварыць шум у цеп­лавую энергію? Наколькі рэальна рэалізаваць праект устаноўкі сонечных панэлей на даху ўласнага прыватнага дома? Перад пачаткам урачыстасці ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі адбылася прэзентацыя выставы работ па тэхнічным мадэляванні і творчых работ удзельнікаў конкурсу. Па словах начальніка абласнога ўпраўлення па нагля­дзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Вадзіма Селязнёва, у агульным спажыванні паліўна-энергетычных рэсурсаў вобласці доля ўстаноў адукацыі ўсяго 1,3 працэнта, але работа па эканоміі і беражлівасці энергарэсурсаў імі право­дзіцца велізарная.

— З усіх куткоў Віцебшчыны канкурсанты прывезлі часцінку сваёй душы. Іх ідэі, я ўпэўнены, стануць фундаментам нашай перамогі ў рэспубліканскім фінале, а творчасць ужо стала яркай вехай у культурным жыцці рэгіёна, — расказаў Вадзім Віталье­віч. — На фінансавае стымуляванне пераможцаў конкурсу выдзелена 100 тысяч рублёў. Акрамя таго, на абласны “Энергамарафон” мы запрасілі кіраўнікоў найбуйнейшых прад­прыемстваў Віцебшчыны, каб яны на свае вочы ўбачылі, наколькі навучэнцы, іх педагогі і бацькі, нават выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі зацікаўленыя і дасведчаныя ў сферы энергазберажэння, рацыянальнага спажывання энергарэсурсаў і, магчыма, дадаткова прафінансавалі найбольш перспектыўныя праекты.

Галоўная інтрыга і кульмінацыйны момант — падвядзенне вынікаў года на марафонскай дыстанцыі. Раўняцца ёсць на каго: напрыклад, у мінулым годзе на рэспубліканскім конкурсе ў Гродне віцебская каманда ўвайшла ў лік пераможцаў і прызёраў у пяці намінацыях з сямі. Творча павітаць канкурсантаў і гасцей мерапрыемства выйшлі пераможцы рэспубліканскага “Энергамарафону” ў намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — агітбрыгада “Прыдзвінская акадэмія энергазберажэння” сярэдняй школы № 12 Віцебска. Эстафета перамог перададзена!

— Ад імя дэпартамента і сябе асабіста рады вітаць усіх удзельнікаў абласнога этапу конкурсу, — звярнуўся да канкурсантаў начальнік аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Віталь Крэцкі. — Жадаю вам новых перамог, з некаторымі з вас мы неўзабаве сустрэнемся ў рэспубліканскім фінале. Віцебская воб­ласць кожны год задае высокую планку, за ёй іншым рэгіёнам цяжка ўгнацца. Тут прыдумалі наш конкурс, развілі яго ідэю і дастойна працягваюць традыцыю. Вы малайцы, што ўдзяляеце столькі ўвагі рацыянальнаму выкарыстанню энергарэсурсаў і гэтым памнажаеце агульнае багацце роднай краіны, уносіце сваю важкую лепту ў яе дабрабыт і росквіт.

Дыпломамі І ступені абласнога конкурсу праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” і грашовымі сертыфікатамі ўзнагаро­джаны: у намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” — навучэнец сярэдняй школы № 1 Дуброўны Андрэй Чарнаморцаў; у намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў (відэа­ролік)” — творчы калектыў навучэнцаў сярэдняй школы № 11 Віцебс­ка і выхаванка ясляў-сада № 25 Наваполацка Алена Крыкштуль; у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” — сярэдняя школа № 46 Віцебска імя І.Х. Баграмяна; у намінацыі “Энергазберагальная сям’я” — сям’я Церашкавец за праект Глыбачанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна; у намінацыі “Работа педагога па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў” — настаўніца пачатковых класаў Вышадскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гарадоцкага раёна Алена Вашчыла; у намінацыі “Тэхнічнае мадэляванне эфектыўнага і рацыя­нальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — навучэнцы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і мола­дзі Вячаслаў Рыбакоў і Макарый Міцкевіч; у намінацыі “Мастацкая работа па прапаган­дзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — навучэнец Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання Мікіта Ніка­лаеў, выхаванкі Шумілінскага ясляў-сада № 2 Ангеліна Шылкова і Вікторыя Вінаградава (плакат), навучэнка гімназіі № 1 Оршы Настасся Ганчарова (малюнак), навучэнец Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Яўген Гудкоўскі і выхаванка ясляў-сада № 9 Наваполацка Ала Фількевіч (лістоўка); у намінацыі “Літаратурная творчасць па прапаган­дзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — навучэнец гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава Якаў Ермаковіч; у намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” — яслі-сад № 11 Наваполацка і Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.