×

У цэнтры ўвагі — патрыятычнае выхаванне

20.03.2019 15:33,

Патрыятызм і грамадзянскасць маюць вялікае значэнне ў сацыяльным і духоўным развіцці вучняў. Выхаванне сапраўднага грамадзяніна адна з асноўных задач сучаснай установы адукацыі.

У гімназіі № 3 Віцебска прайшла ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”. Мерапрыемства было прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Навучэнцы 6—7 класаў па добрай традыцыі ўзялі ўдзел у аглядзе строю і песні, прадэманстравалі выдатную фізічную падрыхтоўку ў рамках спартыўнай эстафеты, праверылі свае веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў віктарыне “Гэта павінен ведаць кожны!”. Акрамя таго, праявілі мастацкія таленты пры афармленні баявых лісткоў “Мы памятаем і ганарымся!”.

У праграме спаборніцтваў для членаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі быў арганізаваны прагляд кінастужкі “Нам у 41-м выдалі медалі, і толькі ў 45-м — пашпарты!”, прысвечанай Дню памяці юных герояў-антыфашыстаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі згадалі подзвігі сваіх аднагодкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, успомнілі піянераў, якія атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза.

Комплексную работу па патрыятычным выхаванні навучэнцаў гімназіі праводзяць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Іванаўна Голава, педагог-арганізатар Уладзіслаў Уладзіміравіч Маёраў, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Васіль Іванавіч Галуза, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, а таксама класныя кіраўнікі. Ацэньвалі спаборніцтвы: кіраўнік фізічнага выхавання гімназіі Вольга Уладзіміраўна Голубева, сакратар пярвічнай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі навучэнка 11 “А” класа Дар’я Пятрова.

Найлепшыя ўдзельнікі ваенна-спартыўных спаборніцтваў былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі пры правядзенні эстафеты патрыятычных спраў.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.