×

У пошуках інавацый і сакрэтаў прыгажосці

26.03.2020 11:56,

На абласны агляд інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцы і работнікі ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці прадставілі 1025 экспанатаў.

Штогадовы агляд праводзіцца галоўным упраў­леннем па адукацыі абл­выканкама ў мэтах удасканалення работы па прыцягненні навучэнцаў да інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, выяўлення і падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, рэалізацыі творчых здольнасцей педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, узмацнення прафарыентацыйнай работы. Мерапрыемства накіравана на стымуляванне дзейнасці па распрацоўцы новых тэхнічных сродкаў навучання, тэхналогій вытворчасці прадукцыі ў майстэрнях, удасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, далучэнне дзяцей і моладзі да інавацыйнай навукова-тэхнічнай творчасці, укараненне ў вытворчасць і вучэбна-выхаваўчы працэс лепшых тэхнічных распрацовак, сродкаў навучання, энергазберагальных тэхналогій.

Свае экспазіцыі ўдзель­нікі — 34 устаноў прафе­сійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 10 устаноў дадатковай адукацыі, больш за 650 навучэнцаў і 320 работнікаў устаноў адукацыі — прысвяцілі Году малой радзімы, пытанням дзяржаўнасці і захавання гістарычна-культурнай і духоўнай спадчыны, 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 80-годдзю прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

У межах агляду на пляцоўках Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага кале­джа арганізаваны выставы, на якіх можна азнаёміцца з сучаснымі дасягненнямі ўстаноў адукацыі ў распрацоўцы практычных мадэлей і ўзораў, інавацыйнымі падыходамі ў праектаванні і вырабе прыстасаванняў, механізмаў, прыбораў і стэндаў. Сярод асноўных напрамкаў — электроніка, радыётэхніка, робататэхніка, прыборабудаванне, вытворчыя тэхналогіі, машынабудаванне, макетаванне, будаўніцтва, транспарт, прылады для абслугоўвання транспарту, сродкі навучання, сельская гаспадарка, энергетыка і энергазберагальныя тэхналогіі, тавары народнага спажывання, прамысловы дызайн, мадэляванне, арт-аб’екты, садова-паркавы дызайн, інтэр’ер, мэбля, займальная навука, фрыстайл.

Нельга не адзначыць арыгінальныя, дэталёва прадуманыя экспазіцыі Ар­шанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага, Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага, Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжаў і Аршанскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя тэкстыль­шчы­каў імя Г.В.Сямёнава, інтэр’ерную кампазіцыю Віцебска­га дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельска­гаспадарчай вытворчасці, кулінарныя шэдэўры Віцебскага політэхнічнага прафесійнага ліцэя і Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа, дэкаратыўныя вырабы з дрэва, калекцыі абутку і скургалантарэі Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, вырабы з металу Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага, Аршанскага дзяржаўнага аграрнага і Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжаў.

— На Віцебшчыне ідзе шырокая папулярызацыя творчых дасягненняў устаноў адукацыі, — акцэнтаваў увагу начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. — Абласны агляд пераканаўча дэманструе паступальны рух у пошуку інавацыйных падыходаў да развіцця тэхнічнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на аснове захавання беларускай нацыянальнай культуры, традыцыйных промыслаў і рамёстваў, фарміравання ў навучэнскай моладзі гарманічнай сістэмы духоўных і маральных каштоўнасцей, мастацкіх уяўленняў, раскрыцця асабістага патэнцыялу навучэнцаў і педагогаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.