×

У школу? З бацькамі!

24.03.2020 11:40,

Будаўнік і ваеннаслужачы, цырульнік і прадавец... Самыя розныя мамы і таты разам з дзецьмі сабраліся ў шосты школьны дзень у сярэдняй школе № 16 Полацка, каб далучыцца да рэспубліканскага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”.

Удзельнікаў чакалі шматлікія актыўнасці на розных станцыях. Незвычайную ранішнюю зарадку і рухомыя перапынкі правялі педагогі аб’яднання па падрыхтоўцы дзяцей 5-6-гадовага ўзросту да школы “Абвгдейка”. У актавай зале бацькі пераадольвалі перашкоды спартландыі, хтосьці адправіўся на дэгустацыю ў школьную сталовую, дзе загадчыца вытворчасці Алена Марозава падзялілася незвычайнымі рэцэптамі карысных бліноў з аўсянай, грачанай і кукурузнай мукі.

У рэсурсным цэнтры захавання здароўя навучэнцаў прайшлі трэнінгавыя заняткі “Кінезіялогія. Гімнастыка для мозгу”. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Святлана Рыбачонок паказала бацькам кінезіялагічныя практыкаванні (размалёўванне дзвюма рукамі, гульні з тэнісным мячыкам, пальчыкавыя гульні), з дапамогай якіх можна развіваць абодва паўшар’і галаўнога мозгу.

Завяршыў шосты школьны дзень турнір па чырлідынгу. Яркія касцюмы, цікавыя кампазіцыі і разнастайныя падтрымкі прадэманстравалі фізічную цягавітасць і добрую спартыўную падрыхтоўку спартсменак і спартсменаў.

Удзельнікі трэнінгу запэўніваюць, што абавязкова будуць выкарыстоўваць даступныя практыкаванні і цікавыя метадычныя распрацоўкі педагогаў школы ў сумесным сямейным баўленні часу.

Ірына ВІШНЯКОВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 16 Полацка.