×

“У векавечнай бацькаўшчыне клёны…”

23.05.2019 11:57,

Алея ветэранаў педагагічнай працы ўпрыгожыла віцебскі мікрараён новабудоўляў Медцэнтр.

Ідэя закласці алею ў гонар настаўнікаў, хто аддаў свайму прызванню ўсе сілы і талент, за працоўныя дзесяцігоддзі выхаваў не адно пакаленне, нарадзілася ў Першамай­скай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі з лёгкай рукі яе кіраўніка — Сяргея Нікіціна.

Стройны рад маладых клёнаў уздоўж ажыўленай сцяжынкі непадалёк дзіцячага сада № 190 з’явіўся 10 кастрычніка мінулага года, дрэўцы высадзілі ветэраны педагагічнай працы Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў горада. Але адкрыць алею тады не паспелі, таму што патрабавалася яшчэ правесці вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі: выкласці тратуарную плітку, уладкаваць кветнікі. Вясной на суботніку ветэраны разам са сваімі маладымі калегамі і прафсаюзнымі актывістамі завяршылі работу, устанавілі і нядаўна адкрылі памятны знак. Удзельнікамі ўрачыстай цырымонні разам з героямі і стваральнікамі цікавага праекта сталі навучэнцы віцебскіх школ і гімназій, жыхары мікрараёна, госці горада.

— Прыйдзе час — і людзі будуць прыходзіць адпачыць у цені дрэў на алеі ветэранаў, прызначаць тут спатканні, гуляць з дзецьмі, вучыць іх катацца на веласіпедзе, — адзначыў Сяргей Нікіцін. — Улетку клёны падораць прахалоду, увосень — парадуюць усімі адценнямі чырвані і золата… Наша алея закладзена ў Год малой радзімы. Спадзяюся, што, гледзячы на яе, людзі будуць успамі­наць дзяцінства, родную школу і сваіх любімых настаўнікаў. Памяць пра іх жыве ў кожным з нас, але тут якраз той выпадак, калі словамі выказаць усю павагу і ўдзячнасць складана. Нават часам, улічваючы тэмп жыцця, няма калі. Алея — напамін, што ёсць рэчы, якія нельга адкладваць, каб потым не прыйшло балючае шкадаванне. Памяць павінна жыць не толькі ў сэрцы, словах, але і ў канкрэтных справах.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Першамайскай раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза