×

Універсітэт вучоных, інжынераў і каралеў

14.01.2020 12:05,

Інавацыйныя тэхналогіі, прарыўныя навуковыя адкрыцці і патэнты на вынаходства, спартыўныя перамогі і творчыя дасягненні, эфектыўная стратэгія, дакладны эканамічны разлік і прафесійны экспертны падыход — складнікі, што абумоўліваюць развіццё Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Тры гады назад рэктар ВДТУ доктар тэхнічных навук прафесар Андрэй Кузняцоў паставіў перад калектывам амбіцыйную мэту: увайсці ў сусветную адукацыйную эліту. Універсітэт набліжаецца да яе паслядоўна і творча, як гэта належыць альма-матар інжынераў і дызайнераў.

Пункт адліку

Інжынернае мысленне дазваляе бачыць у развіцці сістэму, яе часткі і сувязі паміж імі. Калі разглядаць у якасці прыкладу ўніверсітэт, то пунктам адліку тут з’яўляецца работа з будучымі абітурыентамі: без яе ўсё астатняе губляе сэнс. ВДТУ выпрацаваў адметную прафарыентацыйную сістэму і крок за крокам яе ўдасканальвае.

— Добра зарэкамендавалі сябе прафарыентацыйныя экскурсіі, мы першымі ў Віцебску пачалі практыкаваць гэтую форму работы, — расказвае дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі кандыдат тэхнічных навук Вікторыя Мурычава. — Таму мы вырашылі па суботах запрашаць навучэнцаў да сябе. Нярэдка па просьбе школ Віцебскага раёна арганізоўваем падвоз удзельнікаў прафэкскурсій на сваім аўтобусе. Як правіла, у гэтым кірунку дзейнасці бывае задзейнічана каля 60—70 прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу, абавязкова да работы далучаюцца дэканы, можна на месцы атрымаць кансультацыю ў прыёмнай камісіі. Кожнаму школьніку ўручаем рэкламныя матэрыялы, сувенірную прадукцыю. Студэнты-гіды знаёмяць з нашымі факультэтамі і паралельна адказваюць на пытанні, расказваюць пра цяжкасці і радасці ўніверсітэцкага жыцця — з равеснікамі моладзь ахвотней ідзе на кантакт. Пастаянна развіваем адукацыйныя паслугі, прапаноўваем разнастайныя падрыхтоўчыя курсы. Спадзяюся, што неўзабаве запусцім дыстанцыйную форму падрыхтоўкі да ЦТ. Дыстанцыйныя курсы падрыхтоўкі да ўнутрыўніверсітэцкіх уступных выпрабаванняў для паступаючых на завочную і скарочаную форму навучання ў нас ужо дзейнічаюць, і яны запатрабаваныя, асабліва сярод іншагародніх абітурыентаў, якія не маюць магчымасці прыязджаць на вячэрнія курсы 2-3 разы на тыдзень. Красамоўны факт: на базе ўніверсітэта працуе рэгіянальны цэнтр тэсціравання Віцебскай вобласці. А новае наша дзецішча — Акадэмія сучасных тэхналогій, навучальныя курсы для школьнікаў ва ўзросце 10+. Першыя гады свайго існавання яна пераважна была арыентавана на робататэхніку. Зараз мы кардынальна перапрацавалі канцэпцыю, зацвердзілі інтэграваны вучэбны план, разлічаны на 4 гады. Зацікаўлены школьнік можа атрымаць даволі грунтоўны комплекс ведаў, у тым ліку па робататэхніцы, мехатроніцы, сістэмным адміністраванні, 3D-мадэляванні, вэб-праграмаванні, асновах прадпрымальніцтва і бізнес-кіравання, лагістыцы, дызайне, камп’ютарнай анімацыі механізмаў машын.

Яшчэ адна візітная картка ВДТУ — тыдні факультэтаў. Штодня арганізоўваюцца цікавыя мерапрыемствы: алімпіяды, конкурсы, семінары для настаўнікаў, паказальныя лекцыі вядучых выкладчыкаў, спартландыі, кірмашы вакансій (тут арыентуемся найперш на студэнтаў, але і ў школьнікаў цікавасць немалая — іх таксама запрашаем), канцэртныя праграмы, майстар-класы на ўсіх факультэцкіх кафедрах — дзверы паўсюдна расчынены. Абітурыенты нярэдка прыходзяць і ўдзельнічаюць у мерапрыемствах разам з бацькамі, цэлымі сем’ямі. Калі на майстар-класах адбываюцца прафесійныя пробы, то на кірмашах вакансій можна паспрабаваць прайсці сумоўе ў кадравікоў. Усё як у жыцці: ацэнка прафесійнага ўзроўню і дадатковых кампетэнцый, псіхалагічныя тэсты. Адзначыў у рэзюмэ веданне замежнай мовы — не здзіўляйся, калі HR пачне задаваць пытанні на англійскай ці нямецкай, у шэрагу прафесій без іх не абысціся. Пасля сумоўя — аб’ектыўны аналіз, якія ў кандыдата шансы на працаўладкаванне і чаму. Пры гэтым вердыкт “Вы прыняты” можа стаць рэальным запрашэннем канкрэтнай кадравай службы.

Вектары развіцця

Асаблівасцю ўніверсітэта з’яўляецца яго шматпрофільная структура: установа адукацыі рыхтуе не толькі інжынераў розных спецыялізацый (інжынер па аўтаматызацыі, інжынер-энергетык, інжынер-тэхнолаг і іншыя), але і дызайнераў, эканамістаў, спецыялістаў у галіне ІТ, экспертаў у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі. Гэта буйны сучасны навукова-адукацыйны комплекс з моцным кадравым, навуковым, метадычным патэнцыялам і ўнікальнай вучэбна-лабараторнай базай, у структуру якога ўваходзіць 2 каледжы і 7 факультэтаў: чатыры дзённай формы навучання (дызайну, інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, вытворчых тэхналогій, эканомікі і бізнес-кіравання), факультэты даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, а таксама завочны факультэт, дзе можна атрымаць вышэйшую адукацыю ў поўнай і скарочанай (для выпускнікоў профільных спецыяльнасцей каледжаў) форме навучання. Прафесарска-выкладчыцкі склад — 218 чалавек, сярод якіх 15 дактароў навук, прафесараў і 100 кандыдатаў навук, дацэнтаў. Адукацыйны працэс на 17 кафедрах рэалізоўваецца па 21 спецыяльнасці І ступені вышэйшай адукацыі, 10 спецыяльнасцях магістратуры і 8 — аспірантуры. Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт застаецца надзейным партнёрам галіновых прадпрыемстваў і вядучай УВА краіны па падрыхтоўцы кадраў для лёгкай прамысловасці. У гэтым плане флагманам выступае факультэт вытворчых тэхналогій з традыцыйнымі для ВДТУ спецыяльнасцямі “Вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў (тэхналогія і менеджмент)” і “Вытворчасць адзення, абутку і скургалантарэйных вырабаў”. Немалаважны аргумент пры паступленні — магчымасць займацца на ваеннай кафедры і атрымаць ваенны білет. У сучасных рэаліях важным фактарам паспяховай прафесійнай дзейнасці і кар’ернага росту з’яўляюцца дадатковыя кампетэнцыі. У студэнтаў ВДТУ тут ёсць сур’ёзная перавага: на ІІ курсе кожны пры жаданні можа падаць дакументы на перападрыхтоўку, набыць сумежную спецыяльнасць (напрыклад, да асноўнай інжынернай  — эканамічнага профілю) і на момант выпуску стаць уладальнікам адразу 2 дыпломаў.

З улікам патрабаванняў рынку працы ўніверсітэт пастаянна ўдасканальвае структуру спецыяльнасцей. З новых на I ступені вышэйшай адукацыі за тры апошнія гады толькі на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі адкрыта 4: “Вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій”, “Тэхнічная эксплуатацыя энергаабсталявання арганізацый”, “Камп’ютарная мехатроніка”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. Акрамя таго, пачалася падрыхтоўка па спецыяльнасці “Дызайн віртуальнага асяроддзя”. Такім чынам, цяпер абітурыент мае магчымасць выбіраць найбольш блізкі яму з чатырох асноўных напрамкаў дызайну. Акцэнт зроблены на мнагавектарнай падрыхтоўцы, бо менавіта такія кадры зараз найбольш запатрабаваны. Напрыклад, камп’ютарная мехатроніка — гэта моцны сплаў механікі, электронікі і праграмавання, а спецыялісту па віртуальным дызайне неабходна грунтоўнае веданне найноўшых ІТ-тэхналогій. Летам 2020 года факультэт эканомікі і бізнес-кіравання адкрывае набор па новай спецыяльнасці — “Эканоміка электроннага бізнесу”.

Вялікая навука з арыентацыяй на практыку

Аўтарытэт і рэйтынг навукова-педагагічных школ ВДТУ высокі як у Беларусі, так і за яе межамі. Установа вышэйшай адукацыі ажыццяўляе фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні па шырокай тэматыцы: ад распрацоўкі і даследавання абсталявання, машын і механізмаў, аўтаматызаваных комплексаў, тэхналагічных працэсаў, канструкцый вырабаў, новых матэрыялаў, сродкаў вытворчасці дэталей машын і прыбораў — да прынцыпаў, метадаў і сродкаў кіравання якасцю ў розных галінах прамысловасці, сацыяльна-эканамічных аспектаў развіцця арганізацый і рэгіёнаў. Сусветнае значэнне маюць даследаванні “Новыя спосабы фарміравання пражы”, “Трыкатажныя вырабы медыцынскага прызначэння”, “Тэхналогіі і абсталяванне для перапрацоўкі прамысловых адходаў”, “Тэхналогія вырабу льняных і льноўтрымліваючых тканін складаных структур”. Аднаўленне страчанай старадаўняй тэхналогіі вытворчасці славутых слуцкіх паясоў — таксама на рахунку вучоных ВДТУ. Інавацыйнай пляцоўкай для рэалізацыі канцэпцыі “Універсітэт 3.0” выступае навукова-тэхналагічны парк ВДТУ. Філіялы ўніверсітэцкіх кафедр працуюць на базе галіновых прадпрыемстваў, а непасрэдна ў структуру УВА ўваходзяць Цэнтр выпрабаванняў і сертыфікацыі, Цэнтр калектыўнага карыстання навуковым абсталяваннем, вучэбна-навукова-вытворчая лабараторыя адытыўных тэхналогій і сумесныя навукова-даследчыя лабараторыі адразу некалькіх буйных ІТ-кампаній. Напэўна, галоўная  адметнасць універсітэта ў тым, што адукацыя і навука непарыўна звязаны з практыкай і вытворчасцю. 

  • Наша дзейнасць накіравана на перспектыву. Сучасны ўніверсітэт павінен быць магутным навуковым цэнтрам, што, у сваю чаргу, працуе на якасць адукацыі, — упэўнены Андрэй Кузняцоў. — Найлепшыя кадры мы выхоўваем для сябе самі: праз аб’яднанні пры кафедрах дапамагаем найбольш таленавітым студэнтам далучыцца да навукі з перспектывай паступлення ў магістратуру і аспірантуру. Моладзь актыўна прэзентуе свае інавацыйныя распрацоўкі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, сімпозіумах, выставах, канферэнцыях і практычна заўсёды радуе новымі перамогамі. Стараемся ўсебакова падтрымліваць і садзейнічаць у росце маладым вучоным. Як вынік — кожны год у нас адбываюцца паспяховыя абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. На базе ўніверсітэта штогод праводзіцца каля 5-6 буйных міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Нашы вучоныя займаюцца даследаваннямі і інавацыйнымі распрацоўкамі ў рамках дзяржаўных праграм, а таксама праграм Саюзнай дзяржавы, спраўляюцца з задачамі не толькі рэгіянальнага, але і дзяржаўнага, міжнароднага ўзроўню. Рашэннем Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўніверсітэт акрэдытаваны на статус навуковай арганізацыі.

У эпоху інтэрнацыяналізацыі ўсіх сфер чалавечай дзейнасці немагчыма ўявіць сабе ўніверсітэт па-за сістэмай міжнародных кантактаў. Замежныя студэнты ВДТУ вучацца на дзённай і завочнай форме І ступені вышэйшай адукацыі; перад паступленнем у абітурыентаў з іншых краін ёсць магчымасць прайсці курс на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, пасведчанне аб заканчэнні якога дае права паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі і краін СНД. ВДТУ па праве ганарыцца дасканалай сістэмай акадэмічнай мабільнасці. Студэнты, магістранты, аспіранты і супрацоўнікі ў рамках розных праектаў праходзяць стажыроўкі і навучанне ў вядучых профільных УВА краін СНД, блізкага і далёкага замежжа. З мэтай стварэння новых напрамкаў і перспектыў развіцця міжнароднай дзейнасці створаны цэнтр маркетынгу і міжнароднага супрацоўніцтва; асаблівая ўвага ў рабоце з замежнымі партнёрамі ўдзяляецца распрацоўцы і рэалізацыі сумесных адукацыйных праектаў і праграм двайных дыпломаў.

Жыццё студэнцкае і перспектывы росту

У ВДТУ прываблівае кампактнасць студэнцкага гарадка: карпусы знаходзяцца ў крокавай даступнасці, тут жа размешчаны камфартабельны інтэрнат, прасторная сталовая, сучасны санаторый-прафілакторый. Калектыву дадзены ўсе магчымасці для развіцця і самарэалізацыі. Яркіх прыкладаў тут надзвычай багата ва ўсіх напрамках: ад грамадскай дзейнасці да спорту і творчасці. Так, неаднойчы прызнаваліся лепшымі ў краіне, станавіліся пераможцамі і ўладальнікамі гран-пры рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў студэнцкі дом моды, народны студэнцкі харэаграфічны ансамбль “Віцяблянка”, студыя эстраднага танца “V.I.P.”, арт-група “DVORы”, вакальная студыя “Вялікі перапынак”, школа акцёрскага майстэрства. Абласны этап конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна”, падрыхтоўка ўдзельніц да яго, а потым і да наступных этапаў традыцыйна праходзяць у сценах ВДТУ. І нельга не дадаць: напэўна, ніводзін айчынны ўніверсітэт не даў Беларусі больш пераможцаў рэспубліканскага і міжнароднага фіналаў, чым Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны — сапраўды каралеўская школа прыгажосці! Для аматараў спорту і здаровага ладу жыцця функцыянуе 23 групы спартыўнага ўдасканалення па 25 відах спорту, а таксама 5 спартыўных секцый, у якіх займаецца больш за 400 студэнтаў. Да іх паслуг —дзве спартыўныя залы, зала для заняткаў аэробікай, стадыён з сучаснай бегавой лёгкаатлетычнай дарожкай і футбольным полем са штучным пакрыццём, на якім праводзяцца гарадскія, абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы (між іншым у горадзе ўніверсітэт адзіны валодае такім полем еўрапейскага стандарту), а таксама спарткомплекс са спартыўнай і трэнажорнай заламі, двума плавальнымі басейнамі, залай для заняткаў аэробікай і аднаўленчым цэнтрам з дзвюма саўнамі. На працягу 2014—2018 гадоў, па выніках рэспубліканскіх універсіяд, ВДТУ ўтрымліваў лідарства ў сваёй групе, чатырнаццаць студэнтаў-спартсменаў з’яўляюцца членамі нацыянальных спартыўных зборных і абараняюць гонар нашай краіны на чэмпіянатах Еўропы і свету, сусветных універсіядах і Алімпійскіх гульнях.

— Адукацыя — мэтанакіраваны працэс бесперапыннага навучання, яна заўсёды была і застанецца адным з асноўных прыярытэтаў дзяржавы, паколькі пранізвае ўсе сферы грамадскага жыцця, — адзначае рэктар. — Выбар УВА і будучай прафесіі — адзін з самых важных і адказных момантаў для кожнага чалавека, бо ад якасці атрыманай адукацыі залежаць прафесійны рост, кар’ера і магчымасці самарэалізацыі. Быць студэнтам Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — ганарова і адказна, затое ў нас перад кожным студэнтам адкрываюцца вялікія перспектывы. Я люблю ВДТУ за сапраўдны ўніверсітэцкі дух, атмасферу прафесіяналізму, за яго маштабнасць і перспектыўнасць, магчымасць самарэалізацыі. І шчыра ганаруся сваёй камандай — ініцыятыўнай, крэатыўнай, якая працуе на вынік, нястомна шукае нетрывіяльныя падыходы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам.