×

Усё ладзіцца, калі душа смяецца

04.06.2019 14:18,

Пераможцаў абласной творчай акцыі КВЗ-2019 “Поры года” ў рамках рэспубліканскага “Восеньскага марафону” вызначылі ў Віцебску.

Не толькі ўсміхнуцца, але шчыра і ад душы пасмяяцца змаглі ўсе аматары Клуба вясёлых і знаходлівых, хто сабраўся падтрымаць фіналістаў спаборніцтва. Складалася яно з прадстаўлення візітнай карткі, біятлона “Ура! Канікулы!”, відэаконкурсу (агучванне вядомага фільма па выбары каманды або самастойна зняты сюжэт) і музычнага дамашняга задання. Канкурэнцыя выявілася выключная, усе пераможцы адборачных тураў былі рашуча настроены на поспех, таму гледачы атрымалі выдатны зарад бадзёрасці і пазітыву. Між тым перад журы паўстаў няпросты выбар: лідарства часам забяспечвалі дзясятыя бала. Як праінфармавала загадчык сектара культурна-масавай работы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і мола­дзі Вольга Бельчанкова, задачамі творчай акцыі з’яўляюцца фарміраванне ў непаўналетніх здаровага ладу жыцця і актыўнай жыццёвай пазіцыі, прафілактыка асацыяльных з’яў у дзіцяча-маладзёжным асяроддзі, прадастаўленне магчымасцей для развіцця творчага патэнцыялу і самарэалізацыі, фарміраванне культуры вольнага часу, глядацкай і сцэнічнай культуры. Па дзеючых правілах, у кожнай камандзе не павінна быць больш за 10 удзельнікаў ва ­ўзросце ад 11 да 17 гадоў, з якіх не менш за 8 — навучэнцы, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Акцыя праходзіла з красавіка па май 2019 года ў 2 этапы (занальныя сустрэчы і фінал), яе арганізатарамі выступаюць галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі, галоўнае ўпраўленне па адукацыі, упраўленне ўнутраных спраў, камісія па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама, абласны камітэт грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у вобласці, абласны Палац дзяцей і моладзі. Журы ацэнь­вала змест (вытрыманасць тэмы), гумар, арыгінальнасць формы выступлення, выканальніцкае майстэрства, здольнасць да імправізацыі, мастацкае і музычнае супра­ваджэнне праграмы, вобраз каманды. Па выніках конкурсных выступленняў дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені і “За ўдзел” адпаведна, памятнымі кубкамі і прызамі ўзнагароджаны каманды “С утками напролёт” (сярэдняя школа № 11 Віцебска), “Бумеранг” (Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж), “Мама, я з сябрамі” (Аршанскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) і “Людмілы” (Цэнтр дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна). Пераможцы прымуць удзел у рэспубліканскай творчай акцыі КВЗ-2019 “Восеньскі марафон”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.