×

Узаемавыгаднае партнёрства —аснова развіцця

07.12.2019 12:06,

Пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама адбылося на базе ВДУ імя П.М.Машэрава.

—Мы выбралі ўніверсітэт месцам сённяшняй рабочай сустрэчы найперш таму, што фактычна ВДУ — гэта базавае прадпрыемства, якое для нас рыхтуе кадры, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Дзмітрый Хома. — Акрамя таго, мы маем намер арганізаваць серыю падобных выязных калегій на базе УВА, мэтай якіх будзе падрабязнае азнаямленне з сістэмай вышэйшай адукацыі рэгіёна. Каб матываваць нашых выпускнікоў заставацца вучыцца і працаваць у вобласці, неабходна, каб усе кіраўнікі структурных падраздзяленняў і спецыялісты органаў кіравання адукацыяй, дырэктары ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў, педагогі і нашы сацыяльныя партнёры мелі дакладнае і поўнае ўяўленне аб нашых установах вышэйшай адукацыі, іх магчымасцях і перспектывах.

Пра асноўныя напрамкі дзейнасці, структурныя падраздзяленні, арганізацыю адукацыйнага працэсу, новую канцэпцыю прафарыентацыйнай работы, матэрыяльна­тэхнічную і вучэбна­метадычную базу УВА, дасягненні калектыву ўдзельнікам калегіі расказалі першы прарэктар ВДУ, доктар эканамічных навук, прафесар Валянціна Багатырова і дэкан філалагічнага факультэта, доктар педагагічных навук, прафесар Сяргей Нікалаенка. Дарэчы, менавіта філалагічны факультэт стаў лідарам рэйтынгаў і па выніках мінулага года быў прызнаны лепшым факультэтам універсітэта.

— Універсітэт актыўна супрацоўнічае з галоўным упраўленнем па адукацыі і ўстановамі адукацыі рэгіёна, і толькі ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва бачым асновай далейшага эфектыўнага развіцця, — падкрэсліла Валянціна Багатырова. — Мы надзейныя партнёры і гатовы кожнай справай гэта пацвердзіць.

Сёння ВДУ імя П.М.Машэрава — сучасны адукацыйны цэнтр у галіне шматузроўневай сацыяльна­гуманітарнай і прыродазнаўча навуковай адукацыі, які ўдала спалучае векавыя традыцыі і навацыі вышэйшай школы, паспяхова рэалізоўвае канцэпцыю “Універсітэт 3.0”. Гэта 10 факультэтаў, 2 каледжы, 35 кафедр (у тым ліку ваенная), падрыхтоўчае аддзяленне, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, 4 вучэбна­лабараторныя корпусы, выдатная навуковая бібліятэка, 26 спецыяльнасцей магістратуры і 20 — аспірантуры, больш за 10 тысяч студэнтаў (сярод якіх амаль 1,5 тысячы замежных з 23 краін свету) і каля 100 дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве, высокі ўзровень прафесіяналізму і шырокі дыяпазон сацыякультурнага ўзаемадзеяння. Універсітэт — шматпрофільная ўстанова адукацыі, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў па самых сучасных, прэстыжных і запатрабаваных спецыяльнасцях. Гордасць універсітэта — 15 навуковых школ, якія рэалізоўваюць заданні дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, матывуючы студэнтаў да ўдзелу ў міжнароднай праектна­грантавай дзейнасці і павышэння ўзроўню адукацыі ў магістратуры і аспірантуры. Прызнанню ВДУ на міжнародным узроўні садзейнічае прадукцыйная дзей­насць, накіраваная на інтэрнацыяналізацыю вышэйшай адукацыі і павышэнне яе якасці. Удзел у праектах акадэмічнай мабільнасці і міжнароднае міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва дазваляюць не толькі праводзіць навуковыя даследаванні, фарміраваць і рэалізоўваць навукаёмістыя ідэі, але і ажыццяўляць працэс падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў на высокім міжнародным узроўні. У наступным годзе ў ВДУ будзе адкрыты набор студэнтаў на тры новыя спецыяльнасці: “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі” (менеджар у галіне ІТ), “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый знешнеэканамічнай дзейнасці” (перакладчык з веданнем эканамічнага блока), “Руская мова і літаратура. Кітайская мова”.

— Універсітэт развіваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, — акцэнтавала ўвагу першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Алена Багдановіч. — Мы просім кіраўнікоў аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі, педагагічныя калектывы фарміраваць у навучэнцаў рэалістычныя адносіны да нашай базавай рэгіянальнай УВА: яна рыхтуе кадры, якія ў перспектыве будуць развіваць сістэму адукацыі Віцебшчыны. Асобныя словы падзякі хочацца выказаць філалагічнаму факультэту і асабіста Сяргею Нікалаенку за плённае супрацоўніцтва на працягу многіх гадоў і вялікую падтрымку сістэмы адукацыі ў пытаннях работы з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. Абсалютна бясспрэчна, што без садзейнічання факультэта, кіраўніц­тва ўніверсітэта мы не змаглі б дасягнуць сённяшніх высокіх вынікаў. Упэўнена: з году ў год яны будуць прымнажацца.

На калегіі разгледжаны шэраг актуальных пытанняў, у тым ліку камплектаванне профільных класаў і класаў прафесійнай накіраванасці, прыём ва ўстановы прафесійна­тэхнічнай адукацыі і працаўладкаванне выпускнікоў, развіццё дашкольнай адукацыі і сістэмы фізічнага выхавання навучэнцаў, ахова дзяцінства і постынтэрнатнае су­праваджэнне дзяцей­сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі баць­коў, а таксама арганізацыя школьнага харчавання, выкладанне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Для ўдзельнікаў пасяджэння былі арганізаваны азнаямленчыя экскурсіі на факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій і на мастацка­графічны факультэт.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.