×

Ведаць і ўмець прымяняць

04.05.2019 10:35,

Няшчасныя выпадкі, траўмы могуць здарыцца раптоўна. Аператыўнасць аказання першай дапамогі залежыць ад ведаў і ўмення прымяніць іх у пэўнай сітуацыі. Аднак для таго, каб сапраўды дапамагчы пацярпеламу, важна аказаць дапамогу правільна. Прадстаўнікі Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа на працягу года праводзілі навучанне нашых настаўнікаў і вучняў 10-х класаў правілам аказання першай дапамогі, заснаваных на рэкамендацыях “Міжнароднага кіраўніцтва па першай дапамозе і рэанімацыі”.

У Віцебску ў парку адпачынку “Мазурына” адбыліся II гарадскія спаборніцтвы школьных атрадаў першай дапамогі. Удзел узялі 33 каманды  школ і гімназій горада, у тым ліку каманды гімназіі № 3,  якія  старанна рыхтаваліся да спаборніцтваў. Кожная каманда складалася з 6 удзельнікаў, усе мелі сваю экіпіроўку і эмблему.

Гарадскія спаборніцтвы адкрыў старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Міхаіл Валянцінавіч Гусачэнка. Урачыста быў узняты сцяг з эмблемай Беларускага Чырвонага Крыжа. Перад правядзеннем спаборніцтваў капітаны каманд атрымалі маршрутныя лісты. Удзельнікі паказалі не толькі тэарэтычныя веды, але  і практычныя ўменні аказання першай дапамогі пры праходжанні наступных станцый: тэарэтычны конкурс (веданне гісторыі Беларускага Чырвонага Крыжа, прынцыпаў Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа; ключавых правілаў аказання першай дапамогі); тэхніка аказання сардэчна-лёгачнай рэанімацыі на манекене; тэхніка аказання першай дапамогі пры поўнай непраходнасці дыхальных шляхоў у немаўляці  на манекене; транспарціроўка пацярпелых; ДТЗ на дарогах; бытавы траўматызм; траўматызм у школе; пераахаладжэнне; няшчасныя выпадкі; спартыўная пляцоўка.

Каманды паказалі добрыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі па аказанні першай дапамогі. Суддзі (дасведчаныя медыцынскія работнікі) адзначылі станоўчыя вынікі па наступных крытэрыях: добрыя веды алгарытмаў аказання першай дапамогі, правілаў транспарціроўкі пацярпелых, накладанне павязак, імабілізацыя, сардэчна-лёгачная рэанімацыя.

У перапынку ўдзельнікі гарадскіх спаборніцтваў змаглі пакаштаваць стравы ваенна-палявой кухні. А калі каманды выступілі, змаглі адпачыць. Сумна не было нікому: загучалі песні пад гітару, павеяла школьнай рамантыкай, адчуваўся згуртаваны дух каманд.

Пры падвядзенні вынікаў капітанам каманд былі ўручаны дыпломы за найлепшы плакат, найлепшае выступленне каманды па выніках праходжання ўсіх станцый. А пераможца — каманда сярэдняй школа № 31 Віцебска адправіцца прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнародных спаборніцтвах школьных атрадаў першай дапамогі ў горад Даўгаўпілс (Латвія).

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска  імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара.