×

Віват, навука!

15.03.2019 17:04,

Сістэмная і мэтанакіраваная праца з адоранымі навучэнцамі з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці сучаснай установы адукацыі. У Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна на працягу многіх гадоў рэалізоўваецца праграма “Адораныя дзеці”. Кожны навучэнец мае магчымасць праявіць сябе ў розных сферах, паспрабаваць сябе ў конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага маштабу.

З мэтай далучэння дзяцей да навуковай дзейнасці ў школе арганізоўваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне матывацыі да даследаванняў. Адно з іх, “Няхай жыве навука!”, адбылося нядаўна. Вучні азнаёміліся з навуковымі адкрыццямі, зробленымі ў Беларусі за 2018 год. Адзінаццацікласнікі прадставілі інтэрв’ю, якое загадзя ўзялі ў нашага выпускніка, кандыдата медыцынскіх навук, галоўнага ўрача Віцебскага абласнога клінічнага спецыялізаванага цэнтра Валерыя Дзянісенкі.

Актыўныя ўдзельнікі навуковага таварыства навучэнцаў, якое дзейнічае ў школе больш за 10 гадоў, расказалі пра свае перамогі на канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню. А самым цікавым момантам стала сустрэча з бацькамі лётчыка-выпрабавальніка, героя Расійскай Федэрацыі, ганаровага грамадзяніна гарадоў Байканур і Гагарын Алега Арцем’ева. Герман Аляксеевіч і Вольга Мікалаеўна Арцем’евы паведамілі, як іх сын захапіўся касманаўтыкай і дасягнуў высокіх вынікаў у сваёй прафесіі. У рамках дыскусіі навучэнцы задалі гасцям пытанні і атрымалі шчырыя вычарпальныя адказы. Пры падвядзенні вынікаў мерапрыемства госці зрабілі
памятны падарунак, які зойме пачэснае месца ў музейным пакоі
“Гісторыя космасу” нашай школы, — кнігу “Айчынныя пілатуемыя касмічныя пасадкі” з аўтографам Алега Арцем’ева.

Такія мерапрыемствы не толькі прывіваюць дзецям і падлеткам цікавасць да пазнавальнай і даследчай дзейнасці, але і пашыраюць іх кругагляд.

Юлія ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.