×

Візіт у адказ

08.06.2019 14:45,

У рамках пагаднення аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці ў сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна і выхаванцаў дзіцячага сада № 73 “Малыш” Смаленска прайшла чарговая сяброўская сустрэча.

Гэты раз у Беларусь прыехалі прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі: загадчык дзіцячага сада № 73 Смаленска Жанна Фёдарава, старшы выхавальнік Аксана Васільева, выхавальнік Кацярына Іваненкава, метадыст аддзела муніцыпальнай бюджэтнай установы дашкольнай адукацыі “Цэнтр дадатковай адукацыі” Марына Клімянкова.

Расійскіх сяброў сустракалі выхаванцы дзіцячага сада з беларускай народнай песняй “Добры дзень, госці”, а дырэктар нашай установы адукацыі Таццяна Аланцьева ўрачыста паднесла ім адмыслова выпечаны спецыяльна да сустрэчы каравай. Праграма мерапрыемстваў была разнастайнай і вельмі займальнай. Пасля прывітальнага слова дырэктара гасцям была прадстаўлена канцэртная праграма “Мы жывём сям’ёй адзінай”, у якой нашы выхаванцы выступілі з беларускімі народнымі песнямі і танцамі, расказалі пра беларускія традыцыі краіны і пачаставалі нацыянальнай стравай — дранікамі. Не абышлося і без экскурсіі па дзіцячым садзе.

Другая частка візіту прайшла ў школе. З прэзентацыяй вопыту работы педагагічнага калектыву па грамадзянска-патрыятычным выхаванні выступіла намеснік дырэктара Наталля Пейкрышвілі. Нядаўна мы адзначылі агульнае для нашых народаў вялікае свята — Дзень Перамогі, і канцэрт у школе быў прысвечаны менавіта гэтай па­дзеі. Песні ваенных гадоў, якія суправаджаліся прыгожымі відэаролікамі і слайд-шоу, танцавальныя нумары і чытанне вершаў у выкананні беларускіх школьнікаў зачароўвалі гледачоў, быццам пераносячы іх у мінулае. “Свята са слязамі на вачах” выклікала буру эмоцый і пакінула глыбокае ўражанне ў сэрцах кожнага з прысутных. Высокую страявую падрыхтоўку прадэманстравалі гасцям юнакі і дзяўчаты атрада “Віцязь” пад кіраўніцтвам Васіля Зінковіча. Навучэнцы паказалі асноўныя страявыя фігуры, а таксама прадэманстравалі дакладнасць, спрыт і вайсковую выпраўку. Знакавай падзеяй стала сумесная акцыя “Пасадзі дрэва ў гонар воінаў-вызваліцеляў”.

— Для нас гэты візіт вельмі важны, — падзялілася ўражаннямі Марына Клімянкова. — Такія мерапрыем­ствы даюць магчымасць абмяняцца педагагічным вопытам і наладзіць больш блізкі дыялог.

Завяршылася сустрэча круглым сталом “Сістэмны падыход у выхаванні патрыятызму падрастаючага пакалення праз павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і распаўсюджванне вопыту работы ва ўстановах адукацыі Беларусі і Расіі”.

У завяршэнне хочацца дадаць, што дзякуючы актыўнаму міжнароднаму супрацоўніцтву фармі­руюцца патрыятычныя каштоўнасці, погляды і перакананні, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны, выхоўваецца гонар і павага да культурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі і Расіі. Гэта дапаможа развіць талерантную культуру зносін, зразумець важнасць культурна-гістарычнай супольнасці славянскага свету і традыцый.

Таццяна ЗАРУБІЦКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.