×

Вучань свайго педагога

08.06.2019 14:45,

Дзевяцікласнік Чашніцкай гімназіі Міхаіл Буцер — хлопец зацікаўлены. На яго з павагай глядзяць аднагодкі, ім ганарацца настаўнікі і бацькі. Ён станавіўся прызёрам “Тэхнаінтэлекту”, нават атрымаў заахвочванне ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Юнак — удзельнік мноства раённых, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтваў і нават конкурсу “Таленты ХХІ стагоддзя”. Але гэтых цікавых старонак у біяграфіі хлопца магло і не быць, калі б аднойчы ён не сустрэўся са сваім педагогам Валерыем Мікалаевічам Густавым.

Усё пачалося пяць гадоў назад. Неяк сябры параілі чацвёртакласніку пабываць на занятках гуртка “Майстравы”. Ён прыйшоў, паглядзеў і вырашыў застацца. Вельмі ж спадабаўся вучню кіраўнік і тое, чым займаліся дзеці. Педагог аказаўся не толькі майстрам сваёй справы, але і вельмі цікавым чалавекам. Сёння няцяжка знайсці суразмоўцу, які любаваўся Эйфелевай вежай, бачыў прыгажосць Венецыі і Рыма, а вось мець зносіны з тым, хто бачыў, як падымаюць з зямлі косці маманта, — шчаслівы выпадак. Гурткоўцам з “Майстравога” пашанцавала. Валерый Мікалаевіч Густаў можа расказваць і пра гэта. Нейкі час жыў у Якуціі, дзе такія знаходкі — справа звычайная. Ён не толькі бачыў, але і апрацоўваў косці маманта, аленя, белага мядзведзя. Навыкі пераняў ад бацькі. У Беларусі ім таксама знайшлося прымяненне. У краіне лясоў і азёр майстар працуе са свіной і ласінай косцю.

У педагогіку Валерый Мікалаевіч прыйшоў не адразу. Спачатку атрымаў дыплом інжынера-механіка ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Працоўную дзейнасць пачаў у калгасе. У 90-я змяніў прафесію. Прапанову пайсці працаваць у школу прыняў з задавальненнем. Упершыню зайшоў у клас у якасці настаўніка матэматыкі і інфарматыкі. Але сапраўднае прызначэнне знайшоў у пазакласнай рабоце з дзецьмі, якія цікавяцца тэхнікай. 12 гадоў назад яго запрасілі ў Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і мола­дзі, дзе зараз узначальвае аддзел тэхнічнай творчасці. Давер апраўдаў. Хто можа ўсумніцца ў педагагічных здольнасцях чалавека, які гаворыць: “Хіба ж мае вучні не зробяць так, як тыя, хто ўпрыгожыў драўлянымі фігуркамі плошчу каля рэзідэнцыі Папы Рымскага?”

Падставай для такога выказвання стала жыццёвая гісторыя. Неяк знаёмая ў складзе дэлегацыі пабывала на аўдыенцыі ў Папы Рымскага. Калі мерапрыемст­ва скончылася, выйшла на плошчу ў Ватыкане і ўбачыла выставу драўляных цацак. Жанчына пачала фатаграфаваць. Пазней здымкі ўбачыў Валерый Мікалаевіч і адразу адрэагаваў. Разам з гурткоўцамі ўзяўся ствараць драўлянага Бураціна. Здымак італьянскага Пінокіа заўсёды быў на вачах, але ўспрымаўся толькі як ідэя. Праца вылілася ў цікавы творчы працэс. Бураціна ад чашніцкага цэнтра ацанілі па заслугах. Казачны герой — удзель­нік шматлікіх выставаў рознага ўзроў­ню, неаднойчы быў прызёрам. Такі лёс многіх вырабаў гурт­коўцаў з “Майстравога”. Сёння вырабы складаюць значную калекцыю, якая размешчана ў трох памяшканнях установы. Ёсць сярод іх і сярэдневяковы такарны станок. У рабочым стане драўляная швейная машынка. Дробных жа рэчаў проста не пералічыць. Нягледзячы на багаты вопыт, педагог не стамляецца вучыцца. На чарзе яшчэ ад зін дыплом. Тройчы дзядуля, у якога падрастаюць унучка і два ўнукі, слухач Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Міша Буцер, найбольш таленавіты вучань Валерыя Мікалаевіча, марыць ста ць інжынерам-канструктарам. Гуртковец выдатна засвоіў галоўныя ўрокі настаўніка: не затрымлівацца на дасягнутым, пастаян­на вучыцца, любіць сваю працу. У яго таксама свая калекцыя работ — змястоўны пралог да прафесійнай будучыні і пераканаўчы прыклад, як можа станоўча паўплываць на дзіця ўстанова дадатковай адукацыі, калі там працуюць неабыякавыя педагогі.

Ірына ТОРБІНА.
Фота аўтара.