×

“Вучым, гуляем, дзяцей аберагаем!”

10.10.2019 15:06,

Клапоцячыся пра бяспеку дзяцей, трэба вучыць іх прадбачыць небяспеку, пазбягаць яе, а пры неабходнасці дзейнічаць рашуча і ўпэўнена. Таму жыццёва важна, каб дзіця валодала навыкамі правільных дзеянняў у небяспечнай сітуацыі, умела абараніць сябе і прасіць аб дапамозе.

Правядзенне мерапрыемстваў па фарміраванні навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці ў выхаванцаў — неад’емная частка работы педагогаў нашай дашкольнай установы. Так, у верасні гэтага года ў рамках Адзінага рэспубліканскага дня бяспекі сумесна з супрацоўнікамі Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях у нас прайшло выдатнае спартыўнае свята. У госці наведаліся сапраўдныя ратавальнікі, якія расказалі дзецям аб тым, якія правілы неабходна выконваць, каб пазбегнуць пажараў, і прадэманстравалі камплект баявога адзення пажарнага.

Сумесна з гасцямі дзеці адправіліся на наваселле да трох парасят. Хлопчыкі і дзяўчынкі прынеслі ў падарунак казачным персанажам розныя электрапрыборы і ў вершаванай форме расказалі аб правілах бяспечнага абыходжання з імі. Аднак парасяты слухалі няўважліва, бестурботна паставіліся да правіл бяспекі, і ў казачным доміку здарыўся пажар!

Потым свята праходзіла ў форме спартыўных эстафет. Каманды спаборнічалі ва ўменні аператыўна выклікаць пажарную службу ў выпадку неабходнасці — правільна набіраць нумар і называць свой адрас. Прадэманстравалі манеўраванне з дзіцячай пажарнай машынай праз перашкоды. Самымі відовішчнымі сталі эстафеты па тушэнні ўяўных пажараў. Выхаванцы змагаліся з “агнём” вадой, пяском і нават з дапамогай “вогнетушыцеляў”. У працэсе спартыўных спаборніцтваў давялося праявіць шпаркасць, спрыт, кемлівасць і нават выратаваць ад пажару сваіх маленькіх плюшавых сяброў.

Скончылася свята правядзеннем вучэбнай эвакуацыі. На тэрыторыю дашкольнай установы прыехалі тры пажарныя машыны. Пасля таго, як усе супрацоўнікі і выхавальнікі былі эвакуіраваны, пажарныя прадэманстравалі дзеянні ратавальнікаў у сітуацыі, калі ў будынку засталіся людзі. З другога паверха дзіцячага сада былі паспяхова выратаваны тры парасяці.

Мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным. На памяць супрацоўнікі МНС уручылі ўсім дзецям маляўнічыя памяткі па правілах бяспечных паводзін і паабяцалі яшчэ не раз прыняць удзел у сумесных мерапрыемствах.

Алена БУЛАЕВА,
загадчык ясляў-сада № 11 Наваполацка.