×

Вялікая любоў да Радзімы нараджаецца ў малым сэрцы

12.10.2019 11:57,

У свеце ёсць мясціны, дзе чалавек нарадзіўся і жыве, кавалачак зямлі, якую ён з любоўю называе сваёй малой радзімай. Для выхаванцаў ясляў-сада № 10 Віцебска гэта жывапісны мікрараён Руба, які ўтульна размясціўся на беразе Заходняй Дзвіны.

Мікрараён Руба… У тых, хто наведваў нашы мясціны, пры словах “мікрараён Руба” перад вачыма паўстаюць найчасцей ААТ “Даламіт”, найбуйнейшы ў Беларусі завод па вытворчасці даламіту, і размешчаны непадалёк Рубы музей-сядзіба мастака Ільі Рэпіна “Здраўнёва”. На педагагічнай нарадзе педагогі дзіцячага садка задаліся пытаннем: як зрабіць, каб нашы выхаванцы зразумелі, а галоўнае, адчулі, што малая радзіма — гэта не толькі тое, што знаходзіцца вакол цябе? Гэта тое, што жыве ўнутры цябе, у тваім сэрцы. Гэта любоў да месца, дзе ты зрабіў свае першыя крокі, сцежкі ў лесе, па якіх ты гуляў з матуляй і татам; людзі, якія жывуць з табой побач. Любіць малую радзіму — значыць, ведаць яе, ганарыцца ёй.

Разам мы вырашылі: работа ў гэтым кірунку павінна стаць больш сістэмнай і мэтанакіраванай. Быў распрацаваны план мерапрыемстваў у рамках Года малой радзімы, і праца пачалася. У выхаванні любові да малой радзімы вялікую ролю адыгрывае педагог. Менавіта ад яго асабістых адносін залежыць, якія пачуцці будуць зараджацца ў сэрцы маленькага чалавека. З мэтай тлумачэння ідэалогіі беларускай дзяржавы і асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагагічных работнікаў па пытаннях патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту быў арганізаваны і праведзены шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку адзіныя дні інфармавання “2018 год у Беларусі — Год малой радзімы” і “Вялікія справы Года малой радзімы: знакавыя падзеі”, семінар-практыкум “Выхаванне любові да малой радзімы: шляхі і сродкі”, кансультацыя “Выхаванне патрыятызму праз знаёмства з малой радзімай”.

Вялікую цікавасць у педагогаў выклікаў майстар-клас “Стварэнне лэпбука “Мая малая радзіма”, які быў арганізаваны выхавальніцай дашкольнай адукацыі Юліяй Валер’еўнай Пятрашка. Сумесная праца па вырабе лэпбука аб’яднала педагогаў, дазволіла атрымаць цікавыя звесткі пра мікрараён Руба, адчуць гордасць за малую радзіму, папоўніць дыдактычныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе з выхаванцамі. Значным мерапрыемствам стаў конкурс на стварэнне альбома, газеты пра мікрараён Руба. Конкурс быў накіраваны на заахвочванне педагагічных работнікаў, бацькоў да краязнаўчага пошуку, актывізацыю грамадзянскай пазіцыі, патрыятычнае выхаванне. Конкурсныя работы мелі наступную тэматычную накіраванасць: гісторыя малой радзімы, памятныя мясціны, прырода роднага краю, людзі працы. Творчы падыход педагогаў да конкурсу знайшоў адлюстраванне ў назвах работ. Напрыклад: “Даламітавыя Альпы Рэспублікі Беларусь”, “Прырода роднага краю, а мы — яго часцінка”, “Сем цудаў Рубы”. Напрацаваны матэрыял заняў дастойнае месца ў музеі дзіцячага садка, выкарыстоўваецца ў рабоце з выхаванцамі.

Не кожная ўстанова дашкольнай адукацыі можа ганарыцца такім сховішчам гісторыі і традыцый, як наш музей. Заснаваны ў 1989 годзе, ён з’яўляецца магутным сродкам патрыятычнага выхавання дзяцей. Заняткі, гульні, віктарыны, святы, забавы — мерапрыемсты, якія традыцыйна праходзяць у музеі. Яны не пакідаюць нікога абыякавым, таму што нацыянальны каларыт, сабраныя па драбнічках экспанаты, створаныя рукамі педагогаў і бацькоў вырабы ўплываюць на эмоцыі і пачуцці маленькіх грамадзян.

Не менш важны складнік патрыятычнага выхавання дзяцей — работа з бацькамі. Удзел у акцыі “Чысты мікрараён для дзяцей”, фотаконкурс “Родныя прасторы”, праект “Аб людзях працы мікрараёна Руба”, тэматычны вечар “Радзіма пачынаецца з сям’і”, прысвечаны Міжнароднаму дню сям’і, далучэнне бацькоў да папаўнення музея, краязнаўчых куткоў у групах, удзел бацькоў у фальклорных святах спрыялі павышэнню педагагічнай кампетэнцыі бацькоў і дазволілі стварыць умовы для фарміравання патрыятычных пачуццяў у дзяцей. Работа з выхаванцамі — шматгранны і працаёмкі працэс, які рэалізуецца ў розных відах дзіцячай дзейнасці праз выкарыстанне разнастайных метадаў і прыёмаў. Цікава і пазнавальна прайшоў “Дзень вялікай і малой радзімы”, накіраваны на далучэнне дзяцей да гісторыі і культуры беларускага народа праз розныя віды дзіцячай дзейнасці, пашырэнне ўяўленняў дзяцей пра малую ра­дзіму, выхаванне любові да роднай зямлі, які быў арганізаваны у межах канікул. З мэтай пашырэння кругагляду дзяцей, падтрымання цікавасці да ведаў і навукі выхаванцы дзіцячага садка ўключаны ў даследчую дзейнасць.

Цікавым атрымаўся даследчы праект выхаванкі старшай групы Ганны Сцяпанавай “Пра што распавядала таблічка”, якая, дзякуючы сваёй дапытлівасці, даведалася пра сваю славутую зямлячку былога дарэктара ААТ “Даламіт” Марыю Якаўлеўну Чуманіхіну. Дзяўчынка зацікавілася тым, чаму Марыі Якаўлеўне ўсталявалі мемарыяльную дошку, каля якой ляжаць жывыя кветкі. Разам з бацькамі яна збірала звесткі пра гэтую жанчыну. Цікава было паслухаць аповед Ганны — вынік яе карпатлівай, але такой важнай працы. “Марыі Якаўлеўне Чуманіхінай усталявалі мемарыяльную дошку, таму што яна рабіла добрыя справы: клапацілася пра сваіх сясцёр, дапамагала ім; добра працавала, кіравала заводам; дапамагала людзям; зрабіла прыгожым пасёлак Руба; любіла ўсміхацца людзям, размаўляць з імі, дарыць ім радасць; любіла жывёл і клапацілася пра іх. Калі я пайду ў школу, то стану юным экскурсаводам у музеі і буду ўсім расказваць пра Марыю Якаўлеўну”, — вырашыла юная даследчыца.

Усе педагогі дзіцячага садка адчулі гордасць, калі нашы выхаванцы напярэдадні Дня Незалежнасці і ў дні святкавання 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прынялі ўдзел у мітынгу, прысвечаным гэтым знамянальным датам. Юныя беларусы пранікнёна і кранальна падзякавалі героям, усклаўшы кветкі да манумента невядомага салдата. У вершах выказалі словы павагі людзям, якія далі ім магчымасць расці і жыць у суверэннай, моцнай, квітнеючай краіне. А колькі радасці ў іх было, калі ўбачылі сябе на экранах тэлевізара ў праграме “Контуры”, навінах на канале “СТБ”! Гордасць адчулі не толькі выхаванцы і педагогі, але і бацькі, таму што мы ўсе разам робім агульную справу — ствараем умовы для таго, каб вялікая любоў да Радзімы нараджалася ў малым сэрцы.

Святлана ТАРАРЫШКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 10 Віцебска.