Вясёлка талентаў

- 13:30ВИТЕБЩИНА, Регионы

Кожны чалавек па-свойму таленавіты. Але вельмі важна, каб яго талент быў максімальна раскрыты. Развіваць свае таленты трэба з дзяцінства, бо, як вядома, усё пачынаецца з малога, з невялікіх крокаў. Кожны павінен мець магчымасць паказаць свету тое, чым захапляецца, што падабаецца, што атрымліваецца, што натхняе – так мы ідзем да сваёй мары.

Сярэдняя школа № 8 Оршы мае шмат добрых традыцый. Адна з іх –фестываль дзіцячай творчасці “Вясёлка талентаў”, які ладзіцца штогод. Сёлета адбыўся юбілейны, дзясяты, фестываль. Кожны год ён запальвае новыя зорачкі, якія ярка ззяюць на небасхіле нашай школы, а навучэнцы, якія дэбютавалі на першым фестывалі, за гэты час паспелі дамагчыся вялікіх вынікаў і перамог у шмат якіх творчых конкурсах.

У гэтым годзе тэмамі фестывалю сталі “Салют, Перамога!”, прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, і “Свет наш – Зямля”, якая раскрывае прыгажосць нашай планеты, прыроды роднага краю, малой радзімы і радасць мірнага бесклапотнага дзяцінства.

Творчасць не мае межаў, і навучэнцы маглі паспрабаваць сябе ў розных кірунках: салісты-вакалісты і вакальныя групы, салісты-інструменталісты і ансамблі, а таксама ў харэаграфіі, выяўленчым мастацтве і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выразным чытанні твораў на памяць і паэтычнай творчасці.

Бясспрэчна, гэты фестываль стаў яркай падзеяй у жыцці нашай школьнай сям’і. Пацверджанне таму – вялікая колькасць гледачоў у зале. Тут сабраліся педагогі, сябры, аднакласнікі, бацькі, бабулі і дзядулі, браты і сёстры – тыя, хто заўсёды застаюцца самымі ўдзячнымі гледачамі і слухачамі.

“Вясёлка талентаў” для нас не проста фестываль. Вясёлка – гэта нашы дзеці: Вясёлыя, Яркія, Самастойныя, сонЕчныя, Лепшыя, Крэатыўныя, Артыстычныя і вельмі-вельмі таленавітыя.

Вольга ШКУРДЗЮК,
настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 8 г. Оршы

    

    

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий