×

Выхаванне прафесіяналаў

12.09.2019 11:54,

Актуальныя напрамкі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў 2019/2020 навучальным годзе абмеркавалі намеснікі дырэктараў па выхаваўчай (вучэбна-выхаваўчай) рабоце ўстаноў прафесійнай адукацыі паўночнага рэгіёна.

Сустрэча адбылася ў фармаце відэаканферэнцыі з удзелам начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы і начальніка аддзела прафесійнай адукацыі ўпраўлення Сяргея Каваленкі, кіраўнікоў і метадыстаў абласных сацыяльна-педагагічнага цэнтра і вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі, а таксама спецыялістаў галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА на пляцоўцы Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа.

У рамках відэаканферэнцыі прайшла інструктыўна-метадычная нарада, па выніках якой акрэслены і сістэматызаваны асноўныя задачы, мерапрыемствы, напрамкі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў бягучым навучальным годзе. Асаблівая ўвага ў абмеркаванні была скіравана на фарміраванне здаровага ладу жыцця, адказных і бяспечных паводзін, работу з творчай і таленавітай моладдзю, інфармацыйную культуру навучэнцаў, бяспечнае інфармацыйнае асяроддзе, прафілактыку супраць­праўных паводзін, абарону правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў, духоўна-маральнае, сямейнае і гендарнае, эканамічнае выхаванне дзяцей і экалагічнае выхаванне ў інтарэсах устойлівага развіцця, арганізацыю і правядзенне прафесійных субот, фарміраванне культуры побыту і адпачынку ва ўмовах інтэрнатнага пражывання, павышэнне эфектыўнасці дзейнасці сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Вячаслава БАРЫСЕНКІ.