×

Вывучаць беларускую мову і літаратуру — модна, сучасна, здорава!

11.02.2020 13:27,

Так адгукаюцца навучэнцы на праведзеныя вучэбныя заняткі па беларускай мове і літаратуры з выкарыстаннем рэкламы, тэленавін і іншых відаў медыя.

Да прысутнасці рэкламы на вучэбных занятках спачатку сама адносілася скептычна: якое дачыненне мае распаўсюджаная любым спосабам, у любой форме і з прымяненнем любых сродкаў, накіраваная на прыцягванне ўвагі і прасоўванне аб’екта рэкламы на рынку інфармацыя да адукацыйнага працэсу? Аднак, пазнаёміўшыся з беларускімі рэкламнымі ролікамі, зразумела, што іх прымяненне на ўроку магчыма.

Так, ролік сацыяльнай рэкламы беларускай мовы “Зараз ці ніколі!” можна выкарыстоўваць на арганізацыйна-матывацыйным этапе ўрока ў любым класе. Рэкламныя ролікі “Смак мовы”, “Мова пачынаецца з цябе”, “Голас зямлі беларускай”, “10 фактаў аб беларускай мове”, “Родная мова — тое, што нас яднае”, “Шэдэўр рэкламы беларускай мовы” і іншыя даюць шырокія магчымасці для работы — напрыклад, пры вывучэнні такіх тэм, як “Лексіка-граматычныя разрады назоўнікаў”, “Слова і яго лексічнае значэнне”, “Фразеалагізмы”, “Слоўнікі беларускай мовы”, “Правапіс у — ў”.

На вучэбных занятках па беларускай мове ў 6 класе пры вывучэнні тэмы “Корань слова. Аднакаранёвыя словы” прымяняю рэкламу квасу “Хатні”, у якой пад відэарад сялянскага жыцця гучыць тэкст:

— Эх, смаката!

— Смачненька!

— Як смачна!

Можна па-рознаму апісаць смак квасу “Хатні”. Але, чым казаць, лепш пасмакаваць! Квас “Хатні”. Смачна піць!

Навучэнцам даецца заданне: выпісаць аднакаранёвыя словы, вызначыць у іх корань. Шасцікласнікі ўспрымаюць заданне як гульню, выконваюць яго з цікавасцю, з лёгкасцю, таму што медыятэкст яркі, вобразны, запамінальны. Значыць, і камерцыйная рэклама можа вырашаць адукацыйныя задачы, важна толькі ўмець яе прымяніць.

Пры вывучэнні літаратуры эпохі Адраджэння ў 9 класе, гаворачы пра развіццё кнігадрукавання на Беларусі, прапаную прагляд фрагмента відэафільма, створанага Агенцтвам тэленавін, з серыі “Зямля беларуская. Спадчына зямлі аршанскай”, таму што сярод прадаўжальнікаў традыцый Францыска Скарыны значыцца і імя Спірыдона Собаля, які друкаваў свой “Буквар” на нашай Аршанскай зямлі. У час прагляду медыятэксту навучэнцы не толькі пазнаюць свае вулачкі, краявіды, уяўляюць атмасферу таго часу, створаную аўтарамі фільма, але і трапляюць на завочную экскурсію ў Куцеінскі манастыр, на свае вочы бачаць той самы “Буквар”, могуць дакрануцца да гісторыі свайго горада. А ў выніку яны асэнсоўваюць значэнне Куцеінскай друкарні на еўрапейскім узроўні, у навучэнцаў узрастае пачуццё гордасці за зямлю, на якой нарадзіліся.

Другі фрагмент гэтага ж відэафільма выкарыстоўваю пры вывучэнні жыцця і творчасці Янкі Купалы (Ляўкоўскі перыяд). Не толькі эфектна, а, галоўнае, эфектыўна дапамагаюць арганізаваць адукацыйны працэс і іншыя віды медыя, спіс якіх пашыраецца з кожным годам: радыё, тэлебачанне, друкаваная перыёдыка, плакаты, інфармацыйныя стэнды, музычныя запісы, білборды, лагатыпы на адзенні, SMS-паведамленні, постары і флаеры, вышымайкі, вышыбайкі, купюры нацыянальнай валюты, дошкі аб’яў, аб’явы, нават татуіроўкі, наклейкі на аўтамабілях, стужкі на антэнах аўтамабіляў. Упэўнена, што настаўнік-прадметнік зможа з карысцю прыстасаваць калі не кожны від медыя, то хаця б выбарачна а­дзін ці некалькі з іх пад свой прадмет, пад тэму вучэбных заняткаў у любым класе.

А творчы настаўнік можа скамбінаваць некалькі відаў медыя на адным уроку. Пры вывучэнні ў 9 класе паэмы “Тарас на Парнасе” спалучаю розныя віды медыя. Выконваючы індывідуальныя апераджальныя заданні, навучэнцы, дзякуючы медыяпаведамленням, высвятляюць, што гара Парнас, на іх здзіўленне, не прыдуманая, а рэальная, яна знаходзіцца ў Грэцыі. Пацвярджаем гэта фотаздымкамі і геаграфічнымі паведамленнямі.

Займаючыся пытаннем аўтарства, віртуальна даследуем і месцазнаходжанне скульптурных помнікаў у Гарадку. Візуальна ўявіць апісаныя ў творы падзеі дапамагае відэафрагмент спектакля “Тарас на Парнасе”, пастаўленага па сцэнарыі Сяргея Кавалёва Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача. Прадстаўлены відэасюжэт праграмы “Панарама” (тэлеканал “Беларусь 1”) выклікае ў дзевяцікласнікаў абурэнне (яны ўключаюцца ў бурнае абмеркаванне дэмантажу скульптуры). Другі відэасюжэт праграмы АНТ дэманструе вяртанне скульптуры ў Гарадок. Узнятая вакол помніка палеміка ў СМІ спрацоўвае на карысць нам, настаўнікам беларускай літаратуры, і, канечне ж, навучэнцам: яны добра запомняць, хто з’яўляецца аўтарам паэмы “Тарас на Парнасе”, дзе нарадзіўся Канстанцін Вераніцын, дзе знахо­дзіцца помнік. Выкарыстанне пералічаных медыятэкстаў на такіх вучэбных занятках дае магчымасць развіваць крытычнае мысленне, вучыць школьнікаў аргументацыі і фарміруе ўменне не толькі слухаць, але і чуць.

Такім чынам, медыяінфармацыя, хоць і з’яўляецца пазашкольнай, але, уключаная ў кантэкст урока, становіцца вучэбнай і інтэгруецца ў змест навучання і выхавання.

Алена САЎЧАНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 17 Оршы, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.