×

WorldSkills — шлях да поспеху

17.06.2019 15:37,

Пераможцаў рэгіянальнага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus узнагародзілі ў Віцебску.

Абласны этап спаборніцтва па чатырох кампетэнцыях увайшоў у праграму VIII Міжнароднага эканамічнага форуму “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы” і праводзіўся ў Летнім амфітэатры. На працягу двух дзён пляцоўкі WorldSkills наведалі сотні жыхароў і гасцей горада. Урачыстая цырымонія ўшанавання самых майстравітых і ўмелых адбылася ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы.

Яго навучэнцы — Яўген Варахобка і Раман Каровікаў — прызнаны лепшымі ў кампетэнцыях “Цагляны мур” і “Абліцоўка пліткай” адпаведна. У “Цырульным майстэрстве” перамагла Дар’я Даброўкіна (Індустрыяльна-педагагічны каледж ВДТУ). Сярод тых, хто спаборнічаў па “Тэхналогіі моды”, 1-е месца заваявала Вольга Дадэка (Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж). Сур’ёзнымі канкурэнтамі лідарам сталі прадстаўнікі Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага, Аршанскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага, Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага, Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжаў і Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці: навучэнцы гэтых устаноў адукацыі па выніках конкурсу склалі прызавыя тройкі, прычым у шэрагу выпадкаў — па некалькіх кампетэнцыях.

Дыпломы і падарункі пераможцам і прызёрам уручылі кіраўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, абласнога цэнтра маркетынгу, абласнога саюза наймальнікаў і прадстаўнікі арганізацый-спонсараў. Лепшыя творчыя калектывы ўстаноў адукацыі падарылі ўсім прысутным выдатны святочны канцэрт.

Таццяна БОНДАРАВА.