×

Яркі старт

12.09.2019 11:58,

Больш за дзве тысячы юных віцяблян аб’ядналі дні адкрытых дзвярэй, што праводзіліся ў рамках Рэспубліканскага тыдня дадатковай адукацыі ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.

Cправу даспадобы мела магчы­масць выб­раць кожнае дзіця. Штодня тут працавалі тэматычныя інтэрактыўныя гульнявыя пляцоўкі, адбываліся прэзентацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах і канцэрты творчых калектываў, право­дзіліся майстар-класы, экскурсіі, конкурсы, танцавальна-забаўляльныя праграмы і паказальныя выступленні навучэнцаў гурткоў. У рамках тыдня стартаваў прымеркаваны да Года малой ра­дзімы Абласны інтэрнэт-фестываль “Адукацыя. Творчасць. Развіццё” — адкрытая пляцоўка для дэманстрацыі дасягненняў і поспехаў навучэнцаў і педагогаў, абмеркавання і распаўсюджвання новых фарматаў дадатковай адукацыі, эфектыўнага вопыту і педагагічных інавацый. Завяршыла сямідзённы марафон вялікае свята “Пры­ходзьце ў госці да нас!”. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Лепшыя навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах атрымалі сертыфікаты аб занясенні на Дошку гонару абласнога Палаца дзяцей і моладзі.

— Мы бачым вялікую цікавасць да нашых аб’яднанняў, прычым яна расце, што пацвяр­джае і сённяшняе мерапрыемства, — адзначыў дырэктар ВАПДіМ Дзмітрый Андрэеў. — Да такога выніку мы рухаліся планамерна: умацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу і вучэбна-метадычнае суправаджэнне, укаранілі новыя адукацыйныя мадэлі і праграмы. Думаю, усё разам прынесла свой плён. Дарэчы, сёлета мы ўпершыню прапанавалі запісацца ў нашы аб’яднанні ў рэжыме анлайн, чым скарысталася каля пяцісот чалавек. Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўносяць значны ўклад у развіццё адукацыі вобласці. Яны даюць магчымасць навучэнцам займацца творчасцю, турыстычна-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасцю, спортам і даследчай работай, актыўна ўдзельнічаць у развіцці рэгіянальнай маладзёжнай палітыкі. За мінулы год лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў сталі дзесяць навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі, сярод якіх дзевяць — абласнога Палаца дзяцей і моладзі. Спадзяюся, наступны год будзе такім жа творчым і выніковым.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.