×

Ёсць твой узор у стужцы часу: галасы Полаччыны

26.11.2019 14:27,

Каб даць уяўленне аб маштабным працэсе, які ажыццяўляецца на адукацыйнай прасторы, нават самага яркага адзінкавага эпізоду недастаткова. Тым больш, калі размова ідзе аб пэўных выніках, а ў іх сукупнасці — аб унікальнай з’яве і каштоўным вопыце, вартым вывучэння і, магчыма, далейшага распаўсюджвання. У папярэдняй публікацыі мы расказалі аб прымеркаваным да Года малой радзімы полацкім праекце “Стужка часу” на прыкладзе гістарычнай рэканструкцыі па тэме “Таццяна Марыненка і дзейнасць партызанскай брыгады “Няўлоўныя”, створанай калектывам сярэдняй школы № 8 Полацка і ўдастоенай дыплома І ступені Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”.

Сёння працягваем знаёмства з работай раённай эксперыментальна­пошукавай лабараторыі па вывучэнні, зборы матэрыялаў і рэканструкцыі гістарычных падзей, філіяламі якой сталі ўстановы адукацыі Полаччыны.

“Гэты горад называецца Полацкам”

Год назад наўрад ці многім прадстаўнікам маладога пакалення палачан (ды і старэйшага ў пераважнай большасці, за выключэннем аматараў аўтарскай песні) быў вядомы гэты радок Юрыя Візбара. Сёння шчырая і бязлітасна­праўдзівая песня аб мужнасці, вернасці Радзіме і вялікім подзвігу ў імя Перамогі набыла ў маладзёжным асяроддзі другое жыццё. Менавіта візбараўскі “Кошт жыцця” ўзялі за аснову прэзентацыі аўтары гістарычнай рэканструкцыі па тэме “Подзвіг 23 гвардзейцаў” з сярэдняй школы № 14 Полацка. Гаворачы аб праекце, малады ды­рэктар установы адукацыі Аксана Грыб (працуе на пасадзе паўтара года. — Заўв. аўт.) некалькі разоў паўтарае: “Мне пашанцавала…”. Са школай, якая мае цікавую гісторыю і адметныя традыцыі. З калектывам, які чуйна адгукаецца на новыя ідэі. З бацькамі, якія з’яўляюцца надзейнай групай падтрымкі. З кіраўніцтвам і калегамі, якія гэтак жа крэатывяць, прапануюць праекты, дзе навучэнцы і педагогі мо­гуць сябе рэалізаваць. Нарэшце, з тэмай у “Стужцы часу”.


Фрагмент рэканструкцыі: у вобразах полацкіх гімназістаў дарэвалюцыйнага перыяду – навучэнцы гімназіі № 2

— Галоўны наш прынцып: калі ўзяўся за справу, рабі яе не проста так, а якасна і на дастойным узроўні, — адзначае Аксана Мікалаеўна. — Асабіста мяне і наш калектыў з самага пачатку прывабіла гісторыя 23 гвардзейцаў­грыгор’еўцаў. Гэта нам усім вельмі блізка, Полацк памятае і шануе сваіх вызваліцеляў. Асабліва важна перадаць памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны моладзі. Прак­тыка паказвае, што рэканструкцыя ў дадзеным выпадку — эфектыўная форма. Школьнікі даследуюць, шукаюць інфармацыю і спосабы найлепшым чынам яе падаць, рэканструююць падзеі – і ў думках ставяць сябе на  месца маладых воінаў, з якімі яны амаль равеснікі. Памяць аб перажытым у падобныя імгненні намнога мацнейшая, чым ад прачытанага параграфа з падручніка ці ад пачутага ад настаўніка і падчас экскурсіі. Больш за тое, навучэнцы, апранаючы ваенную форму і ведаючы, чыя гэта форма, на вачах пераўвасабляюцца. Такое ўражанне, што іх пранізвае штосьці нябачнае, эфект — як у фільме “Назад у будучыню”. Прызнацца, перад прэм’ерай рэканструкцыі ў школе, для старшакласнікаў і калектыву, у мяне было хваляванне: як адрэагуе моладзь, ці не звядзецца выступленне да відовішчнага шоу? У канцы той пастаноўкі, калі артысты на сцэне застываюць нерухома і група паўтарае скульптурную кампазіцыю помніка 23 гвардзейцам, мы разам з дзецьмі ўжо не сядзелі, а стаялі, і амаль у кожнага на вачах блішчалі слёзы. Літаральна пасля першых выступленняў некаторыя нашы навучэнцы пачалі мяняць аватаркі ў сацыяльных сетках на свае фота ў ваеннай форме. Думаю, каментарыі тут залішнія. 

Штабам ініцыятыўнай групы педагогаў і вучняў і цэнтрам даследчай дзейнасці стаў школьны гістарычна­пат­рыятычны клуб “Памяці дастойны” на чале з настаўнікам­энтузіястам Паўлам Сафронавым, арганізаваны ў студзені мінулага года ў ходзе ажыццяўлення праекта. Даволі паспяхова праяўляюць сябе і школьныя аб’яднанні па інтарэ­сах, удзельнікі якіх раскрываюць свае асабістыя здольнасці і ўменні. Так, у творчую работу ўключыўся не толькі школьны факультатыў музычнай накіраванасці, але і педагогі. Душой і голасам праекта можна назваць намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыну Грыбаву, якая цудоўна спявае. На цяперашні час у яе з’явіліся таленавітыя дублёры з ліку навучэнцаў, але песню Наргіз “Вярніце памяць” (ёй завяршаецца прэзентацыя. — Заўв. аўт.) у выкананні Марыны Веніямінаўны палачане па праве лі­чаць эталонам. Акрамя гістарычнай інфармацыі, рэканструктары­пачаткоўцы шукалі адпаведны рэквізіт. Збіралі яго па драбніцах: напрыклад, да пошуку ваеннай формы старога ўзору масава далучыліся бацькі, сваякі, знаёмыя... Істотны ўклад у агульную справу зрабілі калегі і сацыяльныя партнёры школы. З афармленнем і пастаноўкай вельмі дапамаглі сябры з Народнага музея імя Д.В.Цябута Ветрынскай сярэдняй школы Полацкага раёна, з заслужанага аматарскага калектыву — полацкага народнага тэатра “Пілігрым” і народнага тэатра гістарычнага касцюма “Полацкі звяз”. 

 “Стужка часу” ў кожнай школе разгортваецца па­свойму. Як патлумачыла дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Страленка, з прапанаванага прыкладнага пераліку тэм установы адукацыі выбралі тое, што ім бліжэй па напрамку дзейнасці. Тры з іх вырашылі рэканструяваць падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны (два праекты вядомыя чытачу, у трэцім намаганнямі калектыву базавай школы № 3 Полацка знайшла ўвасабленне тэма подзвігу Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай­Марчанка). У год вызвалення Беларусі ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў гэтыя тры школы сталі першымі, хто апрабаваў свой напрамак у дзеянні, пачынаючы з 23 лютага. Наступныя выступленні былі прымеркаваны да знамянальных гістарычных дат або значных мерапрыемстваў — ад гарадскіх да рэспубліканскіх і міжнародных, сярод якіх 9 Мая, 3 ліпеня, “Скарынаўскія дні” ў Полацку, Дзень горада, святкаванне 60­годдзя кургана Сяброўства на памежжы Беларусі, Расіі і Латвіі. Выступленні таксама ладзіліся падчас інтэрактыўных экскурсій па Полацку для прадстаўнікоў Еўрасаюза, блізкага і далёкага замежжа, у рамках інклюзіўных праектаў і раённых патрыятычных акцый.

Дыялог праз стагоддзі

Для Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 выбар быў відавочны: Францыск Скарына! Як расказала настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Кулінок, у праекце педагогі і гімназісты імкнуліся паказаць жыхара Полаччыны, які дасягнуў пэўных вышынь дзякуючы сваёй працавітасці і вялікім ведам, звярнуць увагу на тое, што гэта быў за чалавек, прасачыць, як праходзіла яго дзяцінства, станаўленне асобы. Сабраную інфармацыю сістэматызавалі, зрабілі бук­леты, напісалі сцэнарый.


Аб праекце полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2 у рамках "Стужкі часу" расказваюць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жанна Лапарэвіч бібліятэкар кіраўнік тэатра кнігі Маргарыта Катовіч.

— Здавалася б, пра першадрукара столькі сказана, тэма вывучана, дзеці шмат ведаюць, ледзь не штодня чу­юць пра Скарыну, — адзначае настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Вайцяховіч. — Аднак на этапе даследавання не толькі дзеці, але і мы, палачане і настаўнікі гімназіі імя Ф.Скарыны, нечакана знаходзілі штосьці новае для сябе. Можна было проста паказаць агульнавядомую біяграфію знакамітага земляка, аднак сучасніку гэта адназначна нецікава. А мастацкае ўвасабленне патрабуе дадумвання ідэі, у праект непасрэдна ўключаюцца гледачы. У нас ёсць цудоўны самадзейны творчы калектыў “Забава”, мы яго таксама задзейнічалі. У выніку нарадзілася вершаваная інсталяцыя на беларускай мове, дзе харэаграфічныя замалёўкі мяжуюць з элементамі тэатральнай пастаноўкі.

Супрацоўніцтва ішло на розных узроставых узроўнях, малодшыя вучыліся ў старэйшых. Паступова сфарміравалася моцная творчая група, нацэленая на новыя праекты. Характэрна, што ў канцы прэзентацыі гучыць гімн Полацка ў выкананні дзяцей. Па словах настаўніцы геаграфіі Алены Дзедушковай (яна была адказнай за падбор і пашыў адзення), стварыць зручныя для дзяцей мадэлі, адначасова стылізаваныя пад тыя, што мы бачым на скарынаўскіх гравюрах, з улікам сацыяльнага статусу кожнага персанажа, было неверагодна цікава і складана. Па задуме, спатрэбілася ні многа ні мала — 30 касцюмаў! Шчыравалі разам, на дапамогу дзецям прыйшлі бацькі, педагогі далучылі да работы сваіх родных і знаёмых. Тая ж гісторыя і з дэкарацыямі. 

— Калектыўная справа захапіла ўсю школу, — падсумоўвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вераніка Скап’юк. — У прэзентацыйнай частцы ў нас не толькі інсталяцыя і тэатралізацыя: пасля пастаноўкі прадугледжаны інтэрактыўныя пляцоўкі з ды­ферэнцыраванымі ў залежнасці ад глядацкай аўдыторыі заданнямі, віктарыны, конкурсы, гульні — іх распрацоўвалі пераважна старшакласнікі. Па часе пастаноўка даволі працяглая, але можа скарачацца да 20—25 мінут. Гэта гісторыя Скарыны, горада, гімназіі, якая носіць яго імя. Па сутнасці, на выхадзе мы маем яркую візітоўку нашай установы адукацыі. 


Фрагмент рэканструкцыі па тэме "Подзвіг 23 гвардзейцаў" (сярэдняя школа № 14 Полацка).

— А мы звярнуліся да тэмы “Жаночыя і мужчынскія гімназіі ў Полацку ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”, — далучаецца да размовы яе калега з Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2 Жанна Лапарэвіч. — У ініцыятыўную групу ўвайшлі настаўнікі гісторыі, музыкі, харэаграфіі і рытмікі, я як арганізатар і наш бібліятэкар і кіраўнік тэатра кнігі Маргарыта Катовіч. Запрасілі да справы гімназістаў — жадаючых было многа, давялося арганізаваць, як гэта назвала моладзь, кастынг. Падзялілі ўдзельнікаў на падгрупы па напрамках дзейнасці: хтосьці вывучаў музейныя матэрыялы, хтосьці даследаваў літаратурныя крыніцы, пераглядаў кінафільмы і фотаздымкі, іншыя заняліся харэаграфічным і вакальным афармленнем. Як выглядалі дарэвалюцыйныя гімназісты, як паступалі ў гімназіі, якія прадметы вывучалі, чым займаліся ў вольны час, што іх цікавіла і хвалявала? Удалося знайсці многае, пачынаючы ад табеляў і журналаў таго часу да мастацкіх кніг. Вельмі ўразіў грамадзянска­патрыятычны кампанент выхаваўчай работы ў былых гімназіях. Яскравы прыклад: задакументаваныя радкі, а ў іх адказы дзяўчат на пытанне, чым яны збіраюцца займацца ў будучыні. І галоўнае ў іх адказах — дапамагаць бедным, служыць народу.

Наконт фармату прэзентацыі ў другой гімназіі спачатку спрачаліся: папулярны ў моладзі квест ці літаратурна­музычная кампазіцыя з элементамі харэаграфіі? Як вынік, аб’ядналі абодва фарматы, пачалі з мінулага і завяршылі сённяшнім днём гімназістаў. З мінулага мы ўзялі адданасць Радзіме, гімназічнае сяброўства, творчасць, жаданне добра вучыцца. Сцэнарый настаўніца беларускай мовы Валянціна Рыбачок пераклала на вершы. Наконт харэаграфіі таксама былі розныя меркаванні, таму што дзяўчаты з хлопцамі раней вучыліся паасобку. Але рэканструктары вырашылі: рамантыцы быць, таму развучылі мазурку. Вакол формы вучняў разгарнулася цэлая эпапея: ад распрацоўкі мадэляў да пошуку матэрыялаў і пашыву. Абмеркаванні ішлі і на бацькоўскіх чатах у вайберы: “Таты, мамы, хто можа, тэрмінова неабходна дапамога!”. І бацькі адгукаліся, дапамагалі, спрачаліся, як лепш — ім таксама стала гэта цікава! Прэзентацыя атрымалася шыкоўная, а галоўнае — работа не спынілася. Так, ідзе гаворка аб стварэнні як мінімум стэндавай экспазіцыі або музейнага кутка, творчая група ўдасканальвае пастаноўку, даследчыкі шукаюць новыя дакументы і кантакты з роднымі і знаёмымі дарэвалюцыйных гімназістаў, людзьмі, у якіх яны былі настаўнікамі…

— Галоўная мэта падобных праектаў — не столькі кульмінацыйны момант, творчыя прэзентацыі вынікаў, колькі сам працэс работы над тэмай, — падкрэсліла начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Важна абудзіць у моладзі непадробную цікавасць да гісторыі. Асвойваючы матэрыял па выбранай тэме, дзеці вучацца асэнсоўваць каштоўнасць нацыянальнай гістарычна­культурнай спадчыны, праблемы грамадскага развіцця, разумець сувязь часоў, знахо­дзіць выйсце са складаных жыццёвых сітуацый. Іншымі словамі, мы актывізуем магутны выхаваўчы рэсурс. Перад тым як стварыць рэканструкцыю, навучэнцы наведваюць музеі, аналізуюць мноства першакрыніц, фотаматэрыялаў і друкаваных выданняў — так фарміруюцца іх даследчыя кампетэнцыі. Калектыўныя творчыя справы аб’ядноўваюць педагогаў і іх вучняў, дапамагаюць выявіць новых лідараў і новыя таленты. Нельга не адзначыць і такі момант, як узае­мадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі і бацькамі, якія таксама дзякуючы “Стужцы часу” развіваюцца. Абмяркоўваем некалькі перспектыўных варыянтаў у напрамку міжнароднага супрацоўніцтва. Фактычна праект выходзіць за межы школ і гімназій (якія застаюцца арганізацыйнымі цэнтрамі) і паступова набывае сацыяльна­адукацыйны характар.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.