×

Ёсць твой узор у стужцы часу: слова ўдзельнікам

14.12.2019 12:07,

У межах праекта “Стужка часу” нам дасталася тэма “Музычнае водгулле сярэдневякоўя”. І першае ўражанне — шок. Якое сярэдневякоўе?!

Неабходны былі гістарычна дакладныя касцюмы гараджан, музыкантаў, музычныя інструменты... Прычым не проста той далёкай эпохі, а канкрэтнай мясцовасці на тэрыторыі Полаччыны. Першую нітачку сувязі з мінулым дапамагла нам адшукаць кансультант — настаўніца гісторыі нашай школы, якая наладзіла кантакт з народным тэатрам гістарычнага касцюма “Полацкі звяз” Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адтуль у нас з’явіліся гістарычна вывераныя эскізы і фатаграфіі. Удалося знайсці нават выкрайкі касцюмаў гараджан і музыкантаў. З гэтай нітачкі мы і пачалі раскручваць сярэдневяковы клубок Полаччыны. Як аказалася, матэрыялаў пра гэтую эпоху ў Беларусі дастаткова. Хто шукае — той заўсёды знойдзе. Падчас падрыхтоўкі праекта мы дэталёва вывучалі кожную дробязь, якую збіраліся выкарыстоўваць. А наш уважлівы кансультант сваім прафесійным поглядам ацэньвала, папраўляла, пацвярджала або абвяргала гістарычную адпаведнасць.

Дружна вырашылі, што ў нас будзе клуб гістарычнай рэканструкцыі, і далі старт калектыўнай творчай справе. Памятаеце знакаміты Загад № 1? Загад у школе выклікаў усеагульны рух і змяненні, толькі ў нас ён быў з дзвюма ­адзінкамі — № 11. Пачынала некалькі чалавек з ініцыятыўнай групы, да іх далучыліся ўсе класныя кіраўнікі, далей — увесь педагагічны склад, за настаўнікамі — фактычна ўсе дзеці, на дапамогу ім — бацькі, знаёмыя баць­коў і настаўнікаў...

Добра дапамагло музычнае аддзяленне школы. Нашы музыканты — рэдкія прафесіяналы, якія маюць спецыяльную адукацыю і велізарны вопыт. Педагогі распрацавалі і правялі цыкл заняткаў на тэму “Музычнае сярэдневякоўе”: на кожным уроку раскрывалася пэўная тэма, якая тычыцца сярэдневякоўя і музычнай культуры таго часу. Разбіралі тэорыю, потым у рамках шостага школьнага дня і часткова на ўроках працы перахо­дзілі да практыкі. Калі можна памацаць тэорыю рукамі, праспяваць, сыграць ці станцаваць, зрабіць нешта самому — зусім іншае ўспрыманне атрымліваецца.

Па суботах адзін з педагогаў разам з навучэнцамі рыхтаваў мерапрыемства з маленькім кавалачкам гістарычнай рэканструкцыі. Дзеці даведаліся, што за інструмент дудачка, а на чарговых занятках творчых майстэрань настаўнік нечакана прапанаваў зрабіць дудачку ўласнаручна, а потым — павучыцца на ёй іграць… Пасля на паказе які­небудзь скептык падыходзіць, прыглядаецца да інструмента, пытаецца паблажліва: “У вас муляж, канечне?” А мы яму: “Які муляж?! Мы на ім іграем! Хочаце — і вас навучым”.

Сам сцэнарый нараджаўся пакутліва цяжка. Хацелася яскрава раскрыць тэму і данесці яе да гледачоў незвычайным спосабам. Музыканты сярэдневякоўя або месціліся пры дварах, палацах, замках арыстакратаў, або гэта былі вандроўныя музыканты, або ўсе сустракаліся на кірмашы. Як вядома, тут адбываліся многія значныя падзеі тагачаснага жыцця. Тут было месца не толькі гандлю, яшчэ і музыканты, артысты выступалі на кірмашах. Мы павінны былі спалучыць тэатральнасць, музычнасць, інтэрактыўнасць падачы матэрыялу. І гэта ўсё — у рамках вулічнага паказу.

Умоўна кажучы, мы — вуліца, і міма нас праходзіць глядач... Як прыцягнуць яго ўвагу, зацікавіць, заінтрыгаваць, здзівіць і ўцягнуць у наша дзейства? Патрэбна была неардынарная падача. Зноў пошук. У выніку мы спыніліся на тэатры мініяцюр, вулічным тэатры. У якасці галоўнага героя быў неабходны адметны беларускі фальклорны персанаж — вясёлы, гарэзлівы, які спалучае ў сабе ўвесь спектр нацыянальных рыс характару, у ліку якіх гумар і кемлівасць. Без варыянтаў, гэта Несцерка! Яго па­майстэрску ўвасобіў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. Менавіта Несцерка з’яўляецца ў нашай пастаноўцы злучальным звяном паміж кірмашом і музычнымі нумарамі — праз інтэрактыў з гледачамі. Несцерка запрашае ўсіх жадаючых пагуляць у розныя гульні, паказвае кірмашовыя вырабы і інструменты.

Тым часам сцэнарый гатовы. Пошук артыстаў цяжкасцей не выклікаў. Нашы творчыя, фантастычна таленавітыя і неверагодна працавітыя настаўнікі пачатковых класаў, замежнай мовы, матэматыкі, працоўнага навучання, настаўнікі­славеснікі, педагог­дэфектолаг, выхавальнікі групы прадоўжанага дня — усе дванаццаць чалавек рваліся ў бой. Мы разумелі, што дэкарацый будзе мінімум, што мы павінны быць мабільнымі, каб пры неабходнасці хутка сабрацца і перамясціцца ў любую частку горада. Карацей кажучы, мы павінны быць гатовы да любога павароту падзей, мець магчымасць падстроіцца пад любую сітуацыю.

Далей ішлі працяглыя рэпетыцыі зімовымі вечарамі пад музыку ў выкананні беларускага ансамбля “Стары Ольса”, праводзіліся каардынацыйныя нарады. Мы спрачаліся, смяяліся, шукалі сябе кожны ў сваёй ролі. Нам вельмі пашанцавала з настаўніцай англійскай мовы: як яна спявае сярэдневяковы кант без слоў, здаецца, прафесійны музыкант выконвае! Дзеці з калектываў нашай школы “Калатушкі” і “Аквамарын” рэпеціравалі нароўні з дарос­лымі... Работа кіпела.

Мы не толькі выраб­лялі некаторыя ўзоры музычных інструментаў той далёкай эпохі (гледачы вельмі цікавіліся гісторыяй іх узнікнення), развучвалі сярэдневяковыя мелодыі, танцы, але і дабаўлялі ў пастаноўку свае, спецыяльна прыдуманыя музычныя інструменты. Адшываліся касцюмы, якія цалкам адпавядалі полацкай сярэдневяковай мо­дзе: ад фактуры тканіны, колеравай гамы, упрыгажэнняў — да найменшага шыўка і шнуроўкі, манетак з фольгі і вышыўкі на паясных торбачках. Па форме і колеравым рашэнні ўсё цалкам адпавядала эпосе сярэдневякоўя.

Для афармлення дэкарацый нам спатрэбіліся абрусы — а ці існавалі яны ў сярэдневякоўі і ў якім выглядзе? Якую агародніну вырошчвалі нашы продкі? Спачатку мы збіраліся, як на кірмашы ХІХ стагоддзя, для каларыту пакласці некалькі гарбузоў. Аказваецца, гэтага нельга рабіць: у тыя часы яшчэ не ведалі гарбузоў. А як плялі лапці? Мы даведаліся, што ўжо тады была распаўсюджана падэшва. Пры вывучэнні гістарычна­тэатральных касцюмаў знайшлі арыгінальны варыянт пашыву абутку — і ўслед за музычнай, швейнай, дэкаратыўна­прыкладной запрацавала абутковая майстэрня.

Якія галаўныя ўборы былі ў дзяўчат і ці насілі іх увогуле? Якія былі кошыкі? Мы папрасілі дзяцей, бацькоў паглядзець на гарышчах і ў шафах, што ў каго ёсць для пастаноўкі. З намі дзяліліся глінянымі вырабамі, старымі, патрапанымі часам кошыкамі, ручнікамі, прыносілі старыя прасы, маслабойкі. На просьбу аб зборы рэквізіту дружна адгукнуўся кожны клас. Зрабілі муляжы: гусей у кошыках і немаўля. Пра дзіцячы сад у сярэдневякоўі размовы не было — жанчыны, ідучы на кірмаш, бралі дзяцей з сабой. Гледачы, асабліва школьнікі, часта прасілі: “Дайце патрымаць!”

Музыка, афармленне гатовы. Паколькі ў нас інтэрактыў, мы вырашылі, што пара і да гульняў пераходзіць. Для кірмашовай публікі гульнявы кампанент быў вельмі важны. Шукалі інфармацыю пра старажытныя гульні — і неўзабаве пачалі рыхтаваць неабходны інвентар, вучыліся гуляць самі і вучылі сяброў. Асвоілі традыцыйныя сярэдневяковыя перацягванне ліна і лыжы, “Сакалінае вока” і “Саламяны штурм”. Як не захапіцца?!

Дзякуй вялікі ўсім удзельнікам, і асобная ўдзячнасць адміністрацыі, асабіста дырэктару школы Людміле Гавяза, якая падтрымлівала і натхняла нас на ўсіх этапах рэалізацыі праекта. Можна з упэўненасцю сказаць, што ў пастаноўцы была задзейнічана ўся школа, гэта была калектыўная справа.

Так утварылася наша творчая група настаўнікаў “Куфэрак”, у які мы склалі ўвесь свой рэквізіт, касцюмы, маскі і вобразы нашых герояў, сярэдневяковую музыку Беларусі, сярэдневяковыя гульні, добры настрой і абавязкова нашу родную мову. У нас усё атрымалася, бо мы яркія, нечаканыя і запамінальныя. На нашай пляцоўцы падчас прэзентацый заўсёды вельмі шумна і святочна.

За час работы ў праекце мы мелі магчымасць пагутарыць з гасцямі з Японіі, і нашы сярэдневяковыя сувеніры з часцінкай беларускай душы паляцелі ў далёкую ўсходнюю краіну. Мелі зносіны з дэлегацыямі з Латвіі, Расіі, з гледачамі з іншых гарадоў Беларусі, выступалі на абласных “Дажынках” у Браславе… Але самае галоўнае, што мы не падвялі, не расчаравалі дзяцей нашай школы, якія прынялі актыўны ўдзел ва ўсіх этапах падрыхтоўкі праекта. Найлепшы вынік — іх радасць, смех, новыя веды і ўменні, захапленне творчасцю і гордасць за школу. Напэўна, гэта якраз тое, дзеля чаго “Куфэрак” так многа і старанна шчыраваў.

Тым часам праект працягвае жыць, а наш “Куфэрак” — высту­паць і радаваць гледачоў сваёй працай і творчасцю. У нас шмат планаў, некаторыя ўжо ў распрацоўцы. Калі хочаце здзівіцца, пашырыць свой кругагляд і акунуцца ў музычную атмасферу сярэдневякоўя — да сус­трэчы ў Полацку! Мы вас чакаем!

Ала СКУМАТАВА,
настаўніца сярэдняй школы № 6 Полацка, кіраўнік творчай групы настаўнікаў “Куфэрак”.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.